За каментар у сацсетках вынеслі прысуд 65-гадоваму жыхару сталіцы


У судзе Партызанскага раёна сталіцы 65-гадовага жыхара Менску Сяргея Барысёнку прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза службовай асобы»). У ліпені пенсіянера ўжо асудзілі паводле гэтага ж артыкулу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле абвінавачвання, Сяргей Барысёнак 13 снежня 2020 года ў сацсетцы «Аднакласнікі», у суполцы «Вусаты таракан» пад фота інспектара ДАІ Малахевіча пакінуў каментар. У паведамленні 65-гадовы мянчук напісаў выказванні кшталту «прыкарытная мярзота». Экспертыза палічыла гэты выраз за абразу.

У выніку суддзя Наталля Дзядкова прысудзіла Сяргею Барысёнку абмежаванне волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў ва ўстанове адкрытага тыпу, з улікам раней вынесенага пакарання паводле гэтага ж артыкулу. Таксама абвінавачаны мусіць выплаціць «пацярпеламу» 1000 рублёў маральнага кампенсавання.

Барысёнак прызнаў сваю віну. Аднак патлумачыў, што пакінуў допіс таму, што ў краіне чыніцца гвалт, а так быць не павінна.

1 ліпеня сёлета Сяргея Барысёнка прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза службовай асобы») і прысудзілі яму два гады «хатняй хіміі». Пацярпелы па справе праходзіў участковы міліцыянт Міхаіл Жарыкаў.

Абноўлена
У Польшчы на запыт пракуратуры з Беларусі затрымалі беларускага ўцекача.
2021.09.13 13:24

СК belsat.eu

Стужка навінаў