Змагаліся за народ, а ў выніку былі прынесены ў ахвяру.  Як Сталін здрадзіў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі


Першая спроба Савецкай Расеі распачаць «сусветную рэвалюцыю» скончылася паразаю ў вайне з Польшчаю і заключэннем Рыжскага міру ў 1921 годзе. Аднак бальшавікі не адмовіліся ад сваіх планаў, у рэалізацыі якіх цяпер важную ролю надавалі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне.

«Актыўная выведка»

Паразу ў савецка-польскай вайне і заключаны мір кіраўнік Савецкай Расеі Уладзімір Ленін разглядаў толькі як часовую захаду: «Мы выкарыстаем любую магчымасць, каб перайсці ад абароны да наступлення». Пра гэта пасля заключанага ў 1921 годзе Рыжскага міру пісаў таксама Юльян Мархлеўскі, які ў часе вайны з палякамі ў 1920-м узначаліў створаны бальшавікамі ў Беластоку Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы. Савецкае кіраўніцтва ўлічвала, «што буржуазная Польшча ніколі не будзе ў стане ўтрымаць панаванне над беларускімі сялянамі». Гэта будзе толькі рэвалюцыянізаваць іх і «паскорыць працэс рэвалюцыі». На рэвалюцыю разлічвала і кіраўніцтва БССР, якое спадзявалася, што «рэвалюцыя ў Польшчы наблізіць і верне Беларусі адарваную ад яе частку тэрыторыі».

Дзеля гэтага прадугледжвалася падтрымліваць неспакой на мяжы пры дапамозе «актыўнай выведкі» – дыверсійных камуністычных атрадаў, сфармаваных і падтрыманых з боку Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ). Яны дзеялі ў Балгарыі, Румыніі, Чарнагорыі, але найперш у Польшчы, дзе колькасць партызанаў у 1923-м толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі даходзіла да 6 тысячаў чалавек.

У пачатку 1923 года дарадца прадстаўніцтва РСФСР у Польшчы Іван Лорэнц пісаў: «Няма чаго і падкрэсліваць, як важна для нас падтрымліваць незадаволенасць на польскіх ускраінах» ды адначасова прапагандаваць карысць савецкай улады і фармаваць прасавецкі настрой. Дарэчы, Лорэнц выдатна папрацаваў на гэтай ніве і нават заспеў «вызвольны паход» Чырвонай арміі ў верасні 1939-га, але сам у ліпені 1941-га быў расстраляны – «за ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі ды шпіянаж».

Напад на Стоўбцы

У канцы кастрычніка 1923 года была ўтвораная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, але не як самастойная арганізацыя, а як аўтаномная частка Камуністычнай партыі Польшчы. Яе актывістам паставілі заданне разгарнуць партызанскі рух. Але ні ў якім разе дзеянні СССР не прадугледжвалі сапраўдных крокаў у змяненні статусу беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы, напрыклад, на аўтаномію. Паўнамоцны прадстаўнік СССР у Варшаве Пётр Войкаў лічыў, што, калі б савецкі бок прапанаваў такое Польшчы, давялося б пайсці на «сустрэчныя патрабаванні палякаў» або канчаткова прызнаць мяжу. Нават на такія саступкі дзеля «брацкіх народаў» СССР ісці не збіраўся, бо ў планах яго кіраўніцтва трымала працяг «сусветнай рэвалюцыі».

Іосіф Нехвядовіч, кіраўнік падполлля ў Заходняй Беларусі, і Станіслаў Ваўпшасаў. Фотаздымак 1927 года. Крыніца: https://militaryexp.com

Улетку 1924 года два кіраўнікі КПЗБ былі арыштаваныя польскімі ўладамі і накіраваныя ў Стоўбцы – гэта Язэп Лагіновіч і Станіслаў Мэртэнс. Прадстаўнік КПЗБ у Менску Адам Славінскі (сапраўднае прозвішча Качароўскі) распрацаваў аперацыю нападу на Стоўбцы, у якой браў удзел атрад з 58 чалавек на чале са Станіславам Ваўпшасавым (у 1944-м стаўся Героем Савецкага Саюзу).

4 жніўня 1924 года атрад Ваўпшасава ўвайшоў у Стоўбцы, завязаў бой на вуліцах гораду, адцягнуўшы ўвагу мясцовых паліцыянтаў. У гэты час іншая група вызваліла палітычных вязняў з мясцовай турмы. Былі забітыя сямёра паліцыянтаў, некалькі параненых, у палон да палякаў трапіў выведнік Пётр Ёда, якому прысудзілі смяротнае пакаранне, замененае бестэрміноваю катаргай. Як паказала гісторыя, гэта ўратавала яму жыццё: у 1939-м яго вызвалілі савецкія войскі. Да таго часу ў СССР былі расстраляныя як Славінскі (3 лістапада 1937-га), які распрацаваў аперацыю нападу на Стоўбцы, так і Мэртэнс з Лагіновічам, якіх тады вызвалілі.

Даведка
Іосіф Лагвіновіч. Крыніца: https://by.openlist.wiki

Язэп Лагіновіч быў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі ў 1922 годзе, якая дамагалася далучэння Заходняй Беларусі ў склад БССР. Пасля ўтварэння КПЗБ увайшоў у яе склад і рэдагаваў газету «Наш Сцяг», у 1926-м далучыўся да Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У 1930-м арыштаваны палякамі і асуджаны на 8 гадоў. Аднак у верасні 1932-га абменены ў СССР. Працаваў у Акадэміі навук выканальнікам абавязкаў дырэктара Інстытуту мовазнаўства, але арыштаваны і расстраляны ў снежні 1938 года.

Станіслаў Мэртэнс увогуле быў наркамам унутраных справаў БССР, які ў 1923 годзе стаўся ўпаўнаважаным ЦК КПП пры КПЗБ. У кастрычніку 1925-га быў ізноў арыштаваны палякамі ды асуджаны, але ў 1928-м перададзены ў СССР. Працаваў прадстаўніком КПП у Камінтэрне, але 21 верасня 1937 года расстраляны.

Падрыхтоўка да паўстання

На вясну 1925 года ў Заходняй Беларусі планавалася пачаць паўстанне. Запачаткаваць яго павінен быў атрад усё таго ж Станіслава Ваўпшасава, які павінен быў напасці на Ашмяны, дзе была турма для палітзняволеных. Але такія спробы камуністаў спачатку ў Балгарыі (верасень 1923 года), а затым і Эстоніі (1 снежня 1924 года) скончыліся паразамі, таму ў Заходняй Беларусі пастанавілі ўрэшце не рызыкаваць. Да таго ж пасля смерці Леніна ў 1924-м у СССР уладу перахапіў Іосіф Сталін, які вырашыў адысці пакуль ад ідэі «сусветнай рэвалюцыі» і сканцэнтравацца на «пабудове сацыялізму ў асобна ўзятай краіне». Адбудова гаспадаркі прадугледжвала наладжванне стасункаў з суседзямі, і першыя знакі ў бок Польшчы ўжо былі накіраваныя. Гэтаму паспрыяла і тое, што выціснуты з Заходняй Беларусі адзін з партызанскіх беларускіх атрадаў у польскіх уніформах перайшоў у Заходнюю Украіну і далей да мяжы з УССР. Аднак украінскія памежнікі не былі папярэджаныя, што гэта «свае». У выніку завязаўся бой, наступствам якога сталася ліквідацыя ўсёй «актыўнай выведкі» 25 лютага 1925 года.

У Менску ўсе рэспубліканскія структуры, якія працавалі з КПЗБ, былі зліквідаваныя, а кіраўнік беларускага ОГПУ-НКВД Піліп Мядзведзь вымушаны быў перапрашаць кіраўніцтва і атрымаў вымову ад Дзяржынскага (Мядзведзя расстралялі 27 лістапада 1937 года). Сталін канчаткова абраў шлях на заключэнне дамовы аб ненападзе з Польшчаю, таму былі расфармаваныя партызанскія атрады. Але найгорай было тое, што КПЗБ паспела ўжо правесці пэўную працу, і цяпер, пры адсутнасці паўстання, шмат якія яе актывісты, а таксама тыя сяляне, якія паверылі ў рыхтаванне паўстання, былі выяўленыя ды арыштаваныя польскаю паліцыяй. Значная частка чальцоў КПЗБ трапіла за краты (усяго яна налічвала 3-4 тысячы чалавек).

Святкаванне 10-годдзя Камуністычнай партыі Польшчы. Здымак 1928 года. Крыніца: https://www.rp.pl

Паказальны лёс

На тэрыторыі Заходняй Беларусі рыхтаваць паўстанне ўзяўся Міхаіл Гурын-Маразоўскі. Ён вылучаўся радыкальнымі поглядамі, за што нават бальшавікамі быў пазбаўлены пасадаў у БССР. І таму ў пачатку сакавіка 1924 года апынуўся ў Заходняй Беларусі, дзе рыхтаваў узброенае паўстанне. Аднак калі ў СССР адмовіліся ад гэтай ідэі ды Гурыну-Маразоўскаму загадалі вярнуцца ў БССР, той адмовіўся і выйшаў з КПЗБ.

Гурын быў расчараваны тым, ува што ператваралася БССР: «Фальш, мана, гвалты маральныя і фізічныя, маскоўскія акупанты ў чырвоных вопратках на кожным кроку плявалі ў душу беларускага народу, і трудна, вельмі трудна было прымірыцца беларусу з тым ладам, які ўстанавіўся на Усходзе, у БССР». Урэшце, ён прыйшоў да высновы, што «Польшча ў XX стагоддзі не можа быць імперыялістычнаю. Яна можа быць прыкладам, як незалежнасць трэба будаваць і якіх памылак не трэба рабіць». І што «ідэя адраджэння Польшчы і Беларусі – адна ідэя. Як без Польшчы няма Беларусі, так сама і без Беларусі няма абароненай Польшчы».

Гурына-Маразоўскага арыштавалі польскія ўлады, але 16 сакавіка 1928 года ў Вільні быў забіты чальцамі КПЗБ Сямёнам Клінцэвічам і Андрэем Капуцкім. Абодвух пазней расстралялі ў СССР: Клінцэвіча абмянялі як палітычнага вязня і расстралялі 7 кастрычніка 1937-га, а Капуцкага, які выехаў у Менск і выконваў абавязкі рэдактара газеты «Савецкая Беларусь», расстралялі 9 студзеня 1934-га.

«Заклапочанасць»

У 1925 годзе Масква абрала шлях на легальныя сродкі палітычнай барацьбы ў Польшчы праз падтрыманыя ёю структуры, найперш, утворанай Беларускай сялянска-работніцкаю грамадою, самаю масаваю палітычнай арганізацыяй беларусаў таго часу, што яднала каля 120 тысяч сябраў. Да яе далучыліся шмат якія кэпэзэбоўцы. Урэшце, у студзені 1926-га пачаліся перамовы паміж СССР і Польшчаю.

У траўні 1926 года ў Польшчы адбыўся пераварот, які змяніў кірунак у працы з нацыянальнымі меншасцямі – замест нацыянальнай асіміляцыі стаўка рабілася на дзяржаўную, дзеля чаго нават прадугледжваліся ўступкі ў пытаннях культуры і адукацыі. Аднак пры гэтым прадугледжвалася здушэнне любой грамадска-палітычнай актыўнасці беларусаў, следствам чаго зрабілася ліквідацыя разнастайных арганізацыяў, першая сярод якіх – БСРГ, забароненая 21 сакавіка 1927 года, а больш за 4 тысячы яе актывістаў былі арыштаваныя.

Нягледзячы на тое, што кіраўнікі БСРГ адкрыта падтрымлівалі СССР, з савецкага боку ў іхную абарону гучалі толькі словы пра «заклапочанасць». Аднак да падпісання дамовы чарговы раз так і не дайшло. У чэрвені 1927-га ў Варшаве забілі паўнамоцнага прадстаўніка СССР Пятра Войкава. Забойства здзейсніў беларус Барыс Каверда і матываваў гэта ўдзелам Войкава ў чырвоным тэроры.

Беларускі пасольскі клуб. Фотаздымак 1923 г. Большасць з прысутных на фотаздымку былі рэпрэсаваныя пасля пераезду ў СССР. Крыніца: https://be.wikipedia.org

«Беларускі нацыянальны цэнтр»

Дамову паміж СССР і Польшчай аб ненападзе падпісалі ў ліпені 1932 года, і паляпшэнне стасункаў працягнулася. Істотным крокам сталіся рэпрэсіі супраць як польскіх камуністаў, гэтак і ўдзельнікаў КПЗБ і БСРГ, якія апынуліся ў Беларусі ў выніку абмену палітычнымі вязнямі ў 1930–1932 гадах.

У 1933-м ГПУ сфабрыкавала справу так званага Беларускага нацыянальнага цэнтру (БНЦ). Ініцыятарам выступіў адзін з кіраўнікоў НКВД у БССР Леанід Закоўскі (сапраўднае імя Генрых Штубіс), які пасля гэтай справы стаўся наркамам унутраных справаў, а далей пайшоў на павышэнне і зрабіўся першым намеснікам наркама ўнутраных справаў СССР – пасля Беларусі кіраваў «вялікім тэрорам» у Ленінградзе і Маскве. У жніўні 1938 года Закоўскага расстралялі.

У справе БНЦ асудзілі 108 чалавек, з якіх 40 прыгаварылі да расстрэлу (частцы з іх расстрэл замянілі лагерамі, але пасля 1937 года ўсё роўна расстралялі). Да прыкладу, такую арганізацыю сфабрыкавалі і ва Украіне, дзе асудзілі 50 чалавек.

Паказальны лёс тых, хто ў Заходняй Беларусі быў удзельнікам Беларускага пасольскага клубу, прайшоў праз польскія турмы, а далей быў абменены ў СССР, дзе іх фізічна знішчылі. Некалькі прыкладаў.

Кэпэзэбовец Пятро Мятла быў адным са стваральнікаў БСРГ, у студзені 1927-га арыштаваны палякамі і асуджаны на 12 гадоў турмы. Быў абменены ў 1930-м з СССР, працаваў у Беларускай акадэміі навук. Арыштаваны 1 верасня 1933-га, асуджаны на расстрэл, які замянілі 10 гадамі лагераў. Памёр пры будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу 12 жніўня 1936-га.

Максіма Бурсевіча двойчы арыштоўвалі польскія ўлады за стварэнне беларускіх прыватных школаў, адзін з кіраўнікоў БСРГ, арыштаваны ў лютым 1927-га, асуджаны на 8 гадоў. Тэрмін яму пазней скарацілі да чатырох, пасля яго адбывання быў абменены ў СССР у 1932 годзе. А ўжо ў 1933-м арыштаваны і асуджаны да расстрэлу. Расстрэл замянілі на 10 гадоў лагераў на будоўлі ББК, аднак 9 кастрычніка 1937-га ўсё ж расстралялі.

Павел Валошын, удзельнік КПЗБ і адзін з заснавальнікаў БСРГ, асуджаны палякамі на 12 гадоў, а ў 1932-м абменены ў СССР. 1 верасня 1933 года арыштаваны і асуджаны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лагераў. 9 кастрычніка 1937-га расстраляны.

«Беларускае пытанне»

Пра знішчэнне беларускіх дзеячаў Заходняй Беларусі ў СССР паведамлялася ў Польшчу, а ў студзені 1934 года Сталін адкрыта выступіў на з’ездзе партыі, адзначыўшы паляпшэнне стасункаў паміж краінамі. Пры гэтым па лініі Камінтэрну ў Заходнюю Беларусь працягвалі паступаць сродкі, аднак у значна меншым памеры. У той жа час польскія ўлады зарыентаваліся ў кроках свайго суседа, і ўлетку 1933-га з СССР паступіла прапанова «ўзаемна адмовіцца ад раздзімання нацыянальных праблемаў у абедзвюх краінах». Як следства, савецкія ўлады проста заплюшчвалі вочы на развязанне ў Польшчы «беларускага пытання» – закрыццё школаў і культурніцкіх арганізацыяў ды паланізацыю, а таксама адсутнасць прадстаўніцтва ў польскім парламенце. Гэта ўсё зрабілася магчыма толькі пасля таго, як СССР праз разгорнутыя ў БССР рэпрэсіі прадэманстраваў, што беларускага нацыянальнага руху ён не падтрымлівае.

Hавiны
17 верасня: У чым абсурднасць лукашэнкаўскага «свята народнага адзінства»?
2021.06.08 20:59

СССР у гэты час разыгрываў карту «калектыўнай абароны», скіраванай супраць Нямеччыны, дзе да ўлады прыйшоў Адольф Гітлер. Савецкае кіраўніцтва бачыла ў гэтым магчымасць вярнуцца да плану «сусветнай рэвалюцыі», бо ў выпадку вайны ў Еўропе зноў узнікала б магчымасць «памножыць колькасць савецкіх рэспублік». Таму дзеля гэта была прынесеная ў ахвяру і КПП, і яе адгалінаванні КПЗБ і КПЗУ, пра роспуск якіх у 1938 годзе абвесціў Камінтэрн, падпарадкаваны савецкаму кіраўніцтву. У савецкай прэсе нават пачалі заяўляць, што далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР – гэта заклікі правакатараў, якія выступаюць супраць збліжэння Польшчы ды СССР. Пытанне становішча беларусаў у Заходняй Беларусі не ўздымалася падчас сустрэчаў амбасадараў. СССР такім чынам спрабаваў залагодзіць палякаў, каб атрымаць магчымасць прайсці праз іхную тэрыторыю дзеля дапамогі Чэхаславаччыне, з якою заключылі пагадненне аб вайсковай дапамозе ў выпадку нападу. Адмова ж Польшчы ў 1938 годзе гэта зрабіць урэшце зноў актуалізавала пытанне Заходняй Беларусі. Але гэтым разам картаю скарысталася нацысцкая Нямеччына.

Тэма ж КПЗБ, сябры якой верылі ў Савецкі Саюз, спадзяваліся на яго дапамогу ва ўз’яднанні падзеленага беларускага народу, а ў выніку зведалі на сабе савецкія рэпрэсіі, доўгі час заставалася пад забаронай. І нават цяпер на лёс кэпэзэбоўцаў заплюшчваюць вочы, бо гэта кладзе цень на новае свята – Дзень народнага адзінства, а таксама паказвае сапраўднае стаўленне савецкага кіраўніцтва да тых, хто змагаўся за свой народ, а ў выніку быў прынесены ў ахвяру дзеля геапалітычных амбіцыяў.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў