«Цяпер жарсці суцішыліся, ніякіх палітычных кампаній не плануецца і можна пагаварыць пра тыя падзеі. А пагаварыць варта, бо чаго каштуюць толькі паводзіны самага «хрысціянскага» кандыдата. У маёй судовай справе было тры даносы ад яго – на мяне (зробленыя да выбараў), на Дзіму Уса і на ўсіх удзельнікаў Плошчы (зробленыя падчас следства)», – напісаў у чарговым лісце на волю палітвязень Мікалай Статкевіч.
Сустаршыня аргкамітэту стварэння Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ды экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю беларускім медыям гэтую інфармацыю зняпраўджвае.
Мікалай Статкевіч у сваім лісце гаворыць пра тое, што трэба прааналізаваць падзеі, звязаныя з выбарамі-2010. «У норму і намі ўводзяцца баязлівасць, здрада і данос на паплечнікаў. Тая частка грамадства, якая не ўспрымае такіх «нормаў», і ад якой цяпер залежыць лёс нашай краіны, адвернецца ад такіх «лідараў», партыяў і ад усёй апазіцыі. Мы не можам наняць масавы рух пераменаў за грошы. Прыцягваць людзей у яго можна толькі, апелюючы да ідэалаў. Але ж тады трэба тым ідэалам адпавядаць. Учынкамі, а не словамі», – напісаў у лісце палітык.
Першы «разбор палётаў»
Апазіцыйныя палітыкі ўжо абмяркоўвалі хаду прэзідэнцкай кампаніі. Фота belsat.euЛідары беларускай апазіцыі ўжо сустракаліся для таго, каб абмеркаваць палітычныя падзеі ў 2010 і, сярод іншага, хаду прэзідэнцкай кампаніі. Віталь Рымашэўскі заявіў тады, што на Плошчы трэба было «браць ініцыятыву на сябе». «Вельмі вялікую памылку мы здзейснілі, што ў гэтых умовах не вызначылі свайго сцэнара», – сказаў Рымашэўскі.
Пазней у інтэрв’ю «Белсату» экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў заявіў, што да Плошчы апазіцыя падрыхтавалася: былі намёты, рэзервовая машына з гукаапаратураю, былі палявыя кухні ды запас харчоў. «Гэта не дапамагло. Але магло б дапамагчы ў тым выпадку, калі б з боку рэжыму была хоць нейкая думка пра тое, што са сваім народам, які выйшаў на Плошчу, можна дамаўляцца. А гэтага ад пачатку не было», – заявіў палітык.
Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu