Калядны цуд у Менску, або топ-10 падзенняў мастоў у свеце ў ХХІ стагоддзі паводле колькасці ахвяраў


У ноч на 8 студзеня ў Менску, у адным з самых шматлюдных пунктаў беларускай сталіцы, абвалілася пешаходная частка мосту праз Нямігу. Абышлося без ахвяраў, але не ўсім так шанцуе.

Будоўля мосту на Нямізе.
Фота: Белсат

Мост на Нямізе злучаў самыя галоўныя транспартавыя артэрыі Менску – праспекты Незалежнасці і Пераможцаў. Таксама пад ім праходзіў рух з праспекту Дзяржынскага на вуліцу Багдановіча. Вялікая колькасць крамаў і гандлёвых цэнтраў, а таксама станцыя метро каля мосту заўсёды прыцягвалі да яго і вялікую колькасць пешаходаў.

Hавiны
«Робяць сяк-так». Чаму ў Беларусі зноў абваліўся мост – і чаго чакаць надалей
2022.01.12 14:21

Таму, калі б абвал мосту здарыўся ўдзень, колькасць ахвяраў магла б ісці прынамсі на дзясяткі. Магла здарыцца новая трагедыя на Нямізе. Але, на шчасце, мост абрынуўся халоднаю зімоваю ноччу, калі побач амаль нікога не было. Гэты факт некаторыя ўжо паспелі назваць калядным цудам, бо менавіта 7 студзеня беларускія праваслаўныя святкуюць Раство.

У выніку галоўнымі праблемамі абвалу сталася неабходнасць яго разабраць, прыдумаць, што рабіць далей, а таксама аўтамабільныя коркі, праз якія менчукі не могуць нармальна дабрацца ні дадому, ні на працы.

Але далёка не заўсёды падзенне мосту канчаецца шчасліва. Сабралі для вас топ-10 падзенняў мастоў у свеце паводле колькасці ахвяраў, якія ўжо здарыліся ў ХХІ стагоддзі.

Мапа самых катастрафічных падзенняў мастоў у ХХІ стагоддзі. Інфаграфіка: Белсат

Рафігандж, Індыя, ад 130 да 200 ахвяраў

Гэтая трагедыя здарылася каля гораду Рафігандж (Rafiganj) у паўночнай Індыі 10 верасня 2002 года. Тады з мосту над ракою сышоў з рэек хуткасны цягнік першага класу, што ехаў у Нью-Дэлі. У ваду ўпалі 15 з 18 вагонаў.

Ратавальная аперацыя трывала некалькі тыдняў, яе ўскладнялі размытыя дарогі. Афіцыйна заяўляюць пра 130 ахвяраў, неафіцыйна лік даходзіць да 200. Яшчэ прынамсі 150 асобаў былі параненыя.

Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Першапачаткова меркавалі, што іржа і стомленасць металу на мосце брытанскай эпохі спрыялі зруху ў канструкцыі, у выніку чаго рэйкі патрэскаліся, магчыма, у выніку моцных дажджоў. Кіраўніцтва чыгункі казала, што «мост доўгі час лічыўся слабым», але нічога не было зроблена для яго рамонту.

Пазней усю віну скінулі на мясцовых паўстанцаў-камуністаў, нібыта яны ўчынілі сабатаж. Але самі яны ў такім ніколі не былі заўважаныя і віну на сябе таксама не бралі.

Валігонда, Індыя, 114 ахвяраў

Наступная паводле колькасці ахвяраў трагедыя здарылася ўвечары 29 кастрычніка 2005 года каля гораду Валігонда (Valigonda) таксама ў Індыі. Перад гэтым у рэгіёне ішлі моцныя мусонныя дажджы, што перапоўнілі вялізны арашальны рэзервуар. Ён не вытрымаў таго, і вялікія плыні вады сярод іншага разбурылі чыгуначны мост, па якім неўзабаве ўначы ехаў перапоўнены соннымі пасажырамі цягнік.

Фота: Ryan Manlaw / Pinterest

Не ведаючы пра гэта, машыніст заехаў на паламаны мост. У выніку склад цягніка разваліўся, некаторыя вагоны трапілі ў раку і былі знесеныя вадою. Паводка таксама размыла дарогі, што перашкаджала ратаванню пасажыраў.

Hавiны
«Узяўся за елбасы – мост уцёк». Беларусы каментуюць абвал мосту над Нямігай у Менску
2022.01.08 13:38

У Міністэрстве транспарту тады заявілі, што «мала што можна было зрабіць, каб пазбегнуць аварыі». Агульная колькасць ахвяраў склала не менш як 114 чалавек, яшчэ 200 былі параненыя.

Гекеду, Гвінея, да 70 ахвяраў

Чарговая трагедыя адбылася ў афрыканскай краіне Гвінея 21 сакавіка 2007 года. Яе ахвярамі, паводле розных крыніцаў, сталіся ад 65 да 70 чалавек.

Гекеду. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters Staff / Reuters / Forum

50-гадовы мост з каменю і бетону абрынуўся, калі па ім ехаў перагружаны цяжкавік, які вёз людзей і тавары на рынак у горад Гекеду (Gueckedou). У выніку машына ўпала ў раку, а з ёй – і людзі, на якіх паляцелі мяхі з цэментам і рысам.

У паліцыі заявілі, што мост не вытрымаў цяжару машыны. Відавочцы казалі, што настолькі цяжкія аўтамабілі па ім раней не ездзілі.

Энтрэ-Ос-Рыюс, Партугалія, 59 ахвяраў

Самае трагічнае абрынанне мосту ў Еўропе ў гэтым стагоддзі здарылася ў Партугаліі 4 сакавіка 2001 года. Там абваліўся мост праз раку Дуора каля паселішча Энтрэ-ос-Рыюс (Entre Os Ríos). У вадзе загінулі 59 чалавек, у тым ліку пасажыры аўтобуса і трох аўтамабіляў, якія ўпалі ў раку. Целы некаторых ахвяраў рака вынесла ў Атлантычны акіян: кагосьці пасля знайшлі ў Іспаніі і нават Францыі.

Ужо праз некалькі гадзінаў пасля аварыі міністр транспарту падаў у адстаўку, а на наступным тыдні дзясяткі мастоў праз Партугалію былі закрытыя на неадкладны рамонт.

Фота: dn.pt

Выявілася, што абвал выклікала некантраляванае здабыванне пяску цягам гадоў, што парушала ўстойлівасць апораў мосту. Папярэджанні вадалазаў і тэхнікаў ігнараваліся. У выніку здабывальнікаў пяску прыцягнулі да адказнасці праз суды.

Кадалюндзі, Індыя, 59 ахвяраў

Столькі ж асобаў загінула і ў чарговай катастрофе ў Індыі, на гэты раз на поўдні краіны. Тут зноў упаў у ваду пасажырскі цягнік. Трагедыя адбылася 22 чэрвеня 2001 года.

Калі цягнік заехаў на мост, той пачаў развальвацца. У выніку шэсць вагонаў сышлі з рэек, а тры ўпалі ў раку Кадалюндзі (Kadalundi). Афіцыйна загінулі 59 асобаў і да 300 пацярпелі, неафіцыйна лічбы могуць быць большымі.

Фота: Island Tourism Kadalundi / Facebook

Чыноўнікі заявілі, што праблемам на мосце маглі паспрыяць моцныя ападкі. Сам жа мост быў вельмі старым (140 гадоў) і быў у дрэнным стане.

Кан-Тхо, В’етнам, да 59 ахвяраў

Найбольшаю катастрофай у гісторыі будаўнічай галіны В’етнаму называюць абвальванне яшчэ недабудаванага мосту ў горадзе Кан-Тхо (Cần Thơ) на поўдні краіны. Раніцаю 26 верасня 2007 года 90-метровы сталёва-бетонны ўчастак пад’язной рампы абрынуўся з вышыні больш за 30 метраў на невялікі востраў каля берагу. На момант абвалу на пралёце або пад ім былі каля 250 інжынераў і рабочых.

Паводле розных крыніцаў, загінулі ад 37 да 59 асобаў. Колькасць параненых можа дасягаць 181 асобы.

Hавiны
«Пашанцавала». Кіраўнік МНС пракаментаваў падзенне мосту на Нямізе
2022.01.08 19:11

Адной з прычынаў катастрофы ўлады назвалі моцныя дажджы, якія маглі змякчыць падмурак. Таксама абвал мог быць выкліканы перасоўваннем часовага слупа, у той час як бетонныя апоры, залітыя ўсяго за два дні да таго, былі недастаткова стабільнымі. Але агулам улады назвалі абрынанне мосту «няшчаснай сітуацыяй, якую цяжка прадбачыць падчас праектавання».

Фота: Nguyen Huy Kham / Reuters / Forum

Пры гэтым яшчэ ўзімку японскія кансультанты заўважалі, што падрадчыкі істотна перавысілі каэфіцыент перагрузкі апораў. А ў паліцыі казалі, што ў дзень трагедыі тыя знялі часовыя ашалёўкі раней, чым было ўказана ў дэтальных інжынерных планах, што парушала канструкцыю і прывяло да «эфекту даміно». Некаторыя сведчанні таксама паказалі, што падрадчыкі выкарыстоўвалі няякасныя апоры, зношаныя ад папярэдняга выкарыстання.

Кота, Індыя, 48 ахвяраў

Наступная аварыя з мостам таксама здарылася яшчэ да яго афіцыйнага адкрыцця. Мост у індыйскім горадзе Кота (Kota) на поўначы краіны пачалі будаваць у 2007 годзе, плануючы здаць яго праз пяць гадоў.

Фота: ndtv.com

Але 24 снежня 2009 года раптам некаторыя ўжо пастаўленыя пралёты і апоры абрынуліся. У выніку загінулі 48 работнікаў ды інжынераў. Яшчэ некалькі атрымалі раненні.

Сам мост замест 2012 года адкрылі тады ў 2017-м, на 5 гадоў пазней.

Генуя, Італія, 43 ахвяры

Чарговая трагедыя ў Еўропе здарылася 14 жніўня 2018 года. У горадзе Генуя абвалілася адна з дзвюх цэнтральных апораў віядуку, а разам з ёй 200-метровы пралёт, на якім у гэты момант былі больш за 30 легкавых аўтамабіляў і тры цяжкавікі. Загінулі 43 асобы, у тым ліку чацвёра дзяцей.

На наступны дзень пасля трагедыі прэмʼер-міністр Італіі на год абвясціў надзвычайнае становішча ў рэгіёне Лігур’я. Разбурэнне выклікала заклапочанасць агульным станам інфраструктуры ў Еўропе, а даследаванні ў Італіі, Францыі і Нямеччыне паказалі, што значнай колькасці мастоў патрэбная рэканструкцыя або замена праз карозію і знос.

Hавiны
«Развярнуўся і пабег». Выратаваны ад падзення моста на Нямізе расказаў, як усё было
2022.01.09 13:59

Даследаванне NASA паказала значнае павелічэнне структурных зменаў на мосце, збудаваным у 1960-ыя гады, у перыяд з сакавіка 2017 года да жніўня 2018-га. Таксама выявілася, што Міністэрства транспарту было ў курсе пра цяжкую сітуацыю з мостам, а за 14 дзён да трагедыі перад ім нават з’явілася расколіна, якая магла сігналізаваць пра небяспеку.

Фота: Jean François Ottonello / MAXPPP / Forum

Урад Італіі ўсклаў віну на кампанію, што абслугоўвала гарадскую інфраструктуру.

Бгагальпур, Індыя, 35 ахвяраў

І зноў чарговая аварыя ў Індыі. Яна здарылася на чыгуначнай станцыі Бгагальпуру (Bhagalpur). Тут начамі рабочыя разбіралі стары пешаходны мост, збудаваны яшчэ брытанцамі за 140 гадоў да таго, але дарабіць не паспелі.

Фота: Krishna Murari Kishan / Reuters / Forum

Раніцай 1 снежня 2006 года адна з арак мосту і слуп упалі на цягнік. Абваліліся яны на спальны вагон самага нізкага класу, раструшчыўшы яго і пахаваўшы пад заваламі. І хоць чыгунка ў Бгагальпуры мае аварыйна-ратавальную частку, а месца аварыі было ў раёне вакзалу, мінулі дзве гадзіны, перш чым на месца прыбылі ратавальнікі.

Hавiны
Следчы камітэт завёў дзве крымінальныя справы з нагоды абрынання часткі мосту на Нямізе
2022.01.10 12:35

У выніку аварыі загінулі 35 чалавек, яшчэ 17 атрымалі раненні. А двое старэйшых інжынераў рэгіянальнага ўпраўлення чыгункі былі пасля адхіленыя ад службовых абавязкаў.

Фэнхўан, Кітай, 34 ахвяры

Чарговае абрынанне мосту падчас будаўніцтва адбылося 13 жніўня 2007 года ў Кітаі, у горадзе Фэнхўан (Fenghuang). Абвал здарыўся, калі рабочыя здымалі рыштаванні з фасаду мосту.

Фота: city-data.com

У выніку 34 асобы загінулі, а 22 – пацярпелі.

Адною з прычынаў аварыі назвалі тое, што мясцовыя падрадчыкі часта абіраюць няякасныя матэрыялы, каб скараціць выдаткі, і выкарыстоўваць працоўных мігрантаў, якія амаль або зусім не ведаюць тэхнікі бяспекі.

Hавiны
Лукашэнка з другой спробы адкрыў мост у Горадні, які да таго двойчы размыла дажджамі
2021.08.06 13:25

МГ belsat.eu

Стужка навінаў