Ціханоўская і Бурэль абмеркавалі прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за суўдзел у вайне


Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавых справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль праз тэлефон абмеркавалі падтрыманне Беларусі і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, паведамляюць палітыкі ў сацыяльных сетках.

Святлана Ціханоўская выступае са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. Страсбур, Францыя. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавых справах і палітыцы бяспекі, паведаміў пра тэлефонную размову з лідаркаю дэмакратычнай Беларусі Святланаю Ціханоўскаю.

«У гутарцы з лідаркаю беларускай апазіцыі Святланаю Ціханоўскай я пацвердзіў непахіснае падтрыманне Еўразвязам барацьбы беларускага народу за ўласную будучыню і суверэнітэт Беларусі, які цяпер пад пагрозаю з прычыны суўдзелу Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны», – напісаў Жузэп Бурэль у Twitter.

Святлана Ціханоўская таксама агучыла некаторыя акалічнасці тэлефоннай размовы з Жузэпам Бурэлем.

«Ён запэўніў мяне ў поўным падтрыманні нашай барацьбы за свабоду і суверэнітэт. Мы абмяркоўвалі далейшыя санкцыі і тое, як прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за суўдзел у вайне і рэпрэсіі. Гаварылі і пра падтрыманне беларусаў, якія ўцяклі ад тэрору», – напісала Ціханоўская.

Hавiны
Беларусь спрабавала пахваліцца мэтамі ўстойлівага развіцця. Штаб Ціханоўскай перашкодзіў
2022.07.13 15:25

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў