Літоўскі хлопчык выканаў заданне скандальнага беларускага блогера, каб атрымаць 2 мільёны долараў


Літоўскі хлопчык запісаў відэа з прэзідэнтам краіны Гітанасам Наўседам, каб атрымаць 2 мільёны долараў, абяцаных беларускім блогерам Mellstroy за відэапрывітанне з удзелам прэзідэнта любой краіны. Але, падобна, блогер не гарыць жаданнем дзяліцца абяцанай узнагародай.

12 сакавіка ў сацсетках з’явілася відэа, на якім прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа перадае прывітанне беларускаму блогеру Mellstroy.

Гітанас Наўседа перадае прывітанне.
Фота: mellstroy.house / Instagram

Справа ў тым, што блогер паабяцаў 2 мільёны долараў таму з падпісчыкаў, якому ўдасца запісаць відэа з прэзідэнтам любой краіны, які б перадаваў прывітанне для Mellstroy.

Хлопчыку з Літвы ўдалося выканаць гэтае заданне. На відэа Гітанас Наўседа сапраўды віншуе блогера «з 11 сакавіка».

Але пасля гэтага блогер заявіў, што чакаў «не гэтага».

«Канечне, гэта мая праблема, што я нармальна не патлумачыў правілы. Магу перадаць сто – сто пяцьдзясят тысяч долараў? За два зялёныя лімоны я чакаў больш якаснага віншавання», – заявіў Mellstroy.

Пазней ён патлумачыў, што не адмаўляецца плаціць, але прапанаваў звязацца з бацькамі хлопчыка, сустрэцца з імі, каб перадаць грошы.

У службе літоўскага прэзідэнта адзначылі, што дзіця не назвала першапачатковай мэты такога віншавання, і адзначылі, што Гітанас Наўседа і надалей працягне рабіць сэлфі з дзецьмі і дарослымі, якія пра гэта просяць. Але ў той жа час там паведамілі, што літоўскі прэзідэнт у сувязі з гэтым выпадкам заклікаў маладых людзей быць асцярожнымі ў сацыяльных сетках і «аддзяляць дабро ад зла», а бацькоў – папрасіў патлумачыць дзецям небяспеку, якую могуць несці сацыяльныя сеткі.

Нагадаем, што Mellstroy – скандальна вядомы блогер з Гомлі, сапраўднае імя Андрэй Бурым. У 2017 годзе ў Беларусі завялі на яго крымінальную справу аб вырабе парнаграфіі пасля таго, як ён апублікаваў відэа пра тое, як падчас зносін у скайпе вымушаў непаўналетніх дзяўчат распрануцца. Да суду справа блогера не дайшла, а сам ён з’ехаў у Расею.

У 2020 годзе, ужо жывучы ў Расеі, ён збіў дзяўчыну ў прамым эфіры, за што на яго распачалі крымінальную справу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў