Уладзімір Мілоў: Эфект для Аляксандра Лукашэнкі ад міграцыйнага крызісу будзе адваротны


Дзе мяжа эскалацыі міграцыйнага крызісу? Размаўляем з Уладзімірам Міловым, паплечнікам Аляксея Навальнага.

Аліна Коўшык: Як вы бачыце тое, што адбываецца на мяжы Беларусі, Польшчы ды Літвы?

Уладзімір Мілоў: Гэта вельмі добра спланаваная аперацыя. Думаю, у ёй бралі ўдзел далёка не адна краіна і шмат рэсурсаў. Нямецкая газета «Bild» публікавала выдатную карту са стрэлкамі, з якіх краінаў у Беларусь звозяць мігрантаў, каб іх выкарыстоўваць, як зброю і тараніць польскую і літоўскую мяжу. Гэта сур’ёзная аперацыя. Тут гаворка пра не менш як дзясятак краінаў і вялікі маштаб разгортвання гэтых рэйсаў, каб гэтых мігрантаў перавозіць. Іх жа трэба там яшчэ знайсці і рэкрутаваць. Маштаб сітуацыі сурʼёзны. Мы бачым паводле дзеянняў беларускіх сілавікоў, што ўсё вельмі добра падрыхтавана. Яны добра ведаюць, куды рухаць гэтых мігрантаў, суправаджаць іх, гаварыць і рэагаваць, калі яны ідуць назад.

А. К. Была інфармацыя, што рыхтуецца прарыў 11 лістапада, калі ў Польшчы дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. Усё закрыта, але на мяжы – вялікая колькасць узброеных сілаў. Як вы лічыце, да якога моманту можа напаліцца гэтая сітуацыя, як далёка гатовы зайсці Аляксандр Лукашэнка?

У.М. Рыторыка, якую мы чуем ад беларускага боку, падрыхтоўвае нас да таго, што варта чакаць эскалацыі. Першае: яны цалкам відавочна не збіраюцца пускаць гэтых мігрантаў назад. Па-другое, там, відавочна, шмат хто дэзынфармаваны пра тое, што адбываецца. Яны чакаюць, што іх рэальна пусцяць на тэрыторыю ЕЗ, а гэта проста бюракратычныя праблемы і часовыя цяжкасці. Беларускія сілавікі іх выштурхваюць, каб яны ішлі далей штурмаваць. Пытанне прарыву – гэта проста пытанне часу. Варта, на жаль, рыхтавацца да сурʼёзных сцэнароў. Беларуская рыторыка – ні кроку назад. Яны не збіраюцца прызнаваць свайго замяшання ў гэтай гісторыі ды нацэленыя яе далей разгойдваць.

А.К. Гэтая сітуацыя трохі мне нагадвае сітуацыю з Крымам, калі Расея таксама казала, што наагул у гэта не замешаная. Таксама кажа Лукашэнка, што гэта не ён, гэта палякі. Якая роля Расеі і Уладзіміра Пуціна ўва ўсім гэтым?

У.М. Даволі відавочна, што ёсць усе прыкметы таго, што Расея наўпрост у гэтай аперацыі бярэ ўдзел. З чаго варта пачынаць аналіз? З маштабу рэкрутынгу гэтых мігрантаў. Я думаю, беларускія дзяржаўныя органы самі не ў стане арганізаваць аперацыю такога маштабу. Нельга сказаць, што Беларусь вельмі моцна прысутнічае вонкавапалітычна на Блізкім Усходзе. Там відавочна была вонкавая дапамога. Трэба было зрабіць усё хутка. Рэсурсы былі задзеяныя ў мабілізацыі гэтых мігрантаў вельмі сурʼёзныя. Без вонкавай дапамогі тут сапраўды не абысціся. Другая прыкмета – абсалютна сінхронная рыторыка ўладаў Расеі ды Беларусі да дэталяў. Калі прааналізаваць тое, што кажуць прадстаўнікі расейскага МЗС, яны цалкам паўтараюць у дэталях рыторыку ўладаў Беларусі. Гэта відавочная прыкмета, што ім загадзя раздалі пэўную метадычку. Гэта частка прадуманай інфармацыйнай аперацыі.

А.К. Гэта метадычкі расейскага ФСБ?

У.М. Яны дзеюць разам ужо даволі даўно. Відаць, што расейскія ды беларускія спецслужбы і ўлады абменьваюцца ідэямі ды інфармацыяй. Я думаю, што планаванне гэтай аперацыі насіла супольны характар. Не тое, што Расея ёй кіруе, але відавочна, што бярэ ўдзел.

ВІДЭА
Як Лукашэнка хацеў стаць Эрдаганам, а стаў марыянеткаю Крамля
2021.11.12 17:02

А.К. Ёсць меркаванне экспертаў, што Лукашэнка не спыніцца. Яму няма куды адступаць. Ён будзе ісці толькі наперад, нягледзячы на велізарныя рызыкі, чалавечыя ахвяры. Ці ёсць момант, у якім Пуцін можа сказаць: «Саша, стоп!»?

У.М. Пуцін будзе сачыць за гэтаю сітуацыяй за кадрам ды імкнуцца для сябе атрымаць максімальную выгаду. Калі сітуацыя нагрэецца да няўяўных межаў, Пуцін можа ўмяшацца і паказаць, які ён моцны закадравы лідар, які ў стане з усім даць рады. Думаю, да экстрэмальных сцэнароў ён не зацікаўлены гэта ўсё даводзіць. Бо ўсе ўжо зразумелі, што ён за гэтым стаіць. Чым больш жорстка сітуацыя, тым больш рызыкі, што супраць Пуціна ўвядуць балючыя санкцыі. Яны гэтага не хочуць, таму ў нейкі момант варта чакаць адкату назад. Але вы маеце рацыю, Лукашэнка адмарожаны. Для яго ніякія ахвяры не адыгрываюць ролі. Ён ні перад чым не спыніцца. Сітуацыя мае ўсе шанцы выйсці з-пад кантролю.

А.К. Быў момант, калі здавалася, што гэтым крызісам Лукашэнка набірае сабе балы, палітычны ўплыў падбівае. Цяпер сітуацыя пачынае мяняцца. Як вы лічыце, Лукашэнка перамог ці прайграў?

У.М. Такія эскалацыі маюць вельмі высокую цану. Так, ён вярнуў сябе на першыя палосы газетаў. Усе абмяркоўваюць, што з ім рабіць, ён стварыў Еўразвязу рэальныя праблемы. Але з іншага боку, усе бачаць, што дыктатар абсалютна адмарожаны. Ён гатовы ісці на экстрэмальныя дзеянні прасоўвання сваіх мэтаў. Разглядаць яго як нейкі цывілізаваны, дамоваздольны бок немагчыма. Стратэгія дзеянняў у дачыненні яго будзе такая, што яго трэба ізаляваць і дамагацца ягонага сыходу са сцэны. Эфект для Лукашэнкі ад цяперашняга крызісу, хутчэй за ўсё, будзе адваротны.

Працяг глядзіце ў відэа вышэй.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет»

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; SPUTNIK / Reuters / Forum

Стужка навінаў