«Yara» вырашыла перагледзець супрацу з «Беларуськаліем»


Святлана Ціханоўская на сустрэчы з «Yara».
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

13 жніўня ў Осла Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніком нарвежскай кампаніі «Yara» Свайнам Турэ Гулсэтэрам, прысвечаную правам чалавека, дэмакратыі ды сітуацыі з працаўнікамі «Беларуськалію», у якога «Yara» набывае калійныя ўгнаенні.

«Yara» – важны доўгатэрміновы партнёр для Беларусі. Аднак, улічваючы, што працягваецца масавы тэрор рэжыму, мы лічым, што для «Yara» надышла пара спыніць сваю дзейнасць у Беларусі да таго часу, пакуль у нашай краіне не адновяцца законнасць і дэмакратыя, пакуль не будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні. На сённяшняй сустрэчы з кіраўніцтвам «Yara» я падкрэсліла, што мы будзем радыя бачыць іх кампанію ў якасці партнёра свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў будучыні», – адзначыла Святлана Ціханоўская ў супольнай заяве.

У сваю чаргу Свайн Турэ Гулсэтэр заявіў, што «Yara» вырашыла перагледзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне аб далейшай прысутнасці ў Беларусі.

«Тым часам мы працягнем выкарыстоўваць сваё становішча дзеля далейшага прасоўвання пытання бяспекі працоўных і правоў чалавека», – падкрэсліў ён.

Падчас свайго візіту ў Нарвегію Святлана Ціханоўская таксама правяла перамовы з міністрам замежных справаў, сустрэлася з кіраўнікамі некалькіх міжпарламенцкіх дэлегацыяў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, а таксама з беларускай дыяспарай у Нарвегіі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў