«A1 Telekom Austria Group» не атрымлівала афіцыйных прэтэнзіяў ад уладаў Беларусі


Пасля арышту прэс-сакратара «А1 Беларусь» Мікалая Брэдзелева праўладныя прапагандысты раскрытыкавалі кампанію і амбасадара Аўстрыі ў Менску.

Набліжаныя да рэжыму Telegram-каналы апублікавалі ў пятніцу «пакаяннае відэа», у якім Брэдзелеў не толькі абвінаваціў сябе ў перадачы інфармацыі апазіцыйнаму блогеру, але і заявіў, што збіраў для расследавання абсалютна нерэлевантную інфармацыю аб вельмі прыватнай сферы жыцця.

«У цяперашні час нам не вядома аб якіх-небудзь працэсах, нават супраць «A1 Беларусь», таму мы ведаем аб гэтых абвінавачваннях толькі з неафіцыйных каналаў», – сказаў у нядзелю ў Вене прадстаўнік «A1 Telekom Austria Group», паведамляе аўстрыйскі тэлеканал «PULS 24».

Паводле «A1 Telekom Austria Group», доступ да звестак кліентаў – строга рэгламентаваны і рэгіструецца індывідуальна. Брэдзелеў не меў да іх тэхнічнага доступу. Тым не менш распачатая пашыраная ўнутраная праверка справы.

«Беларускія ўлады, з якімі мы кантактуем, пакуль не змаглі даць ніякіх звестак аб тыпе і маштабе выцеку. Улады не ініцыявалі перагляду сістэмаў і працэсаў «A1 Belarus», – падкрэсліў прадстаўнік мацярынскай кампаніі ў Аўстрыі.

У «A1 Telekom Austria Group» рашуча асудзілі ўварванне ў асабістае жыццё прэс-сакратара «A1 Беларусь» Мікалая Брэдзелева, затрыманага 10 снежня ў Беларусі.

«Мы скарыстаемся ўсімі даступнымі юрыдычнымі і дыпламатычнымі спосабамі для падтрымання і абароны сваіх працаўнікоў», – заявілі ў «A1 Telekom Austria Group».

Абноўлена
Затрыманы прэс-сакратар кампаніі «А1» Мікалай Брэдзелеў
2021.12.10 18:01

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў