«Ён загінуў, каб Беларусь была свабоднай». Вітольду Ашурку сёння споўніўся б 51 год


Сёння, 13 кастрычніка, дзень народзінаў вядомага бярозаўскага актывіста, абласнога каардынатара руху «За свабоду» Вітольда Ашурка. Палітвязню, які чатыры месяцы таму загінуў у Шклоўскай калоніі, споўніўся б 51 год. Кім быў Вітольд і чаму ягоная смерць – страта для Беларусі? Распавядаюць ягоныя сябры і родныя.

Вітольд Ашурак.
Фота: Valer Byčkoūski / Facebook

«Ён зразумеў, што «артадаксальным індывідуалістам» быць нельга»

Вітольд нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 года і жыў у невялікім горадзе Бярозаўка, што на Гарадзеншчыне. Працаваў выдзімальнікам на мясцовай гуце «Нёман», затым заняўся рамонтам дамоў.

«Мы вучыліся ў адной школе, Вітольд быў на некалькі гадоў старэйшы. Нашае сяброўства пачалося з пасядзелак на кухні за кавай і размоваў пра гісторыю і палітыку», – распавядае «Белсату» блізкі сябра актывіста Сяргей Пантус.

Актыўна займацца палітыкай і грамадскай дзейнасцю Вітольд пачаў з Плошчы-2010, калі за ўдзел у акцыі атрымаў 12 содняў на Акрэсціна.

«Вітольд да гэтага называў сябе «артадаксальным індывідуалістам», маўляў, ні ў якую партыю, арганізацыю ўваходзіць не будзе. Калі вярнуўся з содняў, прынёс мне заяву на сяброўства ў Партыі БНФ. Гэта быў пераломны момант. Ён распавядаў, што сядзеў у камеры з выдатнымі людзьмі: напрыклад, там быў прафесар, кандыдат у майстры спорту, доктар. Яны ўвесь час размаўлялі, і гэта перавярнула ягоны свет. Ён зразумеў, што «артадаксальным індывідуалістам» быць нельга», – распавядае Сяргей.

Пасля гэтага Вітольд прылучыўся да беларускай культуры і адмовіўся ад шкодных звычак. Заняўся палітыкай, балатаваўся на мясцовых і парламенцкіх выбарах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкі

«Вітольд умеў працаваць над сабой і ўвесь час вучыўся. Каб удасканаліць сваю беларускую мову, ён прасіў жонку Вольгу дыктаваць яму тэксты, пісаў сачыненні. Беларуская мова для яго была святыняй. Ён казаў, што мы не мусім прымушаць людзей размаўляць па-беларуску, мы мусім выгадаваць гэта ў іх», – адзначае Сяргей.

Вітольд лічыў, што Беларусь павінна быць беларускай. Ён бачыў Беларусь дзяржавай, створанай беларусамі для беларусаў, дзе ўсе, аднак, будуць жыць на роўных. І найперш – прававой дзяржавай, дзе закон будзе на першым месцы і адзін для ўсіх.

Вітольд актыўна прыцягваў увагу да экалагічных праблемаў Бярозаўкі. Напрыклад, ладзіў адзіночныя пікеты супраць будаўніцтва шкоднага цэху для вытворчасці шклаваты на мясцовай гуце. У 2019 годзе Вітольд прыцягнуў увагу СМІ да мясцовай экалагічнай катастрофы – пасля скідаў неачышчаных сцёкавых водаў у раку Дзітву адбыўся масавы мор рыбы. Праводзіў таксама і палітычныя акцыі: у 2017 годзе разам з іншымі мясцовымі актывістамі ўсталяваў ля помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з напамінам пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у СССР, выходзіў на акцыі супраць абʼяднання Беларусі і Расеі, антыдармаедскія маршы.

«Вітольд займаўся водным турызмам. Ледзь не кожны год ён з братам і бярозаўскімі хлопцамі рабіў плыт, на якім пасля сплаўляліся па Нёмне. У 2018 годзе мы выправіліся ў воднае падарожжа, прысвечанае 100-годдзю БНР. Мы з ім марылі пабудаваць копію дракара вікінгаў, каб наступным разам ужо на вёслах прайсціся», – узгадвае Сяргей Пантус.

Разам з імі ў гэтым апошнім падарожжы ўдзельнічала журналістка Вольга Быкоўская. Менавіта тады яны ўтрох моцна зсябраваліся.

«Мы пазнаёміліся з Вітольдам, калі яго судзілі за акцыю ў Свіслачы ў гонар Каліноўскага. Я пазваніла яму запытаць пра ягоныя справы. Асабіста пазнаёміліся на Курапацкай варце. Мы з Вітольдам шмат у чым падобныя: ён, як і я, прамы і шчыры шмат у якіх пытаннях. Але ў нас заўсёды атрымлівалася згладжваць вострыя вуглы, мы ніколі не сварыліся», – распавядае «Белсату» Вольга.

Крыжы ў гонар невядомых паўстанцаў 1863 года. Адным з ініцыятараў ушанавання быў Вітольд Ашурак. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Яна ўзгадвае, што Вітольд ва ўсіх пытаннях паводзіўся як лідар, усё трымаў пад кантролем. Вельмі важным для яго было ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага: ён займаўся ўсталяваннем крыжоў у месцах іхнага пахавання.

«Вітольд лічыў, што беларусы павінны памятаць сваю годную гісторыю і шанаваць сваіх герояў, і не трэба думаць, што хтосьці будзе рабіць гэта замест нас. Ён лічыў гэта сваім абавязкам», – адзначае Вольга.

Яна кажа, Вітольд вельмі любіў сваю малую радзіму і вельмі шмат зрабіў для Бярозаўкі. Ён удзельнічаў у ініцыятыве ўсталявання помніку заснавальніку гуты Юльюшу Столе – чалавеку, дзякуючы якому паўстала Бярозаўка. Быў нават дазвол на ўсталяванне гэтага помніку, але, на жаль, Вітольд не паспеў скончыць гэтую справу.

«Вітольд быў вельмі шляхетным чалавекам. Такой рысай валодаюць рыцары і сапраўдныя мужчыны. Ён быў высакародны, яму можна было давяраць, ён паводзіў сябе годна ў любых абставінах. Побач з Вітольдам разумееш, што ты як за каменнай сцяной, на якую заўсёды можна абаперціся», – узгадвае Вольга.

«Вітольд быў для ўладаў нязручнай фігурай і моцным лідарам»

Увечары 9 жніўня 2020 года Вітольд удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў каля Лідскага райвыканкаму. Тады на вуліцы Ліды выйшла каля трох тысячаў чалавек. Ён быў затрыманы і асуджаны на 20 содняў, але вызвалены датэрмінова. Актывіст працягнуў удзельнічаць у пратэстах, і 19 верасня яго зноўку затрымалі. Падчас новага арышту супраць яго распачалі крымінальную справу. Яму выставілі абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 342, ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, з ініцыятывы суддзі Максіма Філатава. Прычына – нібыта пагроза дзяржаўнай бяспецы. Таму сваякі і дзясяткі паплечнікаў, якія прыйшлі пад суд, не змаглі прысутнічаць на пасяджэннях.

18 студзеня 2021 года Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з яго 1000 рублёў за нанесеную маральную шкоду міліцыянту і 81 рубель кошту лекаў яму ж.

5 гадоў зняволення не сталі для Вітольда нечаканымі, як ён пісаў у сваіх лістах, «таму што мы добра ведаем нашых ворагаў. Ім не патрэбна мець грамадзянскую супольнасць у краіне – занадта шмат клопату і заўжды ёсць рызыка страціць стратэгічную ініцыятыву». Аднак, зазначаў Вітольд, яны яе ўжо страцілі.

«Што тычыцца мяне, то тэрмін 5 год я ўспрымаю як адзнаку «выдатна» за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!»

Вітольд Ашурак.
Фота: Юрась Дзяшук / Facebook

Сябры адзначаюць, што Вітольд быў заўзятым прыхільнікам таго, што перамены ў Беларусі павінны адбывацца мірна і эвалюцыйна.

«Вітольд быў для ўладаў нязручнай фігурай, моцным лідарам, які даказаў сваё лідарства і падчас падзеяў 2020 года. Што атрымлівалася далёка не ў кожнага чалавека, які ўжо даўно ў апазіцыі. Людзі ў 2020 годзе змяніліся, трэба было з імі працаваць. Пэўна, таму яму і прысудзілі такі вялікі тэрмін. Я ўспрыняла гэта балюча. Падавалася, што з ім ужо нічога страшнага не можа здарыцца. Але сістэма вырашыла Вітольда не проста закрыць, але і наогул пазбавіцца ад яго. Чаму гэта адбылося і хто вінаваты – рана ці позна мы пра гэта даведаемся. Беларусы будуць патрабаваць праўды», – кажа Вольга Быкоўская.

«Гэта жахлівая страта для Беларусі і ўсіх нас»

Вітольд адбываў зняволенне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове. У адным з апошніх лістоў да Вольгі ён пісаў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных вязняў насіць жоўтую бірку, якая вылучала іх сярод зняволеных. Шмат хто тады правёў паралелі з абавязковым нашэннем габрэямі жоўтых зорак Давіда ў нацысцкай Нямеччыне.

21 траўня званок з калоніі падзяліў жыццё родных Вітольда на «да» і «пасля». Стала вядома, што палітвязень памёр, паводле афіцыйнай версіі – ад спынення сэрца. Родныя Вітольда пры гэтым сцвярджаюць: у актывіста ніколі не было праблемаў з сэрцам.

«Пра смерць Вітольда мне паведамілі позна вечарам праз тэлефон. Пачуўшы гэта, я сеў на падлогу, далей, як у тумане, нічога не кажучы, апрануўся і паехаў да Андрэя. У хаце нікога не было, я сеў на прыступкі і разрыдаўся. Да гэтай пары не верыцца, што Вітольда больш няма», – узгадвае Сяргей Пантус.

«Гэта жахлівая страта для Беларусі і ўсіх нас. Мы вельмі цяжкім коштам атрымліваем сабе новых герояў. Вітольд загінуў за тое, каб Беларусь была дэмакратычнай, свабоднай, незалежнай. Каб усе беларусы маглі жыць годна і мелі права выбару», – перакананая Вольга Быкоўская.

Надпіс на плакаце: Вітольд Ашурак – герой Беларусі.
Фота: ЮШ / Белсат

Родныя Вітольда атрымалі ягонае цела толькі праз пяць дзён пасля весткі пра смерць. Цела аддалі з перабінтаванай галавой. Сваякам патлумачылі, што цела выпадкова выпусцілі, калі выгружалі з халадзільніка. У гэты ж дзень Следчы камітэт апублікаваў відэа з камеры ШІЗА, на якім Вітольд два разы падае.

На пахаванні Вітольда ў Бярозаўцы было вельмі шмат міліцыі.

«Яны былі паўсюдна. Нават машыны правяралі на ўездзе ў горад. Міліцэйская вахта стаяла яшчэ 9 дзён – сачылі за могілкамі. Для ўладаў Вітольд страшны нават пасля смерці», – адзначае Вольга Быкоўская.

Пайшоў пяты месяц, дакладная прычына смерці Вітольда так і не названая, вынікі экспертызы невядомыя.

«Я тэлефанаваў следчаму кожны тыдзень, каб даведацца аб ходзе справы. Аднойчы я запытаў у яго – а што вы думаеце пра стан цела? Калі мы прывезлі Вітольда дахаты, я распрануў яго і паглядзеў. Думаю, ён таксама тое бачыў. Я запытаў: пры чым тут спыненне сэрца? Сэрца так не спыняецца. Пасля гэтага следчы перастаў здымаць слухаўку», – распавядае брат Вітольда Андрэй Ашурак.

24 верасня ён накіраваў ліст на імя начальніка СК Магілёва з патрабаваннем даваць яму інфармацыю пра вынікі праверкі.

«Мне хацелася б ведаць, чаму ў майго брата спынілася сэрца, якое ніколі не балела? Чаму на відэа, паказанае СК, паводзіны Вітольда вельмі дзіўныя? Што з ім там рабілі? Я хачу атрымаць адказы. Кіраўніцтва калоніі нясе адказнасць за жыццё і здароўе вязняў», – падкрэслівае Андрэй.

«Героі не паміраюць»

Цяпер сябры Вітольда збіраюць матэрыялы і ўспаміны, звязаныя з ім. У «Фэйсбуку» ёсць адмысловая старонка, прысвечаная актывісту. Калі збярэцца крытычная маса матэрыялаў, можна будзе запусціць сайт. Таксама плануецца кніга, прысвечаная Вітольду.

«Вітольд – беларускі нацыянальны герой, і любая форма ўшанавання ягонай памяці будзе патрэбнай. Хацелася б зрабіць музей ягонай памяці. Цяпер мы збіраем экспанаты для яго. Думаю, з часам у Бярозаўцы таксама з’явіцца помнік Вітольду, вуліца ягонага імя. Сваімі справамі ён гэта заслужыў. Калісьці ўсё скончыцца, і мы зможам годна ўшанаваць памяць герояў, якія загінулі за нашую свабоду», – кажа Вольга Быкоўская.

Вітольд Ашурак і Вольга Быкоўская.
Фота: Ольга Быковская / Facebook

Сама яна ўшанавала памяць сябра, зрабіўшы на плячы тату – партрэт Вітольда ў выглядзе анёла.

«Я не тое каб веруючы чалавек, але вырашыла, што ў мяне можа быць свой анёл-ахоўнік», – адзначае Вольга.

Сябры Вітольда заклікаюць усіх, хто ведаў палітвязня, падзяліцца ўспамінамі, фотаздымкамі ці любой іншай інфармацыяй. Усё гэта будзе выкарыстана ў кнізе і размешчана на старонцы памяці Вітольда. Дасылаць можна сюды:

«Вітольд быў вельмі разнастайным, унікальным чалавекам. Музей ягонай памяці абавязкова паўстане ў новай Беларусі. Бо героі не паміраюць», – дадае Андрэй Ашурак.

СП belsat.eu

Стужка навінаў