«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага


27-гадовы гарадзенец Сяргей Богдан некалькі месяцаў таму вярнуўся з вайны ва Украіне. Жывы і, хацелася б напісаць, здаровы. Але гэта не так. Ды і слова «вярнуўся» ў размове з журналістамі «Белсату» не ўжывае. Кажа, што ён там. У палку імя Каліноўскага меў пазыўны Чарлі. Просіць так яго і называць. Хоць у цэнтры Варшавы нічога пра вайну не нагадвае…

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі).
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ну як гэта, нічога. Глядзіце, аўта з украінскімі нумарамі. Мікалаеўскі рэгіён. У Мікалаеве мы паўтара месяца прабылі. Прыехалі – вады не было. Трэба было хадзіць набіраць у ліман, цягнуць у распалагу, каб банальна схадзіць у прыбіральню ці памыцца. Бярэш пляшку пяцілітровую – і пайшоў…» – распавядае Чарлі.

Трохлітровы слоік сала

На сустрэчу з намі прыйшоў у вайсковай уніформе. Каржакаваты, рудабароды, пад палямі панамы – уважлівыя зялёныя вочы (сцвярджае, што ў некаторых выпадках робяцца блакітнымі), на нагах берцы. Калі пачынае гаварыць пра полк і вайну, голас набірае моцы і ўжо не слабне. На Чарлі звяртаюць увагу жанчыны і паліцыянты.

«Уяві сабе: нам прыслалі 18 пакетаў панцаку. Страшэнны капец! І тры мяхі хлебу счарсцвелага, хоць цвікі забівай, з плесняй. Нас зээсушнікі быццам бы мусілі памяняць, але калі прыйшлі, то аказалася, што ў якасці падмацавання. І няшмат іх было. Але яны нам трохлітровы слоік сала падагналі.

Проста ўлёт! Я так не радаваўся нават на Новы год, калі мне бацькі пад ялінку падарункі клалі», – расказвае былы ваяр палка Каліноўскага пра 20-дзённае стаянне на перадавой каля Калініндорфу (Херсоншчына), куды праз абстрэлы не маглі падвезці паёк.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кантузія

Менавіта там, каля Калініндорфу, Чарлі першы раз кантузіла. Расказвае пра гэта ў дробязях. Была пятніца, 13 траўня (цяпер мае тату, прысвечанае гэтай даце). Першы снарад разарваўся злева за метраў дзесяць ад Чарлі. Потым – другі…

«Чую свіст. Кінуў торбу перад сабой, упаў і каскі не расшпіліў, а яе трэба расшпільваць, каб табе шыі не вывернула выбуховаю хваляю. Торба ўзяла ўдар на сябе. Мой вялікі бэг сапёрны ўратаваў мяне. Я адразу крычаць, з носу кроў палілася. У галаве свіст і звон. Разумею, што трэба бегчы, яшчэ мозг працуе, схапіў торбу, бягу, але зноў свіст, я падаю, і за мной яшчэ адзін разрываецца, за метраў 5–10. Аж ногі ад зямлі хваляй прыўзняло», – распавядае Чарлі.

Кажа, іхную пазіцыю выдаў расейскі беспілотнік «Арлан». Расейцы выпусцілі тады па іх аж 49 снарадаў. Але да гэтага ў той жа дзень каліноўцы паспелі знішчыць два расейскія мінамётныя разлікі, падбіць БМП і разбіць штаб.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чарлі прызнаецца, што з нейкага моманту нічога не помніць. Ужо пасля пабрацімы распавялі, што «сядзеў прыбіты, нуль рэакцыі». А потым устаў і пайшоў. Працягваў выконваць загад Брэста (Іван Марчук, камандзір батальёну «Волат»), выносіў боекамплекты. Падобна, ужо несвядома.

«Калі ўжо ўсё вынеслі і ўсіх эвакуявалі, прыйшоў Брэст і кажа, маўляў, едзь у бальнічку. А я, такі: «Ннн…» І не магу слова вымавіць. Я зусім не кеміў», – згадвае баец Чарлі.

Тыя, хто ведаў, як ваяваць…

У лякарні Чарлі прабыў чатыры дні. Пасля гэтага Брэст забраў байца на базу ў Мікалаеў. Гэта былі чорныя дні для батальёну. Праз содні пасля кантузіі Чарлі з-пад Лазавога прывезлі Паўла Волата – «двухсоты». Чарлі расказвае, «яго шэсць разоў даставалі з таго свету, на сёмы раз не дасталі». А праз паўтара месяца не стала і камандзіра Брэста, разам з ім загінуў Сябро (Васіль Парфянкоў)…

«Сябро круты быў. Найлепшы. Чалавек, які ведаў, як ваяваць. Брэст ведаў, як ваяваць. Волат наагул найразумнейшым чалавекам быў – мегамозг. Ну і я ўжо ведаю, як ваяваць. Бо быў побач з імі, людзьмі, якія рэальна ваявалі. Яны, можа, і цяпер недзе ў сваёй там рэальнасці ваююць…» – кажа Чарлі.

Здымае нарэшце панаму, куртку (сядзім у кавярні) – і перад намі нібыта іншы чалавек. Паказвае на чорна-чырвоную нашыўку «Правага сектару» на левым рукаве кіцеля, якую яму падарыў Сябро. Кажа, што там, на вайне, няма ні правых, ні левых, а ёсць толькі дзве рэчы: жыццё і смерць. А ўсялякая «палітыка ідзе ў дупу пасля першага стрэлу».

На правым плячы – нашыўка з амерыканскім сцягам. Тлумачыць, што пасля штурму Лазавога памяняўся сцяжкамі з сябрам-амерыканцам, аддаўшы таму бел-чырвона-белую.

«Ён загінуў два тыдні таму», – прамаўляе спакойна і здымае барсетку, каб сфатаграфавацца. Кажа, што барсетка Атамава (Васіля Грудовіка), якога таксама ўжо няма.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я працягваю жыць вайною»

18 ліпеня Чарлі разарваў кантракт з ЗСУ і звольніўся з палка. На пытанне, чаму так зрабіў, адказвае: не мог там заставацца.

«Была страшная дэпрэсія. Пасля смерці Вані Брэста, Атама, Сябро, Папіка, пасля той аперацыі для мяне настаў нейкі пераломны момант. Я не мог быць там. Не мог заставацца, бо не было майго камандзіра, не было маіх сяброў. Проста не мог… Мне было цяжка камунікаваць, знаходзіць агульную мову. Я спачатку з’ехаў у адно месца, каб больш-менш пазбіраць мазгі. А потым зразумеў, што не бачу больш сэнсу…» – расказвае былы ваяр палка Каліноўскага.

«Але ж казаў да гэтага, што хочаш вярнуцца», – заўважаем.

«Хачу вярнуцца ў сам працэс. На вайну. Такі інстынкт… Я працягваю жыць вайной», – адказвае.

26 снежня («Так, адразу пасля Хрыста») Сяргею споўніцца 28 гадоў. Ён сумуе па Горадні («Яе ніякая Варшава не заменіць»), па сваёй вінтоўцы «SCAR 5,56», з якой гэтак «любіў паліваць» («Без аўтамата пачынаю адчуваць сябе… не чалавекам, ці як гэта»), і па сваіх сябрах, якія «ваююць цяпер у іншай рэальнасьці». На гэты смутак накладаюцца наступствы дзвюх кантузіяў:

«Разумееш, наколькі гэта сурʼёзна – ПТСР [посттраўматычны стрэсавы разлад. – Заўв. ЗМ]? Ты на адзін адсотак не выкупаеш, што гэта такое. У галаве такое творыцца! Гэта як улучыць самую нелюбімую песню і нонстопам яе круціць там. Ты засынаеш і ўва сне ходзіш у бой. Я сёння Лазавое нанава штурмаваў. Мне нічога не цікава».

Гаворыць, што псуецца зрок, кепска чуе на левае вуха, спіна разваленая.

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі).
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І шэры шум у вушах. Мала чым магу пахваліцца, карацей. Бо накрывае так, што не дай ты Божа», – прызнаецца беларус.

Але самае страшнае, кажа, што, вярнуўшыся, апынецца з усім гэтым сам-насам:

«Нічога не маю, апроч сябе. То бок шэры свет, і я ў ім. Вось я з табою сяджу і кажу, а ўсё роўна ты мяне не разумееш. І ніхто не разумее. Хіба каго такога ж кантужанага сустрэну, дык тады нам і словы не спатрэбяцца…»

«Кожны з нас мусіць атрымаць рэабілітацыю»

Праз нейкі час у Варшаве Сяргею перадалі кантакт адмыслоўцаў у рэабілітацыі. Але, кажа ён, гэта асобны выпадак. А такіх, як ён, шмат. У закрытай суполцы, дзе камунікуюць паміж сабою беларусы, якія вярнуліся з вайны ва Украіне, ужо 55 чалавек. Ува ўсіх падобныя праблемы і той сама сіндром.

«Я яшчэ раз паўтару: кожны хлопец, які вярнуўся з вайны, абавязаны атрымаць рэабілітацыю, яго павінны прызнаць ветэранам. Ён мусіць мець усе ільготы і выплаты, пенсію – проста тут і цяпер.

Хтосьці вяртаецца без рукі ці нагі, хтосьці варʼяцее, ёсць такія, гэта мае пабрацімы, я з імі разам ваяваў. Гэта калі жонка звоніць і просіць прыехаць, бо не ведае, што з ім рабіць. Гэта рэальна сурʼёзна», – гаворыць Сяргей Богдан.

Кажа таксама пра жаданне стварыць ветэранскую арганізацыю, якая б дапамагала былым ваярам. Мяркуе, што, калі нічога не рабіць, можа паўтарыцца гісторыя з 1990-х, калі ветэраны-афганцы, адчуўшы сябе непатрэбнымі, знаходзілі рулі ды ішлі ў бандыты. Працягвалі ваяваць.

«Ты бачыў наагул смерць? Як настае? Не? Вось апошні гэты водбліск у вачах… Гэта страшна. Не тое слова… Але цябе так бʼе адрэналін, што табе ўсё адно. Уся рэч у адрэналіне. Становішся залежны ад яго. І ўжо нічога не прыносіць радасці ў жыцці. Секс? Не, не тое. Цалуеш дзяўчыну, а сам… Магу цэлы дзень праляжаць у ложку. Я хачу туды. Я там», – прызнаецца Чарлі.

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі).
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Перабіваем тэму і пытаем пра сабакаў. Голас суразмоўцы робіцца цяплейшы і цішэйшы. Чарлі – кінолаг, сам Сабака паводле году нараджэння (1994). Першую аўчарку падарыў яму тата. Цэзар. Застаўся на радзіме, у Горадні. А ва Украіне працаваў з Вольфам, які цяпер з іншым кінолагам займаецца размініраваннем на паўночнай мяжы («Шукае як трэба, хоць малады яшчэ, паспеў з ім троху папрацаваць»). Тужыць па сваіх гадаванцах. Кажа, сабака мусіць быць сабакам, падпарадкоўвацца чалавеку, бо стадная жывёліна:

«Як, у прынцыпе, і чалавек». Вайна вызваляе жывёльныя інстынкты ў чалавеку.

«Ёсць людзі, якія не могуць там пераступіць праз сябе. Я – лёгка. Я думаю, што быў, напэўна, і народжаны дзеля вайны. Проста ведаю, што я там патрэбны. Не ведаю, чаму мяне туды цягне…» – гаворыць Чарлі.

«Бой не скончаны»

Расказвае, раней быў «спакойненькім хлопцам, які займаўся сваёй справаю – лупіў нацыстаў у горадзе Горадня». Потым перастаў, бо «яны зніклі». Займаўся сабакамі, музыкаю, нават экаактывізмам: «Не паверыш, прыбіраў лясы!» Да дзяржавы заўжды ставіўся, мякка кажучы, з падазрэннем. Як мог, змагаўся з рэжымам. Называе сябе «антысістэмнікам».

А тэма вайны ўсплывала (і ўплывала на Сяргея) яшчэ ў дзяцінстве, бо бацька быў ветэранам ваенных дзеянняў а Афганістане. Чарлі кажа, што цяпер разумее, як цяжка было тату. Раней гэтага не разумеў. А цяпер паспытаў на сваёй скуры. Успаміны пра бацьку, які пайшоў з гэтага свету ў 2017-м, дапамагаюць Сяргею змагацца («Тата, калі бачыш мяне ці чуеш, дзякуй табе!»).

«Я не мог уявіць сабе, што ў чалавека можа быць такое праз вайну, праз пабачанае. Але гэта так. І я на 100 % разумею свайго бацьку і стараюся – прашу адзначыць гэтае слова! – змагацца з гэтымі дэманамі. Але пакуль прайграю ўсухую. Іншая рэч, што бой не скончаны. Вайна трывае», – дзеліцца Сяргей.

Прызнаецца, што ў гэтай нутраной вайне, якую цяпер вядзе, самае страшнае – пытанні, якія мучаць бесперастанку. Чаму? Чаму не памёр? Чаму не быў разам з тымі, хто загінуў? Чаму… Шмат пытанняў. Адрасуе іх не Богу. Выключна сабе. У Бога Сяргей Богдан не верыць. Хіба ў лёс:

«Як яно мае быць, так і будзе. У кожнага свая роля, якую мусіць у гэтым жыцці адыграць. Пытанне толькі ў тым, ці добра ты яе адыграеш. Але што нас не забівае, тое робіць мацнейшымі».

«Вайна зрабіла цябе мацнейшым?» – задаем пытанне. «Спачатку растаптала мяне і знішчыла, а потым зрабіла мяне мацнейшым, так», – адказвае.

Чарлі здымае майку і паказвае татуяванні, якія набіў ва Украіне. Тую самую пра «пятніцу 13-га» ды іншыя. Пад адной з іх подпіс: «За лысіну Брэста страляю з-пад куста. Ян Бармалей валіць гусей». Разважае пра палітыку, пра тое, што мірных перамоваў з тэрарыстамі не мае быць, а вайна скончыцца толькі тады, калі «рухне Масква». Прызнаецца, што верыць толькі ў аднаго палітыка Лесю Руднік, «якая можа стаць прэзідэнтам».

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі).
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На скрыжаванні Хмельнай з Новым Святам развітваемся.

«Ты наагул задаволены, што ацалеў?» – пытаецца мая каляжанка. «Не… Я не помню сябе да вайны. У маім жыцці ёсць толькі вайна. Не ведаю, як патлумачыць…» – адказвае Чарлі.

Абдымаемся на развітанне. У гэты момант ягоныя вочы раптам робяцца сінія…

Замест пасляслоўя

Сяргей Чарлі Богдан распавядаў, што пасля Ночы паэтаў у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве 30 кастрычніка падышоў да прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Паўла Латушкі і запытаў, ці магчыма зарганізаваць у Польшчы хаця б медычную дапамогу для былых ваяроў палка імя Каліноўскага. Павел Латушка паабяцаў узняць гэтае пытанне «падчас дыпламатычнай сустрэчы».

Мы звязаліся з палітыкам.

«Я абяцаў, што абмяркую гэта падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы. Што і зрабіў. То бок звярнуўся з адпаведным хадайніцтвам праз МЗС да польскіх уладаў. Яны будуць разглядаць гэтае пытанне. Напэўна, буду вяртацца да гэтага і запытаю пра іхную пазіцыю», – адказаў нам Павел Латушка.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Мы ў сваю чаргу таксама бліжэйшым часам вернемся да пытання рэабілітацыі беларускіх ветэранаў вайны ва Украіны.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў