Карысныя выкапні на арбіце


У Злучаных Штатах абвесцілі пра стварэнне новай кампаніі “Deep Space Industry”, якая будзе займацца прамысловаю здабычаю карысных выкапняў на астэроідах. Плануецца стварыць некалькі тыпаў касмічных апаратаў, якія будуць шукаць і спускаць на Зямлю прыдатныя касмічныя целы. Ужо вядома пра самы маленькі апарат, які атрымаў назву “Firefly”, – менавіта ён і будзе абследаваць калязямную арбіту ў пошуках астэроідаў. Сярод планаў кампаніі таксама стварэнне і буйных комплексаў апрацоўвання, якія маюць здабываць карысныя элементы на арбіце. Першыя “Firefly” маюць змясціць на арбіце ў 2015 годзе. Старт гэтых сістэмаў плануецца паводле прынцыпу “таймшэр” – дастаўку ў космас будуць ажыццяўляць ракетаносьбіты з іншымі спадарожнікамі.

{movie}Праграма “Дэвайс” (01.02.2012)|right|8939{/movie}

Навінкі ад BLACKBERRY

Кампанія RIM перайменавалася ў “BLACKBERRY” і прэзентавала некалькі новых смартфонаў. Апрача гэтага публіцы паказалі мабільную аператыўную сістэму пад назваю “БлЭкбэры 10”, на якой і працуюць два новыя апараты кампаніі “Z10” і “Q10”. Спецыфікацыю гэтых мабільных прыладаў лёгка знайсці ў сеціве, мы ж звернем увагу на праграмнае забеспячэнне. У новай аперацыйнай сістэме па-ранейшаму асаблівая ўвага надаецца бяспецы. Карыстальнікі могуць пераключацца паміж хатнім і працоўным профілямі, для кожнага з якіх магчымы свой набор праграмаў і рознага роду звестак. Таксама “БлЭкбэры 10” можа пахваліцца паўнавартаснаю шматзадачнасцю і рэалізаванаю сістэмаю жэстаў уводу з дапамогаю віртуальнай клавіятуры. Аднак нягледзячы на шмат “фішак”, мабільная сістэма ўжо зазнАла крытыку першых карыстальнікаў – сістэма падалася м занадта складанаю.

КІШЭННЫ ТЭЛЕСКОП

Наўздагон група энтузіястаў з “ПлЭнэтары РэсОрсэз”, галоўная мэта якіх – здабыванне карысных выкапняў на астэроідах, – прэзентавала прататып “кішэннага” касмічнага тэлескопа. “Áркід-100” змяшчаецца на стале і важыць усяго адзінaццаць кілаграмаў. Ён абсталяваны арыгінальным механізмам разгортвання сонечных панэляў, інтэграванаю электронікаю, праграмным забеспячэннем і даволі вялікім аптычным блокам.

Да таго ж яго можна выкарыстоўваць як перадатчык лазернага выпраменьвання. Распрацоўнікі сцвярджаюць, што прылада будзе сапраўды танная і функцыянальная, аднак ніякіх коштаў пакуль не паведамляюць.

ЗЫРКАЕ ВОКА

Перавядзем наш зрок з касмічных даляў на Зямлю – за яе паверхняю сочыць вельмі пільнае вока, створанае амерыканскім агенцтвам перспектыўных даследаванняў. Камера “Áрґус”, здымкі з якой трапілі ў сеціва, мaе неймавернае разрозненне малюнку – 1,8 гігапікселя. Прылада можа мацавацца да беспілотных лятальных апаратаў і атрымліваць малюнак высокага разрознення з вышыні шэсць тысяч метраў, ахопліваючы пры гэтым плошчу 25 квадратных кіламетраў. Такім чынам, дзвюх прыладаў будзе дастаткова, каб сачыць за вялікім горадам. Ужо на зямлі адмысловае праграмнае забеспячэнне дазваляе адначасна пільнаваць да тысячы аб’ектаў у руху.

РЫБКА БЕЗ ПРАЦЫ!

А наступны гаджэт будзе цікавы аматарам рыбалкі! Неўзабаве на рынку мае з’явіцца высокатэхналагічны паплавок “Realsonar”, у які вытворцы ўбудавалі ультрагукавы санар. Ён дасылае звышгукавыя сігналы скрозь тоўшчу вады на глыбіню да 45-ці метраў і вызначае месцы, дзе жыве рыба. Выкарыстоўваючы bluetooth, дэвайс падлучаецца да смартфону і праз адмысловую праграму дэманструе карыстальніку знойдзеныя падводныя скарбы. Калі ж рыба падплывае да паплаўка, праграмнае забеспячэнне таксама паведаміць пра гэта гукавым сігналам, дадаўшы да таго ж памер і колькасць рыбы. “Realsonar” спатрэбіцца і купальшчыкам: гаджэт умее вымяраць тэмпературу вады і яе салёнасць. Калі праект збярэ патрэбную суму для старту вытворчасці, набыць яго можна будзе ўжо ўлетку за 100 долараў.

МЫШ-IPHONE

Кампанія “Spicebox” анансавала праект стварэння прылады, які дазваляе выкарыстаць iPhone у якасці сэнсарнай камп’ютарнай мышы. Прылада падлучаецца да смартфона праз 30-пінавы канэктар, а з камп’ютарам сувязь адбываецца праз Wi-Fi. На экран тэлефона выводзяцца элементы кіравання, якімі можа апераваць карыстальнік. Для дакладнага пазіцыянавання прылада “Mouse” выкарыстоўвае лазер з нізкім энергаспажываннем. Акрамя таго, распрацоўнікі плануюць задзеяць убудаваныя ў iPhone датчыкі становішча, і тады апарат можна будзе выкарыстоўваць паводле аналогіі з бяздротавым кантролерам для прыстаўкі Wii. Пакуль жа на рэалізацыю задумы неабходна сабраць 150 тысяч долараў.

ГЛЫБОКАЯ ПЕСНЯ

І напрыканцы – відэа музыкі Sivu, які правёў пад апаратам магнітна-рэзананснай тамаграфіі каля трох гадзінаў, выконваючы сваю кампазіцыю “Better Man Than He”. Пасля чаго і быў змантаваны аднайменны троххвілінны відэакліп.

Для здаровага чалавека, у целе якога адсутнічаюць ферамагнітныя імпланты, пакуль негатыўных пабочных эфектаў МРТ не выяўлена, аднак такое доўгае ўздзеянне магнітным полем высокага напружання можа прывесці да нязначнага нагрэву тканак.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: камера, што лятае; шкляны «WINBOT 7»; «SOUNDLAZER»;«ELDER SCROLLS». «Dэвайс» – штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15 на «Белсаце». Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Стужка навінаў