«Рэмісія даўжынёю ў жыццё». У Расеі фонд дапамогі нарказалежным прызналі замежным агентам


Аўтобус фонду «Гуманітарнае дзеянне».
Фота: Белсат

У снежні 2020 года Суд Пецярбургу прызнаў замежным агентам дабрачынную арганізацыю «Гуманітарнае дзеянне». Фонд працуе з наркаспажыўцамі ўжо 20 гадоў, не займаецца палітычнай дзейнасцю. З пастановай Міністэрства юстыцыі РФ фонд не згодны і плануе абскардзіць яе. Мы пагутарылі з работнікамі і падапечнымі фонду аб тым, як замежны агент дапамагае наркаспажыўцам.

Па дапамогу да дэпутата – палітычная дзейнасць

Сіні аўтобус ветліва расхінае дзверы – людзі з нарказалежнасцю, у тым ліку і тыя, хто мае ВІЧ-станоўчы статус або гепатыт, атрымліваюць тут бясплатную медычную дапамогу. Тут можна здаць аналіз на ВІЧ, вымераць тэмпературу і перавязаць постін’екцыйныя раны. Па шырэйшую дапамогу людзі могуць звярнуцца ў бясплатны медычны цэнтр фонду «Гуманітарнае дзеянне».

Кіраўнік медычнай праграмы фонду Надзея Пашутава.
Фота: Белсат

«Мы надаем нізкапарогавую медычную дапамогу: сюды можа звярнуцца любы чалавек у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Тут ён атрымае кансультацыю, дапамогу, і мы можам адправіць яго для атрымання меддапамогі ў роднасныя медычныя арганізацыі. Галоўны наш прынцып – зніжэнне шкоды, памяншэнне медычных і сацыяльных наступстваў ужывання», – тлумачыць кіраўніца медычнай праграмы фонду Надзея Пашутава.

Праект «Гуманітарнае дзеянне» фінансуюць Фонд Элтана Джона для барацьбы са СНІДам і Глабальны фонд барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй. Падтрымлівала і дзяржава – некалькі разоў удалося атрымаць грошы ад Фонду прэзідэнцкіх грантаў і субсідыі ад гарадскіх камітэтаў. Замежнае фінансаванне стала адной з прычынаў атрымання фондам статусу «замежны агент». Другой важнай прычынай, зыходзячы з тлумачэнні Міністэрства юстыцыі РФ, стаў зварот фонду па дапамогу да дэпутата – гэта чыноўнікі палічылі палітычнай дзейнасцю.

Гендырэктар фонду «Гуманітарнае дзеянне» Сяргей Дугін.
Фота: Белсат

«Мы напісалі ліст дэпутату з просьбай разабрацца, чаму ў краіне адсутнічае важны прэпарат («Налаксона»). Калі ў чалавека перадазаванне, то хуткая прыязджае і робіць яму гэты ўкол, і ратуюць чалавека ад смерці. Прэпарату не было наогул у краіне. Мы дэпутату напісалі і папрасілі яму дапамагчы з гэтым разабрацца. Ён напісаў дэпутацкі запыт у Міністэрства аховы здароўя і на эндакрынны завод, які адзіны выпускае гэты прэпарат. І праз месяц-паўтара яго пачалі выпускаць. Гэта Мінюст палічыў нашай палітычнай дзейнасцю», – тлумачыць гендырэктар фонду Сяргей Дугін.

У праекце працуюць дактары розных кірункаў: тэрапеўт, хірург, гінеколаг, афтальмолаг і лор. За месяц у медцэнтры праводзіцца прыкладна па 60 кансультацыяў. «Гуманітарнае дзеянне» актыўна супрацоўнічае з гарадской наркалагічнай больніцаю Пецярбургу і Цэнтрам СНІД.

«Перш за ўсё мы – злучальнае звяно паміж сацыяльнай групай і дзяржструктурай. Мы павінны паказаць, дзе і як можна пра сябе паклапаціцца, куды звярнуцца. Гэта зразумела нам з вамі, але людзі, якія пачалі ўжываць хімічныя рэчывы ў досыць раннім узросце, хоць ім цяпер нават і 45 гадоў, усё роўна захрасаюць у тым узросце, калі яны пачалі ўжываць. А тады ж яшчэ ўзровень сацыяльнай адаптацыі не прыйшоў да іх – яны наогул да гэтага часу не ведаюць, дзе і як атрымліваць дапамогу», – падкрэслівае Надзея.

Акушэр-гінеколаг Марал Татава на прыёме.
Фота: Белсат

Па дапамогу прыходзяць людзі з хімічнай залежнасцю, бяздомныя і жанчыны, заангажаваныя ў секс-працу. Пандэмія адыграла сваю ролю – многія жанчыны засталіся без працы і сродкаў да існавання.

«Гэтыя жанчыны без сваёй волі і згоды аказваюцца ў такой сітуацыі. У іншых выпадках, іх менш, жанчыны ідуць на гэта самі, але і гэта вынік фінансавых складанасцяў. У многіх кліентак, якія да нас прыходзяць, ёсць дзеці, якіх трэба ўтрымліваць. Некаторыя з іх страцілі дакументы і не могуць вярнуцца да нармальнага жыцця. Мы праводзім тэставанне на ВІЧ, выдаем ім сродкі кантрацэпцыі, дапамагаем у атрыманні антырэтравіруснай тэрапіі ,калі статус ВІЧ аказваецца станоўчым», – распавяла акушэр-гінеколаг Марал Татава.

«Мы не займаемся палітычнай дзейнасцю»

Сацыяльныя работнікі фонду разам з кліентам наведваюць больніцы, шматфункцыянальныя цэнтры і суды. Анастасія Масленнікава ўжо тры гады працуе ў «Гуманітарным дзеянні» – яна дапамагла мноству людзей прайсці карпатлівы шлях, каб аднавіць дакументы, легчы ў шпіталь, засведчыць інваліднасць. Супрацоўнікі фонду асцерагаліся, што статус замежнага агента паўплывае на магчымасць супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі. Аднак пакуль кіраўніцтва гарадскіх больніцаў Пецярбургу ставіцца да фонду лаяльна.

«Нам было страшна, як адрэагуюць дзяржструктуры – статус замежнага агента накладвае на іх пэўныя абавязкі. Каму захочацца лішняй цяганіны? Але цяпер мы размаўляем з лекарамі і работнікамі дзяржструктураў, тлумачым ім, што мы не займаемся палітычнай дзейнасцю. Сітуацыя пакуль ніяк не пагоршылася, але мы штодня асцерагаемся – раптам усё зменіцца і нас перастануць пускаць», – разважае Анастасія.

Анастасія Масленікава, сацыяльная работніца фонду «Гуманітарнае дзеянне».
Фота: Белсат

Паводле сацыяльных працаўнікоў, самае галоўнае, каб чалавек звярнуўся ў фонд сам, з уласнага жадання. Тады працэс вяртання да нармальнага жыцця адбываецца імкліва.

«У мяне ёсць дзяўчына, якая сама звярнулася. Яна прыйшла ў аўтобус да нас і сказала: «Усё, я стамілася!» І яна ўжо тры гады цвярозая, пачала лячэнне ВІЧ-інфекцыі, пралячыла вірусныя гепатыты, займаецца пошукам працы. Гэта гонар!» – дзеліцца поспехамі Анастасія.

Тры гады таму Анастасія сама ўжывала наркатычныя рэчывы і прыйшла па дапамогу ў фонд, толькі калі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Змагла стаць на ногі і пачала працаваць у «Гуманітарным дзеянні». Бо яна на ўласным досведзе ведае, як цяжка адмовіцца ад спажывання наркотыкаў.

«Мы не прымушаем адмаўляцца – кожны выбірае свой шлях. Цяжка сілком прымусіць чалавека лячыцца. Наша задача палягае на тым, каб чалавек, ужываючы наркатычныя рэчывы, менш наносіў шкоду сабе і тым, хто побач. Гэта прафілактыка перадачы ВІЧ-інфекцыі і дбанне пра здароўе, наколькі магчыма», – падкрэслівае сацыяльная працаўніца.

Валанцёр фонду «Гуманітарнае дзеянне» Канстанцін.
Фота: Белсат

«Дваццаць гадоў ужываць наркотыкі, а потым раз – і перастаць?»

Канстанцін – валанцёр аўтобуса «Гуманітарнае дзеянне», ён выдае лекі, маскі, падтрымлівае падапечных фонду добрым словам. Але сем гадоў таму Канстанцін сам ужываў наркотыкі. Цягам дваццаці гадоў ён жыў з хімічнай залежнасцю – у яго гепатыт D і вірус імунадэфіцыту. Аднак Канстанціну ўдалося пераадолець сваю залежнасць – ён прайшоў 12-крокавую праграму працы з наркаманіяй.

«Калі да чалавека па-добраму ставяцца, ён і пачынае верыць у тое, што ён можа спыніцца ўжываць наркотыкі і вярнуцца да нармальнага жыцця. Важна, каб была павага да чалавека: ён не кончаны і не адкід грамадства, нават нягледзячы на тое, што ў яго адбылася памылка ў жыцці – ён ужывае наркотыкі. Вядома, гэта працэс вельмі складаны, ідзеш да рэмісіі праз памылкі, праз падзенні. У мяне таксама не ўсё так адразу атрымалася – нічога сабе, 20 гадоў ужываць наркотыкі, а потым раз – і перастаць? Я і зрываўся, і расчароўваўся – усё было. Тым не менш, пачатак майго шляху – гэта калі да мяне па-добраму паставіліся»,– дзеліцца Канстанцін.

У аўтобусе з падапечнымі працуе псіхолаг – уцягвае іх у здачу аналізаў на ВІЧ, гепатыт і пранцы і праводзіць псіхалагічныя кансультацыі ў самых розных пытаннях.

Псіхолаг «Гуманітарнага дзеяння» Дар’я Кучумава.
Фота: Белсат

«Важна зарыентаваць чалавека, калі ў яго ёсць станоўчыя вынікі на ВІЧ ці гепатыт, што яму рабіць. Я надаю псіхалагічную падтрымку. Часта мы можам дапамагаць прымаць рашэнні, маем зносіны і ўсталяваны кантакт, каб заваёўваць давер. Некаторыя нашыя кліенты ў дзяцінстве жылі ў дэструктыўнай сям’і, дзе быў чалавек з залежнасцю, яны часта зазнавалі гвалт. Гэтыя фактары можна лічыць схіляльнымі – ужыванне наркотыкаў стала для іх спробай самалячэння, збавення ад гэтага ўнутранага болю», – лічыць псіхолаг «Гуманітарнага дзеяння» Дарʼя Кучумова.

«Мы досыць шмат людзей вымаем проста з труны»

Нягледзячы на статус замежнага агента, у фонд працягваюць звяртацца і чыноўнікі, многія з якіх не хочуць, каб іх родныя атрымлівалі дапамогу ў дзяржструктурах.

«Неяк у фонд звярталіся людзі, якія не моцна мне прыемныя, з чыноўнікаў, і прасілі дапамагчы. Мне так і хацелася сказаць – а што ж вы просіце дапамогі ў замежнага агента? Ваша ж сістэма нас туды ўключыла! Ідзіце і ў вашай сістэме атрымлівайце дапамогу. Чаму ж вы хочаце ўсё зрабіць ананімна і заплаціць за гэта грошы, каб ваш сваяк або дзіця не трапілі ў вашую ж сістэму ўліку? Але, вядома, язык не паварочваецца такое казаць – мы ўсім дапамагаем», – распавядае гендырэктар фонду Сяргей Дугін.

Адміністратарка і доктарка праекту «Гуманітарнае дзеянне» ў медцэнтры.
Фота: Белсат

Ёсць і тыя чыноўнікі, для якіх застаецца незразумелым, для чаго наогул трэба дапамагаць наркаспажыўцам, калі наркаманія не лечыцца.

«Так, наркаманія, вядома, не лечыцца. Але бывае рэмісія даўжынёй у жыццё. І тады людзі ўжо выбіраюць, як далей жыць. Гэта цяжкі працэс – працэс дзесяцігоддзяў. Гэтыя людзі – вялікія малайцы і змагары, яны змаглі кінуць, пачаць новае жыццё і кожны дзень знаходзяць сілы змагацца са сваёй звычкай», – упэўненая кіраўніца медычнай праграмы фонду Надзея Пашутава.

Фонд «Гуманітарнае дзеянне» звярнуўся ў суд у надзеі аспрэчыць пастанову Міністэрства юстыцыі. Пакуль у Цэнтры ўзмацнілася папяровая цяганіна – справаздачнасць аб дзеяннях трэба паказваць кожны квартал. У сувязі з новымі папраўкамі да Закону аб замежных агентах, якія набудуць моц у кастрычніку, фонд абавязаны будзе ўзгадняць усе свае праграмы.

«Тут ёсць нейкія асцярогі. Мы, вядома, спадзяемся на прагматычнасць людзей, на іх здаровы розум, што не будзе забаронаў. Супрацьзаконнага мы нічога не робім. Але гэта чарговая цяганіна. У грантаў свае тэрміны, у Мінюсту – свае. Мы можам выпусціць магчымасць стварыць сапраўды карысны новы кірунак. Мы дастаткова шмат людзей вымаем проста з труны, і толькі за гэта нас уключаць у гэты спіс – бесчалавечна», – падкрэслівае гендырэктар Сяргей Дугін.

Фонд падтрымлівае любога, хто мае патрэбу ў медычнай або сацыяльнай дапамозе. Аднак пакуль расейскія ўлады адказваюць на клопат аб наркаспажыўцах статусам замежнага агента.

Рэпартаж
«Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!» – што пагражае беларусам за ўдзел у акцыях у Расеі
2021.04.03 16:18

Юлія Шалгаліева/МВ belsat.eu

Стужка навінаў