Менскі гарадскі суд прызначыў на 19 красавіка новы працэс над ужо асуджанай экс-працаўніцай Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ксеніяй Луцкіной, паведамляе радыё «Свабода».
У верасні 2022 года Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў зняволення за «змову або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК РБ).
За што журналістку будуць судзіць цяпер – невядома. Побач з датай судовага паседжання пазначаная наступная фармулёўка: «разгляд пытанняў, звязаных з вынясеннем прысуду, пастановы на выкананне».
У зняволенні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем – пачала расці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад рэгулярных галаўных боляў журналістка вымушаная прымаць болеспатольныя сродкі. У лютым Луцкіна перахварэла на двухбаковую пнеўманію.
Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. У яе ёсць малы сын.
Марыя Міхалевіч belsat.eu