«Я вярнуся. Пазней». Беларускі комік Слава Камісаранка – пра народ, амапаўцаў і сітуацыю ў краіне


Беларускі комік Слава Камісаранка даў інтэрв’ю аднаму з самых папулярных журналістаў Расеі Юрыю Дудзю, відэа якога набіраюць мільёны праглядаў. Слава не першы беларус, якога запрасілі ў праграму, але Камісаранка даволі шчыра і смела распавёў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ды выказаў спадзеў на лепшае. Выбралі асноўныя цытаты.

Беларускі комік Слава Камісаранка падчас інтэрв’ю Юрыю Дудзю. Cкрыншот з відэа: вДудь / Youtube

Размовы з амапаўцамі ды іхнымі жонкамі

Неаднаразова Камісаранка ў сваіх выступах і праграмах высмейваў Лукашэнку, казаў пра гвалт з боку сілавікоў да мірных пратэстоўцаў, асуджаючы іхныя дзеянні. У інтэрв’ю Слава расказаў, што пасля яму пісалі амапаўцы ды іхныя жонкі, спрабавалі пагражаць. Напрыклад, пісалі: «Цікава, с*ка, ты б у мяне адразу ў аўтазаку абасцаўся ці не?».

«Я ж на сувязі быў з усімі беларусамі – з Ванем Усовічам, з Андрэем Скараходам [стэндап-комікі, родам з Беларусі], які ўвогуле ператварыў свой «Інстаграм» уласна…»

«У штаб супраціву», – перабівае Дудзь.

«Так. Я яго пытаў, хто яму піша. Андрэй адказваў: «Мне жонкі [амапаўцаў] пішуць». – «А мне самі амапаўцы». За кошт гэтага лягчэй: ты разумееш, што гэта не з табой адным адбываецца».

Жонкі амапаўцаў таксама пісалі коміку: «Тыя, што больш адэкватныя, кажуць, маўляў, вы не разумееце ўсёй сітуацыі: «Калі ты не разбіраешся ў палітыцы, не лезь сюды». Хтосьці піша: «Ты – блазан, што ты ў гэтым разумееш?!». Згодзен».

Пасля было пытанне, ці нехта з сілавікоў пісаў, што ўсё разумее, але нічога зрабіць не можа.

«Натуральна, не. Больш за тое, распавяду рэч, якая пакажа, у якім стане я быў, як і астатнія беларусы. У нейкі момант гвалт перайшоў усе межы, якія былі магчымыя ў галаве. Узровень нянавісці, таго, што ты абсалютна нічога не можаш зрабіць… Пікавая эмоцыя. І ў нейкі момант, здаецца, прадстаўнікі «ByPol» пачалі распрацоўваць праграмы і прыкладанні для дэананімізацыі. Яны вылічылі некаторых амапаўцаў і злілі іхныя нумары. Я патэлефанаваў ім усім. Не ведаю, навошта гэта зрабіў, мяне проста трэсла».

«Трубку падняў толькі адзін, я яму сказаў: «Ну што, с*ка?». Быў проста не ў сабе. І ён мне адказаў: «Вы, напэўна, Паўлу тэлефануйце. Я ягоны брат». У той сітуацыі эмоцыі апярэджвалі твой розум. Калі быць сумленным, гэта настолькі цяжка выносіць! Не ўяўляю, як гэта выносілі людзі ў Беларусі».

Дудзь задаў пытанне аб прыхільніках Лукашэнкі, якія працягваюць казаць, што ён малайчына, нягледзячы ні на што. Камісаранка адзначыў, што, калі людзі глядзяць на белую сцяну і кажуць, што яна чорная, ты не можаш іх пераканаць.

У такіх выпадках трэба адказваць: «Я цябе зразумеў». Спрэчкі і дэбаты патрэбныя, каб пераканаць тых, хто сумняецца. Ёсць людзі, якія ў цэлым адмаўляюцца бачыць відавочнае. Ты іх не пераканаеш, проста патраціш свой час і сілы. З часам яны ўсё самі зразумеюць».

Hавiны
«Чык-Чырык». Хто з беларускіх комікаў дазваляе сабе палітычны гумар
2021.04.01 13:10

Пратэсты ў Беларусі

Дудзь папрасіў коміка растлумачыць, пра які гвалт гаворка, кажучы пра сітуацыю ў Беларусі. Камісаранка прывёў прыклад з жорсткім затрыманнем маладзёнаў:

«Проста стаяць студэнты, хлопцы і дзяўчаты. Спыняецца аўтобус, выбягаюць амапаўцы і пачынаюць іх палкамі ў асфальт забіваць. Яны нічога не гавораць, не крычаць, а сілавікі іх хапаюць… Гэтыя крыкі з Акрэсціна… Збітыя, скалечаныя людзі, якія выходзілі з гэтага ізалятару… Чалавек мог уяўляць сабой адзін вялізны сіняк. Разумееш, гэта быў не загад, гэта было жаданне гэтых звяроў такое тварыць».

«Больш за ўсё мяне шакавала, калі гэтыя вылюдкі ўварваліся да кагосьці ў кватэру і сталі крычаць: «Вы хочаце болю, с*кі? Я вам дам болю». Нейкі вырадак гарлапаніў так на людзей, якія схаваліся ў рандомнай кватэры, уцякаючы ад амапаўцаў».

Беларускія комікі Слава Камісаранка і Ваня Усовіч.
Фота: slavakomissarenko / Instagram

Далей Дудзь пытае, як у такой невялікай краіне, «дзе дручком можна трапіць па суседзе ці нават па сваяку», усё гэта адбываецца.

«Напэўна, яны вельмі ізаляваныя, адасобленыя ад астатняй часткі грамадства. У іх свая каста: сілавікі і дзяржаўныя службоўцы асацыююць сябе з рэжымам, а не з народам. Паглядзі на рыторыку Лукашэнкі, ён кажа «народзец», «вы маліць будзеце, каб я застаўся». Ён лічыць, што ён бог для гэтых людзей, што яны абавязаныя яму тым, што ўвогуле жывыя. Прадстаўнікі рэжыму, напэўна, пераймаюць частку гэтай філасофіі».

Пераезд бацькоў

У Камісаранкі спыталі, ці паўплывалі ягоныя палітычныя выступы на тое, што бацькі з’ехалі з Беларусі:

«Бацькі з’ехалі раней. Іхны пераезд увогуле не быў звязаны з палітычнаю сітуацыяй. Мама зразумела, што я пачаў зарабляць, і намякнула мне, што нядрэнна было б жыць у Маскве… І я набыў ім кватэру».

«Ніхто не ведаў, што ўсё так абернецца. Бацькоў жа шукалі ў Беларусі, на іх быў запыт. Наагул у Беларусі цяпер усе разумеюць, што спадзявацца ні на каго нельга: ні на суды, ні на ўладу. Таму ўзаемадапамога на вельмі высокім узроўні, людзі адно аднаму дапамагаюць. Мне сталі пісаць: «Прывітанне, Слава. Ты мяне не ведаеш, у мяне мама працуе там вось, і сёння быў запыт на цябе, тваю маму, тату. Проста ведай».

Hавiны
Беларускаму коміку Камісаранку забаранілі выступы ў Менску. Ён распавядаў пра «Чык-чырыка»
2021.01.04 16:39

Пра Ціханоўскую і беларускіх жанчын

Таксама Дудзь не абышоў лідараў беларускага пратэсту і спытаў Камісаранку пра стаўленне да Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай:

«Фантастычны чалавек [пра Ціханоўскую]. Яна ж хатняя гаспадыня, жонка свайго мужа, проста жанчына, якая не пабаялася і ўсё гэта зрабіла. Не апусцілася да асабістых амбіцыяў і аб’явіла, што хоча быць сімвалам барацьбы – без імкнення да ўлады. Гэта павага. Марыя Калеснікава – гэта таксама павага», – сказаў комік.

«Бачыш, якая вялікая роля жанчын у беларускім пратэсце. Калі сілавікі бачылі жаночыя маршы і не разумелі… Яны, як дубаломы, ведаюць два рэжымы: біць рукой, біць нагой. І яны бачаць цудоўных жанчын з кветкамі, і двухзначнае IQ пачынае іскрыць».

Беларускі комік Слава Камісаранка падчас інтэрв’ю Юрыю Дудзю. Cкрыншот з відэа: вДудь / Youtube

Што далей?

Славу спыталі пра будучыню Беларусі:

«Я аптымістычна настроены. Усё гэта скончыцца. Не ведаю, наколькі хутка, але тое, што адбываецца, ненатуральнае. Як быццам супярэчыць самому жыццю. Калі нехта кажа, што беларускі пратэст загнуўся ці не прынёс выніку, ён памыляецца. Усе ўбачылі, што адбываецца ў Беларусі, хто дабро, а хто зло. Гэта не пройдзе бясследна».

На пытанне, «як гэта – жыць і ведаць, што ў родную краіну вярнуцца нельга», комік адказаў: «Я вярнуся. Пазней».

У адным з апошніх пытанняў Дудзь папрасіў выбраць адно з двух, што б зрабіў комік: развучыўся жартаваць ці паціснуў руку Лукашэнку.

Камісаранка адразу адказаў першым варыянтам – развучыўся жартаваць.

Hавiны
Беларускаму коміку забаранілі жыць у Расеі. Нагодай стаў жарт
2021.08.30 14:36

АД, belsat.eu

Стужка навінаў