Пачалі размяркоўваць грошы, сабраныя падчас марафону салідарнасці


Сабраныя падчас марафону салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі грошы, а гэта больш за 500 тысяч еўраў, пачалі размяркоўваць паміж профільнымі арганізацыямі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Першыя выплаты сродкаў ужо атрымалі ініцыятывы «Dissidentby», «BY_help», «Краіна для жыцця» і Беларуская рада культуры.

На гэты момант ім даслана 63,5 тысяч еўраў. З астатнімі выплатамі «таксама ідзе працэс – рыхтуюцца і заключаюцца дамовы, правяраюцца дакументы», – дадала Вольга Гарбунова.

Гэта адбываецца не хутка, адзначыла Гарбунова, бо ўсё «мусіць быць паводле закону». Напрыклад, аплатная сістэма «Stripe» доўга правярала статус сродкаў, што паступілі на рахункі. Банк запытваў дадатковыя дакументы, каб выключыць «адмыванне грошай». «Мы афармлялі дамовы і правяралі ўсе дакументы ў адпаведнасці з літоўскім заканадаўствам. У некаторых выпадках заключэнне дамоваў магчымае толькі ў прысутнасці натарыусаў, бо гаворка ідзе пра велізарныя сумы», – адзначыла яна.

Вольга таксама дадала, што нягледзячы на працяглыя тэрміны, вельмі важна адпрацаваць гэтую працэдуру на будучыню і зрабіць усё празрыста.

«Наш намер выдаткаваць сабраныя сродкі на перадачы, медыкаменты, аплату адвакатаў і фінансавую дапамогу сем’ям палітзняволеных не змяніўся. І менавіта таму мы і хочам улічыць усе магчымыя рызыкі, каб грошы не згубіліся праз дадатковыя падаткі і камісіі», – кажа прадстаўніца Пераходнага кабінету.

Нагадаем: 29 ліпеня адбыўся 12-гадзінны онлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі «Нам не ўсё роўна!». Збор сродкаў ішоў тры дні – 28–30 ліпеня, падчас яго назбіралі 574 406 еўраў.

Аб’ектыў
Марафон, які вярнуў салідарнасць
2023.07.31 22:11

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў