Шольц правёў тэлефонную размову з Пуціным


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правёў тэлефонную размову з Пуціным, паведамілі ва ўрадзе ФРГ. Гутарка доўжылася паўтары гадзіны і была прысвечаная сітуацыі ва Украіне і яе наступствам.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Оляфа Шольца ў Крамлі. 14 лютага 2022 года.
Фота: kremlin.ru

Шольц заклікаў Пуціна як мага хутчэй знайсці дыпламатычнае рашэнне, арыентаванае на спыненне агню, поўны вывад расейскіх войскаў і павагу тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.

Шольц падкрэсліў, што любыя далейшыя крокі Расеі дзеля анексіі не застануцца без адказу і не будуць прызнаныя ні пры якіх абставінах, а таксама заявіў пра неабходнасць гарантавання бяспекі Запарожскай АЭС.

Федэральны канцлер і прэзідэнт Расеі таксама гаварылі аб харчовай сітуацыі ў свеце, асабліва напружанай у выніку расейскай захопніцкай вайны. Канцлер падкрэсліў важную ролю хлебнага пагаднення пад эгідаю ААН і звярнуўся да прэзідэнта Расеі з просьбаю не дыскрэдытаваць пагадненне і працягваць яго рэалізацыю ў поўным аб’ёме.

Шольц таксама заклікаў Пуціна ставіцца да палонных байцоў у адпаведнасці з нормамі міжнароднага гуманітарнага права, у прыватнасці, Жэнеўскай канвенцыі, і забяспечыць бесперашкодны доступ Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа.

Размова адбылася пасля тэлефоннай размовы канцлера з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на мінулым тыдні (7 верасня).

Hавiны
Шольц размаўляў з Пуціным перад вайной. Пуцін тады заявіў, што Беларусь і Украіна не павінны быць незалежнымі дзяржавамі
2022.08.21 21:04

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў