«Я дакладна ваяваць не пайду». Вулічнае апытанне паказала, што беларусы не падтрымліваюць Расею


Чытач «Белсату» правёў у цэнтры Менску апытанне пра вайну ва Украіне і падтрымку Расеі. З 25 мінакоў толькі адзін падтрымаў Крэмль, сказаўшы «Слава Расеі».

Беларускія дзяўчаты прайшлі з кветкамі ў руках і плакатам «Не вайне» па вуліцах Менску 3 сакавіка. Фота дасланае чытачамі.

Чытач «Белсату» даслаў у рэдакцыю відэазапіс апытання мінакоў у цэнтры Менску. Блогер цікавіўся, ці будзе, на думку рэспандэнтаў, мабілізацыя ў Беларусі, ці падтрымліваюць яны Расею і ці гатовыя ваяваць ва Украіне за ідэі «русского мира». Удзел у апытанні ў асноўным узялі хлопцы, усяго 25 асобаў. 13 адказваць адмовіліся.

Наконт мабілізацыі кансэнсусу няма: хтосьці мяркуе, што яе не будзе, хтосьці на гэта спадзяецца, хтосьці ўпэўнены, што яна непазбежная.

Але ў пытанні падтрымкі Расеі ці жадання памерці за яе амаль усе, хто пагадзіўся паразмаўляць, былі аднадушны.

«Расею не падтрымліваю. Лічу, што будзе ядзерная вайна і пачнецца fallout. Думаю, што ўсё будзе вельмі сумна. Жудасны час, час Трэцяй сусветнай вайны».

«Я дакладна ваяваць не пайду. Мне падаецца, у нас мала людзей, якія падтрымліваюць вайну, ну, ці толькі з вёскі, напрыклад, дзе часта праблемы з доступам да інфармацыі ці яны жывуць у такім праўладным асяроддзі – у іх няма іншага меркавання, таму яны заўсёды будуць падтрымліваць тое, што робіць дзяржава. З гэтым нічога не паробіш, з гэтым трэба жыць, намагацца паляпшаць адукацыю і даносіць сваё меркаванне».

«З чалавечага пункту гледжання Расею не падтрымліваю. Шкада людзей і з аднаго, і з іншага боку».

«Ой, ну божачкі, канешне ж, паміраць за Расею не гатовы! Вельмі мала рэчаў на гэтым свеце, за што можна аддаць сваё жыццё: можна за каханую жонку, за Радзіму, а не за невядома што».

«Як і любая асоба, я за мір ва ўсім свеце. Я за тое, каб браты-славяне жылі разам па-сяброўску. Не любой вайне».

«Не, Расею не падтрымліваю. Вы лічыце, што можна забіваць людзей, братэрскі народ?»

«Ваяваць за Расею? Цікавае пытанне. Ідэя – іхная, а жыццё – нашае?»

Толькі адна асоба з апытаных падтрымала Расею. Па-расейску хлопец выказаў спадзевы, што «задачы будуць выкананыя»: «А навошта ў нас мабілізацыя? У нас ёсць армія, 65 тысяч салдат. Слава Расеі! Я мяркую, задачы будуць выкананыя. Я падтрымліваю тое, што робіць наш прэзідэнт і прэзідэнт Пуцін».

Вайна ва Украіне трывае з 24 лютага. 21 верасня ў Расеі пачалі мабілізацыю. Аляксандр Лукашэнка ўжо двойчы запэўніваў, што ў Беларусі яе не будзе, але даручыў ваенкаматам праверыць усіх ваеннаабавязаных.

У Менску таксама заяўляюць, што ні з кім ваяваць не хочуць, але абвінавачваюць суседнія краіны ў планах напасці на Беларусь, а днямі Лукашэнка абвясціў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў «Саюзнай дзяржавы».

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў