Газета «Белорусы и рынок» закрываецца па патрабаванні міністра інфармацыі


Газета «Белорусы и рынок» спыняе працу па выпуску друкаванай версіі ў адпаведнасці з загадам міністра інфармацыі, які быў падпісаны 1 снежня. Аб гэтым паведаміў былы галоўны рэдактар выдання Андрэй Аляксандравіч.

Выданне “Белорусы и рынок”.
Фота: Радыё Свабода

Загад аб ануляванні пасведчання аб дзяржрэгістрацыі выдання быў падпісаны міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым. На падставе загада рэдакцыя спыняе працу па выпуску друкаванай версіі газеты, якая выдавалася 32 гады, яшчэ з часоў СССР.

«Каб пазбегнуць інсінуацый наконт спынення выхаду найстарэйшай незалежнай беларускай газеты, паведамляем, што на мінулым тыдні рэдакцыяй быў атрыманы ліст з Міністэрства інфармацыі. У ім гаворыцца аб ануляванні пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Белорусы и рынок», – напісаў Аляксандравіч.

Падставай для гэтага названы падпункт 2.8 пункта 2 артыкула 15 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі». «У загадзе ўтрымліваецца патрабаванне выключыць з дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі газету «Белорусы и рынок», а таксама прадпісваецца сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства прыняць меры па рэалізацыі гэтага загаду», – дадаў былы галоўны рэдактар.

На мінулым тыдні выданне заяўляла, што прыпыняе выхад. У рэдакцыі тады казалі, што спадзяюцца, што здолеюць аднавіць выпуск у другім паўгоддзі 2023 года.

Цяпер сайт газеты заблакаваны. Дырэктар газеты Канстанцін Залатых быў затрыманы сілавікамі ў траўні гэтага года і абвінавачваецца ў распальванні варожасці, злучаным з гвалтам або здзейсненай службовай асобай (частка 2 артыкула 130 КК).

Дырэктару газеты «Беларусы і рынак» Канстанціну Залатых выставілі абвінавачанне

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў