Садысты ў пагонах


Яшчэ ўвосень мінулага года лідскія міліцыянты білі, прыніжалі ды катавалі двух затрыманых маладзёнаў. Абвінавачанне выстаўленае толькі цяпер, але – не для “праваахоўнікаў”. Турма за супраціў прадстаўнікам улады пагражае аднаму з пацярпелых. Калі для гэтага ёсць падставы, то чаму і міліцыя і Следчы камітэт адмаўляюцца каментаваць нам гэтую справу?

{movie}Садысты ў пагонах (28.02.2012) |right|9450{/movie}

Ноч на 18 лістапада, Ліда, клуб “Праспект”. Браты Іван і Багдан Шкурко прыйшлі на дыскатэку павесяліцца, але трапілі пад кулакі ды боты аховы і адміністрацыі клубу. Кажуць, чымсьці не спадабаліся аднаму з ахоўнікаў.

ЛАРЫСА ШКУРКО, МАЦІ ІВАНА І БАГДАНА: “У фае праходзіла збіццё Багдана. Уся першапрычына канфлікту была ў няпоўнагадовым ахоўніку”.

Іван, як мог, спрабаваў спыніць збіванне свайго брата, разняць бакі.

ІВАН ШКУРКО, ПАЦЯРПЕЛЫ: “Двое выкручваюць, трэці б’е па галаве, як па футбольным мячы, нагою. Усё гэта адбываецца ў мяне на вачах”.

ЛАРЫСА ШКУРКО, МАЦІ ІВАНА І БАГДАНА: “І тут на дапамогу падышлі ППСМаўцы, і пачалося далей”.

Міліцыянты затрымлівалі братоў жорстка, з ужываннем дручкоў, кайданкоў і слезацечнага газу. Іван кажа, што не чакаў такой атакі, бо яны не аказвалі супраціву міліцыі. Дый не маглі з залітымі перцам вачыма. Падалей ад людскіх вачэй і камераў назірання міліцыянты працягвалі збіваць хлопцаў. Івана білі ў тым ліку па раней зламанай назе, а потым вырашылі паздзекавацца.

{movie}Андрэй Бандарэнка пра міліцыянтаў-садыстаў|right|9451{/movie}

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА: “Хлопца распранулі дагала, у аўтамабілі працягвалі збіваць, у аўце адзін з працаўнікоў міліцыі пачаў выкарыстоўваць пярцовы газ у задні праход хлопца”.

Але гэта было не ўсё, што зрабілі з Іванам.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА: “Вывезлі чалавека ў лес, збілі яго, ды яшчэ пасля гэтага пачалі мачыцца хлопцу на галаву. Гэта ўжо не проста катаванні, гэта катаванні з вычварэннем”.

ІВАН ШКУРКО, ПАЦЯРПЕЛЫ: “У іх ці нейкая закамплексаванасць, ці ў дзяцінстве штосьці адбылося. Але з псіхікаю рэальна ў хлопцаў непарадак”.

У Лідскім РАУС экзекуцыя працягвалася. Калі маці затрыманых братоў прыехала ў міліцыю, то была шакаваная тым, што пачула.

ЛАРЫСА ШКУРКО, МАЦІ ІВАНА І БАГДАНА: “Я хутка забегла назад у РАУС, чую глухія ўдары, стогны дзіцёнка. Ён моліць, просіцца: “Не чапайце мяне”. І тут пярцовы газ пырснулі. Яны ўжо між сабою пачалі лаяцца – навошта столькі наліў, заставацца тут немагчыма”.

Міліцыянты дзеялі настолькі жорстка, што на наступны дзень Багдан і Іван Шкурко трапілі ў шпіталь. Траўмы Івана адлюстраваныя на фотаздымках і ў выснове судмедэкспертызы.

“Кровападцёкі ўзніклі ў выніку ўдараў прадметам прадаўгаватай формы (магчыма, гумаваю палкаю), што пацвярджаецца палосападобнаю формаю кровападцёкаў і іх памерамі… Было не менш за 30 траўматычных узаемадзеянняў цвёрдых тупых прадметаў з рознымі абласцямі цела пацярпелага”. – вытрымка з экспертызы дзяржаўнага судмедэсперта Вольгі Трафімавай.

У выніку завялі справу. Але не на тых, хто збіваў, а на самога пацярпелага. Багдану Шкурко пагражае адміністратыўная адказнасць за супраціў міліцыянтам і дробнае хуліганства. Братам Іванам заняліся пазней. У студзені яго затрымалі, і пасля збівання ў тым жа РАУС пасадзілі на 3 дні за дробнае хуліганства. А ў лютым на хлопца завялі крымінальную справу. За супраціў міліцыі яму пагражае да 5 гадоў турмы. Увесь гэты час Ларыса Шкурко працягвае дамагацца справядлівасці, але пакуль што ніхто з міліцыянтаў не быў пакараны.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА: “Гэтая дэградацыя прывяла да таго, што ў структуры МУС няма кадраў, якія могуць прыйсці на замену гэтым садыстам. Іх вымушаныя трымаць, і, адпаведна, пакрываць іх”.

Катаванні ў беларускай міліцыі – не рэдкасць. Шырока вядомая стала справа Васіля Сарочыка, якога менскія міліцыянты катаваннямі прымушалі ўзяць на сябе шэраг крадзяжоў. Праз пекла ў міліцыі прайшоў і менскі прараб Павел Ляўшын, на якога спрабавалі “павесіць” крадзеж трубаў на ўласным участку. А Паўла Плаксу ўвогуле асудзілі на 10 гадоў узмоцненага рэжыму, выбіўшы паказанні катаваннямі. Але колькі трагедыяў так і засталіся за дзвярыма пастарункаў…

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА: “Насамрэч гэта сур’ёзная праблема, кажа пра ўзровень працаўнікоў міліцыі, якія працуюць у структуры МУС, пра тое, што сама сістэма МУС патрабуе рэфармавання”.

Беларусы адчуваюць небяспеку, што ідзе ад міліцыянтаў, давер да сілавікоў падае. Але на прызначэнне міністраў грамадзяне паўплываць не могуць.

Марцін Ярскі, belsat.eu

Стужка навінаў