Частка з пацярпелых міліцыянтаў у «пінскай справе» адмаўляюцца ад маральнай кампенсацыі


20 супрацоўнікаў пінскай міліцыі адмаўляюцца ад маральнай кампенсацыі ў гэтак званай пінскай справе, распавяла ў жывым эфіры «Белсату» мясцовая праваабаронца Вераніка Іванова. Разам з гэтым, сума кампенсацыі, якую патрабуюць іншыя супрацоўнікі МУС уражвае – гэта амаль 450 тыс рублёў.

Увечары 9 жніўня пінчукі, якія хацелі даведацца вынікі выбараў сабраліся каля мясцовага райвыканкаму і там адбылася сутычка з міліцыянтамі.

«Была дадзеная каманда на «выцісканне» людзей і людзі ўспрынялі гэта як напад, меркавалі, што іх будуць забіваць і яны пачалі абараняцца ўсімі дасяжнымі для іх сродкамі», – каментуе справу праваабаронца з Пінску Вераніка Іванова.

Беларускія ўлады, напалоханыя падзеямі ў Пінску 9 і 10 жніўня, павінны былі размясціць дадатковыя сілы бяспекі. Крыніца: media-polesye.by

У выніку «пінскай справы» на лаве падсудных знаходзяцца 14 асобаў, а пацярпелымі па справе праходзяць 109 супрацоўнікаў міліцыі.

Большай часткай міліцыянтаў былі заяўленыя позвы на кампенсацыю маральнай шкоды, сілавікі казалі, што яны зазналі страх ды прыніжэнне, трывогу ды перажывалі за блізкіх. Паводле міліцыянтаў, у іх парушыўся сон, пачаліся праблемы з суседзямі, некаторыя з сілавікоў пакінулі месцы свайго пражывання. Сумарная сума кампенсацыі, якую запрасілі міліцыянты складае каля 450 тыс рублёў.

«Позва пададзеная салідарна і не будзе падзеленая роўнымі часткамі. Пакуль не будзе выплачаная апошняя капейка па іску, ніхто з гэтых 14 асобаў не зможа прэтэндаваць ні на датэрміновае вызваленне, ні на замену рэжыму, ні на амністыю. Гэта такая фінансавая пастка», – кажа суразмоўца «Белсату».

Cуд у «пінскай справе» ў Берасці.
Фота: Белсат

У якасці рэакцыі на патрабаванні супрацоўнікаў МУС мясцовыя жыхары пачалі збор подпісаў пад петыцыяй «Аб пазачарговай пераатэстацыі пінскіх міліцыянтаў». Збор подпісаў на сайце petitions.by завершыцца 14 кастрычніка. Петыцыю падпісалі больш за 3 тыс чалавек.

«Я асабіста была на судзе і слухала паказанні 20 супрацоўнікаў дэпартаменту аховы МУС Пінску, якія казалі пра тое, што яны не адчувалі ані трывогі, ані крыўды. І гэта нягледзячы на тое, што аднаму міліцыянту разбілі галаву тратуарнай пліткай. Яны праявілі мужчынскую годнасць, заявілі, што ім не патрэбныя кампенсацыі», – кажа Вераніка Іванова.

Паводле суразмоўцы «Белсату», з усіх фігурантаў справы найбольш выклікаюць хваляванні наконт здароўя Вячаслава Рагашчука.

«Ёсць падставы меркаваць, што ён перанёс траўматычны інсульт у выніку збіцця з боку міліцыянтаў», – распавяла Вераніка Іванова.

Разгляд Пінскай справы пачаўся ў судзе Маскоўскага раёну Берасця 23 сакавіка. Усяго ў справе праходзяць 14 пінчукоў, якіх абвінавачваюць паводле арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») за ўдзел у пратэстах. Яны прызнаныя палітзняволенымі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў