Беларусь, М’янму і Расею не запрасілі на пахаванне каралевы Вялікай Брытаніі. Нават Іран запрасілі


На цырымоніі развітання чакаюць каля 500 высокапастаўленых палітыкаў з усяго свету. За выключэннем трох краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы. Бішкек, Кыргызстан. 14 чэрвеня 2019 года.
Фота: kremlin.ru

Каралеву Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ пахаваюць 19 верасня. Прадстаўнікоў Расеі, Беларусі і М’янмы не запрасілі на пахаванне, заўважаюць у Бі-Бі-Сі. Пры гэтым Іран будзе рэпрэзентаваны на ўзроўні амбасадараў, хоць Аб’яднанае Каралеўства ўвяло мноства санкцыяў супраць Ірану за парушэнні правоў чалавека.

Каралева Элізабэт ІІ памерла 8 верасня ў веку 96 гадоў. У Вялікай Брытаніі пачалася 10-дзённая жалоба. Сын Элізабэт ІІ, 73-гадовы прынц Чарлз, аўтаматычна стаўся каралём. Ён узышоў на пасад пад імем Чарлза III. 10 верасня ў Лондане адбылася цырымонія афіцыйнага абвяшчэння Чарлза каралём Вялікай Брытаніі. Каранацыя адбудзецца праз некалькі месяцаў.

Увечары 13 верасня труну з целам Элізабэт ІІ даставяць у Бакінгэмскі палац у Лондане, 14 верасня яе перанясуць ва Ўэстмінстэрскі палац, дзе яна прабудзе да дня пахавання. На развітанне з каралевай ужо мінулаю ноччу сабралася чарга.

Уладзімір Пуцін быў першым кіраўніком дзяржавы, які павіншаваў Чарлза ІІІ з узыходам на трон, што асабліва адзначалі расейскія дзяржаўныя медыі. Але на пахаванне Элізабэт ІІ ён не збіраўся: яшчэ 9 верасня прэс-сакратар прэзідэнта Расеі сказаў, што «такі варыянт не разглядаецца». Аляксандр Лукашэнка выражаў спачуванні Чарлзу ІІІ у паведамленні прэс-службы. Лукашэнка і Пуцін збіраюцца сустрэцца на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Самаркандзе 15–16 верасня.

Гісторыі
Каралева памерла. Якой былі Элізабэт II і яе эпоха
2022.09.08 23:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў