Ці ўцягне Крэмль Лукашэнку ў наземныя аперацыі ва Украіне?


Ці нападзе Расея другі раз на Украіну з тэрыторыі Беларусі, разам з Лукашэнкам? Што можа стрымаць кіраўніка Беларусі? Высокапастаўлены чыноўнік NATO на сустрэчы міністраў абароны Альянсу зазначыў, што Лукашэнка разумее: санкцыі за агрэсію супраць Украіны могуць увесці і ў дачыненні яго. Прадстаўнік кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага альянсу дадаў, што не бачна ясных знакаў рыхтавання Беларусі да ваеннай інтэрвенцыі ва Украіну. Дык ці ўцягне Крэмль Лукашэнку ў наземныя аперацыі ва Украіне? Падрабязнасці – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Украіна не планавала і не плануе вайсковых дзеянняў супраць Беларусі. Яе цікавіць выключна аднаўленне ўласнай тэрытарыяльнай цэласнасці. З такімі словамі прэзідэнт Украіны звярнуўся да лідараў краінаў G7 і прапанаваў спосаб утаймавання галоўнакамандуючага Беларусі.

«Мы прапануем свае рашэнне: на мяжы паміж Беларуссю і Украінай можа быць размешчана місія міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сітуацыі бяспекі. Фармат можа быць апрацаваны нашымі дыпламатамі. Я прашу вас на ўзроўні Групы сямі падтрымаць гэтую нашую ініцыятыву», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Лукашэнка на гэта не пойдзе. Бо як тады ствараць фэйк-ньюзы, на якіх абапіраецца ўся ягоная вайсковая дактрына? Ды і Расея не дазволіць.

Паводле палітолага Яўгена Магды, гэткай місіяй можа быць АБСЕ:

«АБСЕ і ААН – нешматлікія арганізацыі міжнародныя, у якія ўваходзіць Беларусь. ААН без Рады бяспекі ААН не размесціць. Я думаю, што Расея на гэта не пойдзе, накладзе вета. Тэма назіральнікаў ва Украіне ўжо разыгрывалася».

Дзяржаўны сакратар бяспекі Лукашэнкі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што калі Зяленскаму трэба назіральнікі на мяжы, то хай іх і запрашае. У прэзідэнта Украіны ёсць прычыны для непакою за паўночную мяжу. Лукашэнка сапраўды пасля візітаў у Сочы і Санкт-Пецярбург не спыняе плынь сваіх пагрозаў.

На думку палітолага Валера Карбалевіча, Расея хоча больш актыўна мабілізаваць Беларусь і патрабуе выканання свайго саюзніцкага абавязку.

«Чым больш узмацняецца ціск Масквы, тым больш Лукашэнка вымушаны гэтаму падпарадкоўвацца. Цяпер ён не хавае тое, што робіць гэтыя крокі пад ціскам Масквы», – кажа адмысловец.

Лукашэнка можа рабіць выгляд на сваіх нарадах аб бяспецы, што нешта яшчэ вызначае, але калі ў Расеі ўсё больш набірае вагу групоўка Кадыраў – Прыгожын – Суравікін, то гуляць у гульні не са старой школай КДБ, а з адкрытымі бандытамі ў яго наўрад ці атрымаецца. Таму і паўтарае мантру для сваіх сілавікоў, што ва ўсім вінаватыя не яны, а NATO. Альянс нібыта гатовы ядравы адказ скіраваць не на Крэмль, а на Беларусь.

«Вайскова-палітычнае кіраўніцтва NATO і шэрагу еўрапейскіх краінаў ужо адкрыта разглядаюць магчымыя варыянты агрэсіі супраць нашай краіны ажно да нанясення ядравага ўдару. Галоўная мэта застаецца з даўняга часу: уцягнуць нас у вайну», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дасталася і Польшчы. Не паспелі суседзі адысці ад міграцыйнага крызісу, у выніку якога даводзілася падцягваць войска да мяжы з Беларуссю, як з’явіліся новыя выклікі.

Паводле Лукашэнкі, Польшча просіць амерыканцаў, каб яны ў Польшчы размясцілі ядравую зброю:

«Яны адвялі на сотні кіламетраў войскі ад мяжы, насычаюць іх зброяй натаўскіх узораў, усё савецкае, і што было польскае – сплавілі ва Украіну, утылізавалі. І што такое назад падысці да мяжы Беларусі? Паўночы».

Робіцца гэта, каб больш устрывожыць Украіну і падцягнуць яе войскі да беларускай мяжы, працягласць якой – больш за тысячу кіламетраў. Спрабаваць не лезці ў наземныя аперацыі з Украінай Лукашэнка будзе да апошняга, ці хаця б да маразоў. Але ці дазволіць Расея?

Да новых патрабаванняў Пуціна Лукашэнка ўжо рыхтуецца: аб’явіў пра стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі. Дзеля гэтага на нашую тэрыторыю і прыбудуць тысячы расейскіх новамабілізаваных жаўнераў. І калі камандаваць гэтай групоўкай Лукашэнку яўна ніхто не дасць, то карміць, апранаць, трэнаваць і ўзбройваць яе – якраз ягоная задача.

«Групоўка існуе на паперы шмат гадоў, а ў перыяд пагрозы гэтая групоўка разгортваецца ў рэальнае войска. Паводле Лукашэнкі, такі час настаў. Але ёсць адзін нюанс: на чале групоўкі павінна быць адзінае камандаванне. Калі адзінага камандавання не будзе, то гэта размовы і больш нічога. Калі там будзе нейкае камандаванне, то атрымліваецца нейкае дзіўнае гібрыднае войска. Адна частка гэтага войска ўдзельнічае ў вайне ва Украіне», – каментуе Валер Карбалевіч.

На пытанне «ПраСвету» на Саміце NATO ў Бруселі, якая роля ў гэтай вайне Лукашэнкі, саюзніка Уладзіміра Пуціна, генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг адказаў:

«Чакаю, што рэжым Лукашэнкі перастане быць суўдзельнікам гэтай вайны. Мы бачылі, як Беларусь выкарыстоўвалася ў якасці плацдарму для ракетных удараў, паветраных нападаў на Украіну, і прэзідэнт Лукашэнка мусіць спыніць дапамогу і падтрыманне расейскіх ваенных дзеянняў».

Мусіць. Але як? Выглядае, што Расея гоніць Лукашэнку на вайну, як палоннага. І падобна, з голымі рукамі. Бо пакуль Лукашэнка забяспечвае тэхнікаю расейскае войска.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў