Марафон, які вярнуў салідарнасць


Безумоўны поспех і сапраўды гістарычная падзея. Беларусы аб‘ядналіся і за пару дзён сабралі больш за паўмільёна еўраў на дапамогу палітвязням і іх сем‘ям. Што цяпер будзе з сабранымі грашыма?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як сабраць больш, чым паўмільёна еўраў за 2 дні? Трэба, каб на адну мэту працавалі дзясятак дабрачынных арганізацыяў, больш за 20 незалежных медыяў, безліч валанцёраў, блогераў і карыстальнікаў сацыяльных сетак.

«Гэта праца далёка не аднога дня, але так сканцэнтравана мы напэўна не працавалі ні разу», – кажа Саша Пушкіна з парталу «Zerkalo».

Марафон салідарнасці з палітвязнямі і іх сем‘ямі доўжыўся з пятніцы па нядзелю. У галоўны дзень – гэта быў бесперапынны тэлеэфір на 12 гадзінаў з некалькіх рэдакцыяў па чарзе.

«Мы, як “Белсат”, мелі свой трохгадзінны слот, то бок 3 гадзіны, які адвялі непасрэдна мы: Сяргей Падсасонны і Наста Русецкая, нашыя вядоўцы. “Белсат” стаў такім хабам, у які сцякаліся сігналы з усіх іншых рэдакцыяў. І мы пераключалі іх па чарзе», – тлумачыць кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей.

«З усіх незалежных СМІ, якія цяпер у эміграцыі, толькі мы маем такія тэхнічныя магчымасці і досвед, каб зрабіць Марафон бесперапынным і якасным», – падкрэслівае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Фёдар Паўлючэнка ў студыі Белсату
Рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беларусі за дапамогу палітвязням людзей саджаюць у турму на рэальныя тэрміны. Тым больш ашаламляльным быў тэмп ахвяраванняў: падчас эфіру кожныя 4 секунды. Ад мінімальнага ахвяравання на 5 еўраў да некалькіх тысячаў. Максімальнае ахвяраванне – 10 тысячаў еўраў.

Журналісты працавалі бясплатна, у свой вольны дзень. Частку матэрыялаў рэдакцыі падрыхтавалі загадзя, у тым ліку тэкставых.

«І яны толькі з Тэлеграму набралі каля трох мільёнаў праглядаў. А значыць, тэма цікавіць людзей, яна баліць, і мы гэта бачым не толькі ў нашых праглядах, але і ў сабраным выніку», – кажа Саша Пушкіна.

У выніку сабралі суму, што здавалася недасягальнай – 574 тысячы еўраў. Плацёжныя сістэмы возьмуць з гэтых грошай па 3-5 %. На працягу тыдня грошы перавядуць у банк, а Назіральная рада, у якую ўваходзіць і «Белсат», вызначыць, як размеркаваць грошы між 13-цю праваабарончымі ініцыятывамі і фондамі салідарнасці. Справаздача – у лістападзе.

«100% сабраных сродкаў пойдзе на аказанне непасрэднай дапамогі палітвязням і іх сем’ям. Аплата арэнды, заробку, супрацоўнікаў і іншыя адміністратыўныя выдаткі ў межах Марафону пакрывацца не будуць», – заявіла Вольга Гарбунова, прадстаўніца ў сацыяльных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Розныя праваабарончыя арганізацыі даюць розныя лічбы афіцыйна прызнаных палітвязняў. Паводле «Вясны» – амаль паўтары тысячы(1488), паводле ініцыятывы «DISSIDENTBY» – бліжэй да дзвюх тысячаў(1741).

Але агульная лічба асуджаных за грамадзянскую пазіцыю ў некалькі разоў больш. І на іх падтрымку ўвесь час трэба вялікія грошы.

«Гэта і праца адвакатаў у тых палітвязняў, у якіх яны яшчэ ёсць, гэта і перадачы. У залежнасці ад статусу палітвязня, ён мае або рэгулярныя перадачы ў СІЗА, або вялікія перадачы па 50 кг на год, і гэта таксама трэба падрыхтаваць», – распавядае і пра свой уласны досвед Вікторыя Пальчыс, жонка палітвязня Эдуарда Пальчыса.

Часта перадачу рыхтуюць адзінаму кармільцу ў сямʼі. Таму фонды салідарнасці дапамагаюць сваякам палітвязняў.

«Гэта цуд, што так добра арганізаваліся, на добрым узроўні правялі. І зноў было пачуццё салідарнасці, еднасці. Пачуццё, што мы можам разам рабіць вялікія справы», – кажа Вікторыя Пальчыс.

«Людзі адчулі, што хваля салідарнасці з 2020 года нікуды не падзелася. І надалей беларусы памятаюць, што трэба дапамагаць тым, хто нявінна кінуты рэжымам Лукашэнкі за краты. І гэтая салідарнасць – яна найважнейшая», – падкрэслівае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Калі вы не паспелі паўдзельнічаць – дапамагайце палітвязням праз асобныя дабрачынныя арганізацыі ды рыхтуйцеся да наступных марафонаў салідарнасці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»