У палітвязня Мікіты Емяльянава пагоршылася здароўе ў карцары


Родныя палітзняволенага Мікіты Емяльянава распавялі «Белсату», што ў вязня пагоршылася здароўе. Раней Мікіту пакаралі 35 соднямі карцару, адбываць пакаранне ён будзе да 16 красавіка.

Мікіта Емяльянаў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Родныя палітычнага вязня Мікіты Емяльянава даведаліся, за што яго пакаралі 35 соднямі карцару:

«Штодня яму загадваюць прыбіраць дворык для шпацыру. А Мікіта штодня адмаўляецца. Склалі на яго шмат рапартаў за тое, што не падпарадкоўваецца».

Таксама стала вядома, што ў карцары ў Мікіты пачаліся праблемы са здароўем. Паводле сваякоў вязня, гэта наступствы ежы, якую там даюць. У Мікіты пачалася пякотка, хлопцу прапісалі нейкія пігулкі:

«Цяпер у карцары Мікіта робіць штодня фізічныя практыкаванні. Паўтарае з памяці нямецкую мову і геаграфію, каб мозг працаваў. У карцары ацяплення хапае, раней было горш».

Калі Мікіта быў у звычайнай камеры, яшчэ да 12 сакавіка, за восем дзён яму не ўручылі ніводнага ліста.

Артыкулы
Дзіцяці без бацькоў цяжка. Чым жыве і пра што марыць няпоўнагадовы палітвязень Максім Шатохін
2022.01.21 14:37

21-гадовага актывіста анархісцкага руху Мікіту Емяльянава затрымалі ў кастрычніку 2019-га, пазней судзілі за тое, што кінуў лямпачку з чырвонаю фарбай у будынак Менскага гарадскога суда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам, а потым Мікіта двойчы кідаў кактэйль Молатава ў дзверы ізалятару на Валадарскага.

Свой учынак хлопец патлумачыў тым, што выступае супраць пераследу палітычных вязняў. У лютым 2020 года Мікіту назвалі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і засудзілі на 7 гадоў зняволення, але ў выніку апеляцыі пакаранне зменшылі да 4 гадоў. Спачатку хлопец адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі, потым яго як парушальніка рэжыму перавялі ў магілёўскую крытую турму № 4.

У Магілёве Мікіту Емяльянава асудзілі на два гады пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнне правілаў унутранага распарадку»), а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней не адбытага пакарання 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Мікіту палітычным вязнем.

Мікіта Емяльянаў адбывае пакаранне ў турме. Падтрымайце яго лістом:

Турма № 4, вул. Крупскай, 99А, 212011, г. Магілёў

Артыкулы
«Ён хацеў быць – як Кастусь Каліноўскі». Маці анархіста Мікіты Емяльянава пра сына і ягоную галадоўку за кратамі
2022.02.23 15:59

belsat.eu

Стужка навінаў