Што з Чавэсам?


У Венесуэле ўсё больш шырацца чуткі пра смерць кіраўніка краіны. Цяжка хворы Чавэс, паводле афіцыйнай інфармацыі, змагаецца за жыццё. А паводле непацверджаных звестак, яго ўжо адключылі ад апаратаў штучнага жыццезабеспячэння. Чаму ў аўтарытарных краінах улады часта хаваюць рэальны стан здароўя правадыра?
{movie}Жыве Чавэс? (01.03.2013)|right|9470{/movie}
Дзе Уга Чавэс? Пакажыце нам яго! На патрабаванне венесуэльскай апазіцыі даць больш падрабязную справаздачу аб стане здароўя прэзідэнта ўлады адказваюць патрыятычнымі заявамі: “Чавэс жывы, але змагаецца за жыццё”.

НІКАЛЯС МАДУРА, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ ВЕНЕСУЭЛЫ: “Наш правадыр два гады змагаецца, ён заўжды на перадавой, і ён кіруе краінаю. Ён не дбаў пра сваё здароўе, бо аддаў сваё цела і душу і забыўся пра сябе, каб усім забяспечыць людзей: працаю, жытлом, ежаю, адукацыяй і медыцынаю”.

Сярод электарату Чавэса такія словы выклікаюць яшчэ большыя хвалі падтрымання. А ці жывы Чавэс насамрэч – не так важна, кажуць палітолагі. Галоўнае, што думае пра гэта народ.
{movie}Андрэй Ягораў пра сітуацыю вакол Чавэса|right|9471{/movie}
АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ПАЛІТОЛАГ: “Краіна, натуральна, можа абыходзіцца без кіраўніка дзяржавы і некаторы час, і дастаткова працяглы час. Уявіце, што ў Беларусі не будзе Лукашэнкі. І што здарыцца? Аўтобусы будуць хадзіць, як звычайна, людзі будуць хадзіць на працу, грашовае абарачэнне не зменіцца, і г. д. І гэта можа быць значны час”.

Хаваць звесткі пра сапраўдны стан здароўя кіраўніка краіны – традыцыя найперш аўтарытарных рэжымаў. Яшчэ ў Савецкім Саюзе краіна не заўжды ведала, ці захварэў генсек, ці ўжо сышоў на той свет. У сітуацыю Чавэса трапляў і прэзідэнт Азербайджану Гэйдар Аліеў. Пасля сардэчнага прыступу ў простым эфіры Аліева вывезлі ў амерыканскую клініку. Адтуль ён змог нават падаць заяўку на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, зняць кандыдатуру на карысць свайго сына Ільхама – сённяшняга прэзідэнта, і толькі потым смерць Гэйдара Аліева пацвердзілі афіцыйна. Што да Чавэса, то народ яго не бачыў ужо 80 дзён. Калі ён насамрэч памёр, уладныя эліты пастараюцца не казаць пра гэта, пакуль не дамовяцца, як кіраваць краінаю далей.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ПАЛІТОЛАГ: “У аўтарытарных краінах інфармацыя пра стан здароўя можа хавацца таму, што жыццё гэтай асобы, гэтая персона ёсць падмуркам той сістэмы, якую яна стварае”.

Нібыта свежым фатаграфіям жывога Чавэса вераць усё менш. Венесуэльцы патрабуюць відэасведчанняў. Хоць пры належным узроўні спецэфектаў і гэта не праблема. У Маскве ў прыватным музеі можна пабачыць, як ляжыць і дыхае робат – імітацыя Уладзіміра Леніна. Як жывы, толькі спіць. Тэарэтычна, вечна жывым можна зрабіць і Уга Чавэса.

Марцін Ярскі,belsat.eu

Стужка навінаў