На Віцебшчыне вызначылі месцы, дзе забаронена праводзіць перадвыбарчыя пікеты


Віцебскія ўлады актыўна рыхтуюцца да выбараў: райвыканкамы і мясцовыя раённыя выданні размясцілі на сваіх сайтах спіс месцаў, дзе забаронена пікетаваць для збору подпісаў за кандыдатаў у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў, пішуць праваабаронцы з цэнтру «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агітацыйны пікет у Віцебску. Лістапад 2019 года.
Фота: Віцебская Вясна

Традыцыйна амаль ва ўсіх раёнах пікетаванне забароненае на адлегласці, меншай за 50 метраў ад будынкаў раённых выканкамаў, пракуратуры, судоў, аддзелаў унутраных справаў, МНС, дэпартаментаў аховы МУС і іншых дзяржаўных установаў.

Цікава, што ў некаторых раёнах пад забарону трапілі месцы, дзе назіраецца найбольшы рух людзей.

Так, у Бешанковічах забаронена пікетаваць на цэнтральнай плошчы, на тэрыторыі адукацыйных, культурных і спартовых установаў, прыпынках грамадскага транспарту, аўтастанцыях, аб’ектах вода-, цепла- і энергазабеспячэння, а таксама каля банкаўскіх установаў.

У Браславе забарона пікетавання распаўсюджваецца на межы дваровых тэрыторыяў шматкватэрных жылых дамоў, пешаходных зонаў і пераходаў, тратуараў.

У Докшыцкім раёне, акрамя ўсяго іншага, забаронена пікетаваць каля аб’ектаў чыгункі, аўтавакзалаў, мастоў.

У Мёрскім раёне агулам найдаўжэйшы спіс забаронаў, звязаных з перадвыбарчым пікетаваннем. Так, забарона закранула тэрыторыі рынкаў. Акрамя таго, у Мёрах забаронена пікетаваць бліжэй, чым за 100 метраў ад буйной гандлёвай крамы «Санта Рытэйл», гарадскога рынку, Мёрскага мясакамбінату і Полацкага малочнага камбінату.

Нагадаем, што адзіны дзень галасавання адбудзецца 25 лютага 2024 года, падчас якога мяркуецца, што беларусы будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў