Аляксей Арэстовіч назваў агіднай рыторыку ўкраінцаў у бок беларусаў


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч прызнаў памылкі Кіева ў дачыненні беларусаў. У эфіры YouTube-каналу «ФЕЙГИН LIVE» ён сказаў, што «ў нашым калектыўным бессвядомым перамагла формула «ўсе беларусы – п..сы». Арэстовіч паабяцаў гэта выправіць.

Аляксей Арэстовіч назваў грандыёзнай праблемай, што ва Украіне не раздзяляюць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. З ягоных словаў, дзякуючы недальнабачным і не вельмі разумным крыкунам дужа неразумна цяпер украінцы ставяцца да беларусаў.

«Гэтыя людзі не разумеюць беларускай сітуацыі і не хочуць разумець, што там бесчалавечны рэжым. Рвануцца супраць – гэта адразу стаць мішэнню. Часам гэта азначае фізічна знікнуць ці прайсці праз катаванні. Тысячы прайшлі праз турмы, тысячы жыццяў скалечаныя, тысячы лёсаў скалечаныя. З радасцю кідацца на расейскія «Іскандэры» і не даваць ім узлятаць – гэта няпростая сітуацыя. Прычым гэтая сітуацыя трывае больш за 20 гадоў – больш, чым кіруе Пуцін», – адзначыў Арэстовіч.

Ён назваў Святлану Ціханоўскую законна абранай прэзідэнткай і заклікаў украінцаў не прыраўноўваць беларусаў і рэжым.

«На жаль, у нашым калектыўным бессвядомым перамагла формула «ўсе беларусы – п..сы». Рыторыка ў дачыненні беларусаў абсалютна агідная, на мой погляд. Мы не здолелі вырашыць галоўную задачу, якую трэба вырашыць: аддзяліць рэжым ад народу. Прытым што ў народу ёсць законна абраная прэзідэнтка, Святлана Ціханоўская. Украіна не прызнала Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам», – сказаў Арэстовіч.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны прыгадаў беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць з Расеяй.

«Беларусы, якія ў нас знаходзяцца, полк Каліноўскага, напрыклад, іншыя добраахвотнікі – яны дэманструюць экстраардынарныя баявыя якасці, цудоўныя хлопцы. Яны вядуць класную сучасную вайну, высокапрафесійную, з беспілотнікамі, з цэлеўказаннем. Я заўсёды раю крыкунам пра тое, што беларусы слабакі, пайсці палку Каліноўскага гэта распавесці», – падкрэсліў Арэстовіч.

Ён упэўнены, што Беларусь цяпер – пад расейскай акупацыяй, гэтак жа, як і акупаваныя тэрыторыі Украіны. І патрабаваць ад людзей на гэтых тэрыторыях узнімаць масавае паўстанне нельга.

«Беларусы для мяне застаюцца братэрскім народам, беларускі народ – у закладніках, беларускі народ акупаваны пуцінскім рэжымам. І калі вы заклікаеце беларусаў да паўстання, гэта тое самае, што заклікаць да паўстання нашых людзей на акупаваных тэрыторыях. Не думайце, што Беларусь незалежная краіна, там усе вельмі шчыльна кантралюецца двума таварышамі», – патлумачыў Арэстовіч.

Ён прыгадаў рэйкавых партызанаў і распавёў пра штучнае запавольванне перавозаў чыгункаю расейскай тэхнікі ў першыя дні вайны.

«У самай актыўнай фазе барацьбы за Кіеў беларусы прымудрыліся запусціць забеспячэнне цягнікамі не праз Гомель, а праз берасцейскі палігон. Гэта зэканоміла нам некалькі содняў. Гэта быў вызначальны выйгрыш. Таксама вялікая доля выратаваных украінскіх жыццяў – дзякуючы беларусам, якія пашкоджвалі чыгуначную інфраструктуру», – зазначыў Арэстовіч.

Ён рэзюмаваў, што стаўленне ўкраінцаў да беларусаў мусіць змяніцца.

«Беларускае пытанне – адна з галоўных нашых памылак падчас гэтай вайны. Гэта няправільна. Лукашэнка – гэта адно, законна абраны прэзідэнт – другое, беларускі народ – трэцяе. Па меры сілаў будзем гэтую памылку выпраўляць», – паабяцаў Арэстовіч.

Hавiны
Арэстовіч пра «скасаванне» беларусаў і расейцаў ва Украіне: «Вы добраахвотна дадалі ворагу патэнцыял»
2022.08.17 18:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў