Літва пратэстуе супраць закрыцця літоўскай школы ў Беларусі


Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала ў амбасаду Беларусі ў Вільні ноту пратэсту ў сувязі з прыпыненнем працы літоўскай школы ў Беларусі ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён).

Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

У дакуменце заяўляецца «пратэст супраць дзеянняў уладаў Беларусі, накіраваных на закрыццё літоўскай сярэдняй школы ў Пялесе, якая ўтрымліваецца літоўскаю дзяржаваю».

«Гэтыя дзеянні ёсць працягам мэтанакіраванай дзейнасці ўладаў Беларусі для ліквідацыі літуаністычнай адукацыі ў Беларусі і парушаюць двухбаковыя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, а таксама міжнародныя канвенцыі, якія ўстанаўліваюць права прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў на навучанне на роднай мове», – зазначае МЗС.

Прадстаўнікі Інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Беларусі, якія наведалі 11 жніўня літоўскую сярэднюю школу ў Пелясе, заявілі, што выявілі парушэнні ды прыпынілі яе дзейнасць. Літоўскае Міністэрства адукацыі адзначае, што раней такіх заўваг не было.

Літоўская школа ў Пелясе дзеіць з 1992 года на сродкі ўладаў Літвы. Яшчэ адна школа працуе ў вёсцы Рымдзюны (Астравецкі раён).

Раней стала вядома, што з наступнага навучальнага года выкладанне ў польскіх школах Горадні і Ваўкавыску перавядуць на расейскую мову.

Hавiны
Польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску будуць русіфікаваныя
2022.04.07 23:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў