Блогер Яраслаў Пісарэнка заўзее і за спартоўцаў, якія не асудзілі рэжым


У праграме «Шчыра кажучы» праз дэтэктар хлусні прайшоў YouTube-блогер Яраслаў Пісарэнка.Ці заўзее ён за кагосьці з беларускіх спартоўцаў і ці хацеў бы зрабіцца міністрам спорту? Ці сумуе па часе, калі працаваў на БТ? Ці падтрымлівае сувязь з былымі калегамі?

На пытанне, ці хацеў бы стаць міністрам спорту, былы спартовы журналіст, а цяпер паспяховы YouTube-блогер Яраслаў Пісарэнка адказаў: «Максімальна не». Адкуль такая катэгарычнасць?

«Мяне палохае, па-першае, перспектыва кіраваць кімсьці, а тут цэлая галіна, у якой, аб’ектыўна, я не ведаю тонкасцяў, нейкіх нюансаў. Мне падаецца, што прафесіяналы павінны займацца сваёй справай. (…) Міністр спорту – гэта нейкі галоўны фізрук у Беларусі, які займаецца тым, што там, і такі загадчык гаспадаркі нармальны».

– Вы цяпер заўзееце за каго-небудзь з беларускіх спартоўцаў?

– Так.

Паліграф: Праўда.

Яраслаў Пісарэнка. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– За каго?

– Гэта Ілля Шкурын, ён цяпер на жоўтай – на дыскваліфікацыі, таму матч прапускае, але лідар каманды. Гэта другі бамбардзір экстракласу, надзвычайны проста паказнік. І плюс, я назіраў ягоны найскладанейшы шлях пасля 2020 года, яму вельмі цяжка прыйшлося. Заўсёды з вялікім задавальненнем кажу аб ім у выданнях. Ён яшчэ цяпер паляцеў забіваць у чэмпіянаце Польшчы па футболе, але гэта ўвогуле проста клас. Яшчэ мне вельмі падабаецца сачыць за хлопцамі ў НХЛ, беларусамі. Гэта Ягор Шаранговіч, гэта Аляксей Протас.

Яраслаў Пісарэнка. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Пісарэнка не заўзее за Сабаленку, але паважае яе як спартоўку і лічыць, што ёй проста не пашчасціла з часам:

«Шмат рэчаў можна купіць за грошы, нешта можна дастаць праз сувязі, але каб стаць другой ракеткай або першай ракеткай свету, якой яна была, – соры, тут гэта факт».

Яраслаў не сумуе па працы на БТ, але сумуе па людзях і момантах. Менавіта на «Беларусь 5» цэнзуры, як лічыць наш госць, не было, бо ў спорце мала хто разбіраецца.

«Але я разумеў, што там ты запісваешся ў адной студыі, у суседняй могуць расказваць, што твайго сябра затрымалі, і правільна зрабілі. Я разумеў, што такія сітуацыі будуць. Вось дынаміка на той момант была такая. І я падумаў, што не».

Наш суразмоўца лічыць, рэжым на БТ мала хто падтрымлівае, бо там «не бараны працуюць».

Глядзіце поўнае выданне «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў