Пабачыць вясну Міколы Статкевіча


Нечаканы фільм пра неймаверную беларускую сям’ю. Распавядае рэжысёрка Вілія Казлова.

Далёкі ўжо 2017 год. Мы планавалі запісаць некалькі фразаў для кароценькага навіннага матэрыялу. Дамовіцца было досыць складана – Мікола тады арганізоўваў пратэсты дармаедаў, нядаўна выйшаў на волю пасля затрымання з нагоды дэманстрацыі 25 сакавіка. І мы пастанавілі з’ездзіць з ім на могілкі, акурат была Радаўніца – і чалавека падвязём, і каментар запішам. Хто тады ведаў, што там гісторыя – на шматсерыйны фільм…

Продкі Статкевіча мяняліся землямі з Радзівіламі, ездзілі на размовы да Івана Грознага і ўжо тады паказвалі свой характар. Не адмовіліся ад сваёй веры, праваслаўя, і за гэта страцілі магчымасць займаць высокія пасады ў Рэчы Паспалітай. У фільме ён найбольш распавядае пра сваіх дзядоў – з матчынага і бацькавага боку. Гісторыі розныя, але абедзве – пра асабісты выбар ва ўмовах страху.

Слухала і заўважала за сабою, як пачынаю хацець шукаць вінаватых, як расце жаданне помсты. Як у галаве не змяшчаецца – і нашыя людзі гэтак рабілі? Але Мікола распавядаў далей, і рабілася зразумелым, што ўсё ў свеце ўзаемазвязанае, і крыўда аднаму ў рэшце рэшт прывядзе да крыўды іншаму. І можна бясконца помсціць. І толькі глыбокае разуменне ўсіх працэсаў дазваляе выгадаваць у сабе чалавека.

Гісторыя сям’і Статкевіча – як адлюстраванне гісторыі ўсяго народа Беларусі: неадназначная, поўная болю, здрады і падтрымання. Часам хочацца забыць, забіць. Але.

Калі чалавек ведае гісторыю свайго роду, ён разумее сябе. А разумець сябе, не хлусіць сабе, ведаць, які ты, – вельмі важна ў жыцці.

Гэтыя словы Міколы не ўвайшлі ў канчатковую версію, але менавіта яны натхнялі мяне на працягу ўсёй працы над фільмам.

Гісторыю запісалі – і адклалі. Усё не было часу. То адно, то другое. Як заўсёды. І вось прайшло чатыры гады, Мікола ўжо год як за кратамі. Затрымалі на наступны дзень пасля арышту Сяргея Ціханоўскага. Пракуратура накіравала справу адразу ў Вышэйшы суд, каб яго пастановы нельга было абскардзіць. Сёлета Мікола чарговы раз не пабачыць вясны…

На жаль, у яго ў гэтай справе багаты досвед: Статкевіч правёў у турме больш за 6 гадоў, яшчэ некалькі гадоў перад гэтым – у калоніі. Можна пералічваць артыкулы з Крымінальнага кодэксу, але сэнсу ў гэтым няшмат. Чалавек сядзіць у турме за імкненні зрабіць нашае жыццё лепшым. Чалавек адораны, або пакараны, пачуццём адказнасці за супольнасць.

Вельмі спадзяюся, што гэтая гісторыя вам адгукнецца. Сярод нас жывуць фантастычныя, натхняльныя людзі з неймаверна цікавай гісторыяй. Заўсёды жылі. І штодня мы робім выбар, які ўнёсак у нашую гісторыю робім мы самі.

P. S. Першая мая праца пад псеўданімам. Сумна і нават сорамна, што я жыву ў краіне, дзе для бяспекі сваёй сям’і трэба хаваць той факт, што запісала гісторыю годнага чалавека. Супакойваю сябе адным – што падпісваюся імем сваёй бабулі. Яна некалі марыла працаваць у кіно, але калі праз раненні, атрыманыя на вайне, памёр ейны бацька, марам пра мастацтва прыйшоў канец. Яна ўсё жыццё прапрацавала на заводзе хімікам. Хоць бы гэтым подпісам хачу падзякаваць ёй за тое, што яна прысвяціла жыццё дабрабыту сваёй сям’і і збудавала неабходны падмурак, каб я, ейная унучка, магла споўніць нашую супольную мару.

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў