«Лёд крануўся, спадары прысяжныя засядацелі!»

Аб прэс-канферэнцыі дэпутата Смаленскай абласной думы ад фракцыі КПРФ Уладзіслава Жывіцы і дэлегата Каардынацыйнай рады Беларусі Яна Рудзіка хочацца пісаць у жанры сатырычнага раману. Тым больш, што нятленная класіка – «Дванаццаць крэслаў» – чытаецца паміж радкоў.

Хочацца пачаць са словаў: «У адну незвычайна спякотную нядзельную жнівеньскую раніцу…» Да гэтага падштурхоўвае тэма прэс-канферэнцыі: «Стварэнне ў Варшаве палітычнай арганізацыі прыхільнікаў незалежнасці… Смаленскай дзяржаўнасці». Назва насамрэч была значна даўжэйшай. У ёй гаварылася, што «Смаленскі Рэспубліканскі цэнтр» будзе дзеяць у саюзе з новай Беларуссю, а таксама Пскоўскай і Цвярской вобласцямі, якія, натуральна, на думку дэпутата, таксама стануць самастойнымі рэспублікамі. Гэта значыць, гаворка ідзе пра тыя землі, якія раней уваходзілі ў склад ВКЛ. Як? Якім чынам? Калі?

Hавiны
Дэпутат Смаленскай абласной думы: Расея павінна быць разбурана
2023.08.13 16:41

І хто ўвогуле будзе ўваходзіць у склад гэтага цэлага «вызваленчага руху» на тэрыторыі Польшчы? Памятаеце, як Астап Бэндэр з Кісам Вараб’янінавым заснавалі «Саюз мяча і арала»? Там і партфелі нават размяркоўваліся. Персанажы, маладыя рамантыкі Уладзя і Нікеша, прапанавалі вылучыць Іпаліта Мацвеевіча ў правадыры дваранства. Былы галосны чалец гарадской думы Чарушнікаў сказаў: «Ён не менш чым міністрам будзе».

На прэс-канферэнцыі Жывіца для пераканаўчасці паказаў свой дэпутацкі мандат і сказаў, што будзе заклікаць «смаленскіх чыноўнікаў і дэпутатаў усіх узроўняў» далучыцца да яго.

Ці варта нагадваць, што з 29 снежня 2013 года ў Расеі дзее закон, які прадугледжвае да пяці гадоў зняволення за публічныя заклікі да падзелу Расеі?

Адразу так і просіцца вядомы кожнаму школьніку дыялог з раману:

– Калі хочаце, вы можаце пайсці.

– Тады я, бадай, пайду.

– Але ўлічыце – у нас доўгія рукі!

– Тады я, мабыць, застануся…

У рамане «Дванаццаць крэслаў» гісторыя «Саюзу мяча і арала» заканчваецца пасля таго, як па горадзе папаўзлі чуткі пра нейкую таемную арганізацыю. Гэтыя чуткі прымусілі ўладальніка публічнай арцелі «Маскоўскія абаранкі» Кіслярскага адправіцца ў губернскую пракуратуру са спецыяльным допраўскім кошыкам. Ну гэта нешта накшталт цяперашняга паходу на размову ў РУУС з пакетам цёплых рэчаў.

Дэпутат Смаленскай абласной думы РФ Уладзіслаў Жывіца дэманструе сваё дэпутацкае пасведчанне. Варшава, 13 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Сам камуніст Жывіца прызнаў, што ён уяўлення не мае, ці жадае яшчэ хоць адзін дэпутат думы аддзялення вобласці ў самастойную рэспубліку. Ён спаслаўся на тое, што нават заікацца на гэтую тэму небяспечна, і зразумела, што ніхто не будзе рызыкаваць. Дык а з чаго ён тады ўзяў, што вобласць, насельніцтва якой імкліва старэе ў выніку адтоку маладых кадраў, пачне патрабаваць незалежнасці ад свайго ўраду? Праўда, дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ён мае на ўвазе тое шчаслівае імгненне, калі адбудзецца «дэакупацыя Беларусі і Расеі». Некалі ж гэта здарыцца. Цяпер, калі дэпутат абласной думы ад фракцыі КПРФ зрабіў публічную заяву (а калі гэта было агучана на скліканай прэс-канферэнцыі, то яна лічыцца публічнай), польскія ўлады наўрад ці дэпартуюць яго на радзіму пасля заканчэння тэрміну візы. Бо цяпер яму там можа пагражаць крымінальны пераслед.

Хачу толькі нагадаць, што калі беларуская дэлегацыя прыехала ў Смаленск, каб ушанаваць памяць ахвяраў на месцы катастрофы польскага самалёта ў Катыні, то нас сустрэлі пікетамі. На здымку выдатна бачна, што напісана на плакатах і хто арганізатар і ўдзельнік гэтага мерапрыемства. Дарэчы, менавіта мясцовыя камуністы выклікалі на нас паліцыю і патрабавалі, каб яна забрала ў здымачнай групы «Белсату» камеру. Дайшло да таго, што паліцыянты заявілі, што журналістаў не пусцяць у мемарыяльны комплекс і ўвогуле яны будуць затрыманыя на нявызначаны тэрмін.

Фота з асабістага архіву аўтаркі

Што ж тычыцца сепаратысцкіх настрояў у самой Расеі, то зразумела, што Смаленская вобласць у гэтым сэнсе зусім бяскрыўдная для крамлёўскіх палітыкаў. Расейскія эксперты самымі праблемнымі называюць такія рэгіёны, як Дагестан, Чачэнія, Інгушэція, Тува, Татарстан і Башкартастан. Яшчэ ў 2007 годзе лідар «Абласніцкай Альтэрнатывы Сібіры» апублікаваў на маскоўскім сайце вынікі сацыялагічнага апытання, у якім за аўтаномію Сібіры выказалася каля 60 % апытаных, за яе дзяржаўную незалежнасць – каля 25 %. На пытанне, «кім вы сябе лічыце – «расяянінам», «расейцам» ці «сібіраком», 80 % адказалі «сібіраком» і толькі 12 % – «расейцам».

Гэтая тэма дастаткова сурʼёзная для Расеі. Асабліва цяпер, калі супярэчнасці, звязаныя з вайной і прымусовай мабілізацыяй, павялічваюць цэнтрабежныя тэндэнцыі. Ці ўдасца Крамлю ўтрымаць тэрыторыі з каштоўнымі прыроднымі багаццямі? Як павядуць сябе Комі, Саха (Якуція), Ямала-Ненецкая, Ханты-Мансійская і Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномныя акругі?

Але застаюцца ж і такія тэрыторыі, дзе вялікую ролю адыгрывае знешні фактар, ​​– Калінінградская, Амурская і Сахалінская вобласці, Прыморскі і Хабараўскі край, а таксама Курыльскія выспы.

А былі ж зусім нядаўна і спробы аддзялення Свярдлоўскай вобласці ва Уральскую рэспубліку. Нават дакументы рыхтаваліся на афіцыйным узроўні. Губернатарам падпісваліся. Успомнім Татарстан, успомнім Чачэнію і якую цану заплаціў чачэнскі народ.

Каментар
«Вупыру пастаянна патрэбная кроў». Як жыве пад кадыраўцамі і рыхтуецца да свабоды Чачэнія
2023.07.20 08:20

На гэтым фоне заявы маладога камуніста падаюцца не надта грознымі і сурʼёзнымі. Але ў любым выпадку ягоная заява аб тым, што Расея не павінна існаваць як дзяржава ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер, гучыць прынамсі аптымістычна і жыццесцвярджальна. Але ўсё роўна хочацца скончыць словамі з несмяротнага твору: «Скажу па шчырасці, Кіса, я не ведаю ўсяго таго, што з намі здарыцца заўтра, але неўміручасць я вам гарантую. Пройдуць гады, Кіса, а яны пройдуць, шмат што забудзецца, але ўдзячныя нашчадкі ніколі не забудуць…»

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў