«Гэта адзіная істота побач, якая яго шчыра любіць». Чаму Лукашэнка паўсюль цягае з сабой шпіца


Расказваем, як белы шпіц зрабіўся самым знакамітым сабакам Беларусі, ці сапраўды «малы» замяніў Колю Лукашэнку і якія публічныя гадаванцы ёсць у іншых палітыкаў.

Аляксандра Лукашэнку першы раз заўважылі са шпіцам у 2020 годзе.
Фота: Пул Первого / Telegram

Нядаўна прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі пахвалілася чарговымі кадрамі, якія больш паходзяць на кепскі жарт: на палігоне ў Ашмянскім раёне палітык інспектаваў вайскоўцаў, трымаючыся як за апошнюю надзею за свайго гадаванца – сабаку Умку. Белы шпіц з абыякавым выглядам слухаў, як лукашэнкаўскія генералы будуць супрацьстаяць Захаду. Да гэтага сабака ездзіў з афіцыйнымі візітамі ў іншыя краіны, сядзеў на сталах прэзідэнтаў, наведваў тэатры і стадыёны, куды звычайным жывёлінам праход забаронены. Не выключана, што сабака пакутуе на атлусценне і яго возяць у дзіцячым вазку. Мяркуючы з усяго, шпіц і ягоны гаспадар з жыцця цалкам задаволеныя.

Упершыню белы шпіц з’явіўся з Лукашэнкам на суботніку 25 красавіка 2020 года. Гаспадар садзіў дрэвы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, а ягоны пухнаты гадаванец сядзеў у кашы для саджанцаў.

Да гэтага Лукашэнка не браў з сабой жывёлінаў, хоць іх у яго даволі шмат. Ягоная рэзідэнцыя хутчэй нагадвае ферму: там ёсць пародзістыя каровы, кітайскія і звычайныя куры, страусы, індакачкі, качкі, гусі, індыкі, трусы, козы, авечкі, коні. Была яшчэ інфармацыя пра трох катоў і мінімум пяцёх сабакаў, сярод якіх акрамя шпіца – дзве лайкі, лабрадор і нямецкая аўчарка. Чорнага лабрадора Лойда ў 2009-м Лукашэнку падарылі памежнікі, а шчанюка нямецкай аўчаркі – былы дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін.

Аляксандр Лукашэнка з сабакам у раёне размяшчэння танкавага батальёну на ашмянскім тактычным кірунку. 26 сакавіка 2024 года. Здымак з
відэа: Пул Первого / Telegram

Хто і калі падарыў Лукашэнку шпіца, гісторыя замоўчвае. Гэтая парода сабакаў вельмі дарагая: шчанюк белага шпіца можа каштаваць больш за 2000 долараў.

Узлёт палітычнай кар’еры Умкі

Да студзеня 2021 года сабака з Лукашэнкам у кадры асабліва не мільгаў. Але аднойчы падчас інтэрв’ю Лукашэнкі з расейскаю журналісткаю Наілёй Аскер-задэ ў доме, дзе жыла маці Лукашэнкі, у Александрыі, шпіца пасадзілі проста на стол, за якім вялася размова і дзе стаялі талеркі з ежаю. З таго часу панеслася. Цікава, што гаспадар называе свайго гадаванца «малы», гэтак жа, як калісьці паўсюль называў малодшага сына Колю.

Шпіц на стале падчас інтэрв’ю Лукашэнкі расейскай журналістцы Наілі Аскер-задэ. Травень 2021 года.
Фота: nailya_askerzade / Instagram

Упершыню Умка сустрэўся з прэзідэнтам іншай краіны ў траўні 2021 года. Шпіц прысутнічаў падчас нефармальнай сустрэчы Лукашэнкі і экс-прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона. Потым палітычная карʼера шпіца пайшла ўгару. Умка прысутнічаў на расейска-беларускіх вучэннях «Захад-2021». Пасля адбылася першая паездка Умкі за мяжу, пра якую стала вядома публічна: 16 верасня 2021 года шпіц трапіў на саміт АДКБ і ШАС у Таджыкістане. Там сабаку сфатаграфавалі ў рэзідэнцыі прэзідэнта Эмамалі Рахмона, і шпіц ізноў быў на стале.

Умку ўзялі ў працоўную паездку на Далёкі Усход 14 красавіка 2022 года, дзе праходзілі перамовы Лукашэнкі і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Потым 17 верасня быў працоўны візіт у Самарканд, дзе асабістая доктарка Лукашэнкі Святлана Канашэнка вазіла сабаку ў дзіцячым вазку. З апошніх замежных паездак шпіца – наведванне ААЭ. Умка сядзеў на стале падчас таго, як Лукашэнка выпіваў з бізнесоўцам і экс-кіраўніком Беларускай федэрацыі тэнісу Сяргеем Цяцерыным за перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленкі.

Шпіц сядзіць у дзіцячым вазку ў Самаркандзе, Узбекістан. Лістапад 2022 года.
Фота: Пул Первого / Telegram

Шпіц мае прывілеі не толькі палітычныя. Напрыклад, сабака можа трапляць у грамадскія месцы, дзе жывёлінам быць не дазволена. 25 снежня 2022 года Святлану Канашэнку разам са шпіцам заўважылі ў гэтак званай царскай ложы тэатру «Большой» у Маскве, куды не пускаюць наведнікаў з сабакамі. 

Сабака наведвае хакейныя матчы: ці сядзіць разам з гаспадаром, ці назірае за ягонаю гульнёю. Шпіц ездзіць з Лукашэнкам у працоўныя паездкі па фермах і палігонах, бярэ ўдзел у зборы кавуноў і нават мае свой фірмовы мэрч.

Самотная восень патрыярха

Раней Лукашэнка паўсюль цягаў з сабою малодшага сына Мікалая. Ці сапраўды шпіц цяпер заняў ягонае месца?

«Тое, што раней Лукашэнка паўсюль браў з сабою Мікалая, якраз вельмі зразумела, бо дзеці – тое, што робіць вобраз палітыка больш чалавечным, успрымальным для вялікай колькасці людзей. Але Коля вырас, стаўся дарослым і цяпер, можа, сам не хоча выконваць рэпрэзентацыйных функцыяў для свайго бацькі. Па-другое, цяпер ён не выклікае адназначна станоўчых эмоцыяў, якія ён выклікаў, калі быў маленькім хлопчыкам», – кажа ў каментары «Белсату» медыйная даследніца, доктарка навук Ірына Сідорская.

Аляксандр Лукашэнка і Умка на хакеі ў Горадні, Беларусь. 24 красавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Паводле эксперткі, калі дзеці вырастаюць, іхнае месца могуць заняць гадаванцы. Насамрэч гэта класічны прыём: шмат палітыкаў з’яўляюцца дзесьці публічна з сабакамі ці іншымі гадаванцамі. Толькі ў кіраўніка Беларусі гэтага зашмат і набывае рысы крынджу. Гэтак, шмат крытыкі выклікае тое, што шпіца часта запускаюць на сталы з ежаю.

«Шпіц не дае сапраўднага станоўчага эфекту: людзі ці смяюцца, ці абураюцца, калі сабака на стале ці яго возяць у дзіцячым вазку. Гэта не выклікае добрых эмоцыяў у большасці. Гэта стварае адмоўныя ўражанні, бо не ўсе любяць сабакаў: хтосьці мае алергію, хваробы. А сабака на стале – гэта негігіенічна.

Але Лукашэнка такім чынам паказвае, што яму закон не пісаны, ён можа рабіць што хоча, і яму ніхто не пярэчыць. Гэта лёс дыктатараў: з аднаго боку, ты робіш што хочаш, з другога – робішся цалкам самотным чалавекам, акрамя сабакі нікога блізкага побач няма», – разважае Ірына Сідорская.

Калі паглядзець на гадаванцаў палітыкаў іншых краінаў, то часцей за ўсё гэта будуць пароды моцных вялікіх сабакаў. Чаму ў выпадку Беларусі менавіта шпіц?

Шпіц Умка на стале, пакуль Аляксандр Лукашэнка працуе з дакументамі.
Фота: Пул Первого / Telegram

«Магчыма, гэта асабісты выбар, густ Лукашэнкі. Хатнія гадаванцы робяць вобраз больш гуманістычным, чалавечным, выклікаюць станоўчыя эмоцыі. Лукашэнка – самотны чалавек. У яго няма жонкі ў публічнай прасторы, братоў і сясцёр, сяброў, дзеці ўжо дарослыя. Ён і выглядае самотна, калі аддае загады кіраўнікам, якімі кіруе сам.

Можа быць, гэты сабака – адзіная істота побач, якая яго шчыра любіць.

У Беларусі створаны культ асобы чалавека, галоўнага ў краіне, і ў такой сітуацыі сяброў няма, ёсць толькі падначаленыя, электарат. Калі бачыш кадры самотнага Лукашэнкі разам са шпіцам у купелі, нават робіцца яго шкада [19 студзеня 2021 года, калі праваслаўныя вернікі святкавалі Вадохрышча, шпіц піў вадохрышчанскую ваду з кубка і назіраў, як Аляксандр Лукашэнка акунаўся ў купель. – Заўв. аўт.]», – адзначае суразмоўца.

Лукашэнку хочуць дадаць чалавечнасці?

PR-тэхнолагі сцвярджаюць, што з’яўленне палітыка з жывёлінаю можа быць скарыстана для ўмацавання ягонага вобразу як спагадлівага, клапатлівага і эмпатычнага лідара. Выкарыстанне жывёлы ў публічных выступах часта прыцягвае ўвагу медыяў і грамадскасці. Гэта можа быць выкарыстана як стратэгія для прыцягнення ўвагі да вызначанай тэмы ці, наадварот, адцягнення ад нейкай праблемы.

Аляксандр Лукашэнка з Умкам.
Фота: Пул Первого / Telegram

Запыталі ў штучнага інтэлекту, што Умка дае іміджу Лукашэнкі. Атрымалі такі адказ:

«Умка можа дапамагчы стварыць вобраз Лукашэнкі як чалавека, які шануе блізкасць сям’і і хатняй утульнасці. Бачачы прэзідэнта ў кампаніі свайго гадаванца, людзі могуць ставіцца да яго больш сімпатычна і ўспрымаць яго як звычайнага чалавека з хатнімі клопатамі і радасцямі.

Прысутнасць гадаванца можа дапамагчы ўстанавіць эмацыйную сувязь з грамадствам. Умка можа выклікаць станоўчыя эмоцыі ў людзей, што можа павысіць іхнае ўспрыманне Лукашэнкі і змякчыць ягоны вобраз. У цэлым наяўнасць гадаванца, як Умка, можа дапамагчы Лукашэнку стварыць больш чалавечны і прывабны вобраз у вачах грамадскасці, што можа спрыяць умацаванню ягонай папулярнасці і легітымнасці ў якасці лідара.

З’яўленне Лукашэнкі разам з гадаванцам можа падкрэсліць ягоны вобраз як лідара, блізкага да народу. Шпіц, як правіла, асацыюецца з сямейнай і хатняй утульнасцю, што можа ствараць уражанне, быццам Лукашэнка – звычайны чалавек, які шануе сямейныя каштоўнасці і цёплыя стасункі».

Сабакі у топе гадаванцаў заходніх лідараў

Сабакаў актыўна выкарыстоўваюць у прасоўванні заходніх палітыкаў. Гэтак, напрыклад, былы канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель мела некалькі сабакаў, у тым ліку лабрадора. Яна не раз паказвалася з сабакамі ў публічных імпрэзах і падчас інтэрв’ю, а таксама па-за працаю.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон побач з лабрадорам-грыфонам на мянушку Нэлі ў чаканні госця ў палацы дэ ль’ЭлізЭ ў Парыжы, Францыя. 28 жніўня 2017 года.
Фота: Charles Platiau / Reuters / Forum

Гергард Шрэдэр, былы канцлер Нямеччыны, таксама вядомы любоўю да жывёлінаў. У яго была нямецкая аўчарка Боні. Гэты сабака часта суправаджаў Шрэдэра на розных імпрэзах і ў паездках, браў удзел у афіцыйных сустрэчах і фотасесіях. У прэсе былі апублікаваныя мноства здымкаў, дзе Шрэдэр абдымае сабаку, гуляе з ім. Акрамя таго, Шрэдэр быў вядомы намаганнямі ў галіне абароны правоў жывёлы і прыроды ў цэлым.

У прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ёсць сабака на мянушку Нэлі. Ён таксама расказваў пра свайго папярэдняга сабаку Фігара.

У 2014 годзе былому прэзідэнту Францыі Франсуа Алянду падарылі шчанюка-лабрадора. Падарунак зрабіў Фонд французскіх ветэранаў Манрэалю на знак падзякі.

У яшчэ аднаго экс-прэзідэнта Францыі Жака Шырака была мальтыйская балонка Сумо. У 2009 годзе медыі паведамілі, што, пасля таго як ён пакінуў пасаду кіраўніка дзяржавы і прэзідэнцкую рэзідэнцыю, сабака зрабіўся агрэсіўны і за кароткі прамежак часу тройчы ўкусіў гаспадара. Пасля гэтага пастанавілі адправіць Сумо на ферму ў адной з французскіх вёсак.

У прэм’ер-міністра Канады Жустэна Трудо ёсць некалькі хатніх гадаванцаў, у тым ліку сабака Кенэдзі.

У прэзідэнтаў ЗША мець сабаку ў рэзідэнцыі – традыцыя вельмі даўняя. Доналд Трамп быў першы, хто гэтую традыцыю парушыў у свой час.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн размаўляе праз мабільны тэлефон у рэзідэнцыі ў Белым доме. На канапе ляжыць адна з ягоных аўчарак. Вашынгтон, ЗША. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Adam Schultz / White House / Zuma Press / Forum

У цяперашняга лідара ЗША Джо Байдэна ёсць дзве нямецкія аўчаркі – Чэмпіён і Мэйджар. Прэзідэнт ЗША расказваў, што ў яго яшчэ ў дзяцінстве былі сабакі такой пароды. Чэмпіён з’явіўся ў сям’і незадоўга да таго, як Байдэн стаўся віцэ-прэзідэнтам. Імя выбралі невыпадкова: бацька Джоўзэфа Байдэна казаў яму «Уставай, чэмпіён», калі той адчуваў сябе прыгнечаным. Мэйджар моцна маладзейшы – трапіў у сямʼю ў 2018 годзе з прытулку для бяздомных сабакаў Дэлаўэрскай гуманістычнай асацыяцыі. Сабакі часта зʼяўляюцца разам з Байдэнам і ягонаю сямʼёю на афіцыйных імпрэзах і мільгаюць на фота ў афіцыйных сацыяльных сетках.

У спісе гадаванцаў былога прэзідэнта ЗША Джорджа Буша – малодшага – тры сабакі, котка і нават карова, якая жыла на ранча ў Тэхасе. У 2013-м у веку 12 гадоў памёр адзін з ягоных сабакаў, шатландскі тэрʼер Барні. «Хлопчык быў побач са мною цягам нашых васьмі гадоў у Белым доме. Ён ніколі не абмяркоўваў палітыкі і заўсёды быў верным сябрам», – заявіў Буш пасля смерці сабакі.

У былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы і ягонай жонкі Мішэль – два партугальскія вадзяныя сабакі Бо і Сані. Барак Абама часта фатаграфаваўся ў кампаніі сабакаў, тыя часта суправаджалі яго на афіцыйных імпрэзах і ў паездках.

Таталітарны звярынец

Любяць паказвацца з жывёлінамі і кіраўнікі недэмакратычных рэжымаў.

У прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна былі некалькі сабакаў розных пародаў. Самым знакамітым сабакам прэзідэнта быў лабрадор Коні. Шчанюка ў 2000 годзе яму падарыў тагачасны кіраўнік МНС Сяргей Шайгу. Коні памерла ў 2014 годзе.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін глядзяць на лабрадора Коні ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Сочы, Расея. 21 студзеня 2007 года.
Фота: TopFoto / Novosti / Topfoto / Forum

У 2010 годзе ад былога прэм’ер-міністра Балгарыі Бойка Барысава Пуцін атрымаў балгарскую аўчарку Бафі. А праз год губернатар паўночнай японскай прэфектуры Акіта Норыхіса Сатакэ падарыў Пуціну шчанюка рэдкай пароды акіта-іну Юмэ. У 2017 годзе прэзідэнт Туркменістану падарыў Пуціну на 65-годдзе шчанюка-алабая на мянушку Верны.

Пуцін вядомы любоўю да коней, якіх яму таксама перыядычна дораць. Напрыклад, кіраўнік Іярданіі падарыў Пуціну на дзень нараджэння чатырох высакародных арабскіх скакуноў. У 2005 годзе на іпадроме ў Казані, дзе праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па конным спорце на прыз прэзідэнта, Пуціну падарылі самага маленькага каня ў свеце – усяго 54 см у карку.

Дораць расейскаму кіраўніку і іншых, больш экзатычных жывёлінаў. У кастрычніку 2008 года, калі Пуцін быў старшынём ураду Расеі, ён атрымаў у падарунак усурыйскую тыгрыцу, якую назвалі Машай. А ў 2002-м тагачасны мэр Масквы Юрый Лужкоў у якасці сімвала надыходнага года падарыў Пуціну белую казу Казку.

У чачэнскага лідара Рамзана Кадырава – цэлы заапарк: аўчаркі Тарзан і Жулік, лабрадоры, леў Малы, тыгр, а таксама жарабцы, якія бяруць прызы ў Дубаі, і некалькі котак.

Лідар КНДР Кім Чэн Ын вядомы любоўю да коней. У публікацыях і трансляцыях паказвалі, як ён конна праязджае па розных раёнах краіны. Палітык часта паказваецца на конях на публічных імпрэзах і падчас афіцыйных візітаў. Фотаздымкі і відэазапісы, што распаўсюджваюцца дзяржаўнымі медыямі КНДР, часта паказваюць яго на кані, што можа служыць для падкрэслення ягонай улады і аўтарытэту.

СП belsat.eu

Стужка навінаў