«Гэта вельмі па-расейску». Што адбываецца ў Харкаве пасля ракетных абстрэлаў гораду войскамі РФ


Увечары 11 верасня некалькі вобласцяў Украіны засталіся без святла і вады. Гэта было наступствам ракетнага ўдару расейскіх войскаў па крытычнай інфраструктуры Харкава. Гарэла адна з найбуйнейшых цеплаэлектрацэнтраляў Украіны – Харкаўская ЦЭЦ-5. Удзень 12 верасня на Харкаў паляцелі чарговыя ракеты. Што адбывалася ўвечары 11 верасня ў Харкаве і якая сітуацыя ў горадзе цяпер, нам распавяла журналістка «Белсату» Юлія Бойка.

«Вялікай панікі не было»

«Я не бачыла самых пажараў. Каля 20:00 гуляла з сабакам. Было пасля дажджу, павышаная хмарнасць. І тут – тры яркія ўспышкі, ярка-чырвоныя такія, і аддалены гук выбухаў. Я жыву не зусім далёка ад ЦЭЦ-5, таму гэтыя гукі былі чуваць. Пабачыла, што ў дамах, паўз якія праходзіла, знікае святло…» – расказала Юлія Бойка.

Журналістка адразу пазваніла бацькам, і тыя паведамілі, што святло сапраўды знікла, а пакрысе пачынае знікаць і вада. Праз некаторы час пачалі назірацца перабоі з інтэрнэтам. Былі праблемы і з мабільнаю сувяззю, прынамсі ў аператара «Life».

Ратавальнікі працуюць на месцы ўдару па ЦЭЦ. Харкаў, Украіна. 11 верасня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

«Але насамрэч вялікай панікі не было, бо мы выдатна разумелі, што адбываецца. І нас адразу супакоілі мясцовыя ўлады, запэўніўшы, што неўзабаве ўсё вернецца да нормы. І сапраўды, апоўначы ў Харкаве пачало вяртацца святло. То бок, на дзіва, харкаўцы, у тым ліку і мы, вельмі спакойна да ўсяго гэтага паставіліся», – дзеліцца журналістка.

«На вайне як на вайне»

Паводле Юліі, на 12:00 панядзелка амаль ува ўсім Харкаве ўзнавілі падачу электраэнергіі, акрамя Новабаварскага і Аснавянскага раёнаў гораду, дзе на той момант яшчэ працавалі энергетыкі. Метро таксама на той момант працавала. Па маршрутах тралейбусаў, якія пакуль не падлучылі да электрычнасці, пусцілі аўтобусы. Але вада ў доме, дзе жыве Юлія, у першай палове 12 верасня не з’явілася:

«Мы выдатна разумеем, што гэта была рэакцыя расейцаў на тое, што Збройныя сілы Украіны амаль цалкам вызвалілі Харкаўскую вобласць. Таму… Ведаеце, мы паўгода жывем пад абстрэламі. У сакавіку ў горадзе таксама былі перабоі з электрычнасцю і вадою. Не ведаю, можа, мы такі народ, які ўжо нічым не напужаеш.

Адключылі святло – значыць адключылі. Свечкі ў нас ува ўсіх з 24 лютага ў запасе маюцца. Запалкі – таксама. Можна сказаць, мы былі да гэтага гатовыя. На вайне як на вайне».

Паводле журналісткі, ракетныя ўдары расейскіх войскаў па цывільных абʼектах Харкава – чарговае сведчанне, што расейцы – «подлыя баязліўцы». Подлыя – бо добра ведалі, што, калі ў горадзе знікне электраэнергія, яе не будзе і ў шпіталях, у якіх апараты, што ладуюцца электрычнасцю, падтрымліваюць жыццё цяжкахворых, і гэтыя апараты таксама будуць адключаныя.

Расейцы кралі ровары, каб уцячы як найхутчэй

У горадзе, не зважаючы на абстрэлы і небяспеку, адчуваецца вялікі ўздым з нагоды вызвалення Збройнымі сіламі Украіны мясцовасцяў у Харкаўскай вобласці.

«Калі з’явіліся першыя паведамленні пра вызваленне той жа Балакліі, па праўдзе, не верылася, што гэта пачалося. Гэтыя мясцовасці былі акупаваныя цягам паўгода, нават больш. Мы гэтага чакалі, але не думалі, што гэта адбудзецца так хутка. Пачалі вызваляць адзін за адным – Балаклія, Куп’янск, Ізюм, які вельмі моцна разбураны – такі маленькі Марыупаль, можна сказаць. Пабачылі, што вызвалены Ваўчанск, які быў акупаваны ў першы дзень вайны. Безумоўна, гэта натхняе», – кажа Юлія Бойка.

Байцы ЗСУ ўздымаюць украінскі сцяг на будынку пасялковай больніцы Высакапілля.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram

Што не здзівіла журналістку, дык гэта тое, як уцякалі з гэтых паселішчаў расейскія вайскоўцы – як пацукі. Юлія чула гісторыі, як расейцы кралі ў мясцовых жыхароў мапеды, аўтамабілі і нават ровары, каб уцячы як найхутчэй з гарадоў, якія займалі ўкраінскія войскі.

Прыехаць з Харкава ў вызваленыя гарады пакуль немагчыма – туды не пускаюць. Інфармацыі адтуль мала праз адсутнасць інтэрнэту. Дый заставацца там цяпер небяспечна.

«Ёсць рызыка, што па гэтых паселішчах могуць наносіцца ракетныя ўдары, як па Харкаве. Бо ўжо было заўважана: як толькі пачынаем вызваляць тэрыторыі, колькасць абстрэлаў павялічваецца. Так было ў траўні, калі вызвалялі вёскі блізу Харкава – па ёй вельмі моцна білі, як толькі іх вызвалілі. Таму чакаем, што такое ж можа быць і ў нядаўна вызваленых мясцовасцях. Гэта вельмі па-расейску», – заўважае Юлія Бойка.

Чарговы абстрэл Харкава ўдзень 12 верасня

Кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сынегубаў назваў ракетныя ўдары па горадзе «помстаю мірнаму насельніцтву». Удары былі нанесеныя па Новабаварскім раёне (разбураны 5-павярховы дом, адзін чалавек загінуў), Халаднагорскім (загінулі два рабочыя ЦЭЦ-5) і Чугуеўскім раёнах (апошні раён уваходзіць у Харкаўскую агламерацыю).

Харкаў пасля абстрэлу ў жніўні 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Цяпер у вобласці аднавілі 80 % электразабеспячэння і водазабеспячэння. Працы трываюць», – напісаў Алег Сынегубаў раніцаю 12 верасня.

Але ўжо пасля 13:00 зʼявіліся паведамленні пра новыя ракетныя ўдары па Харкаве  – Аснавянскім і Кіеўскім раёнах. У горадзе зноў знікала электрычнасць. Гарадская рада паведамляла пра спыненне працы метрапалітэну. А 14:40 абвясцілі адбой паветранай трывогі. Паводле папярэдніх звестак, ахвярай абстрэлу ўдзень 12 верасня стаўся адзін чалавек, чацвёра параненыя.

«Без газу ці без вас? Без вас! Без святла ці без вас? Без вас. Без вады ці без вас? Без вас. Без ежы ці без вас? Без вас! Холад, голад, цемра і смага не такія страшныя і смяротныя для нас, як вашыя «сяброўства і братэрства», – так адрэагаваў на абстрэл Харкава 11 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, звяртаючыся да расейскага народу.

Паводле зводкі Генеральнага штабу ЗСУ, украінскія войскі за мінулыя содні вызвалілі яшчэ 20 паселішчаў у Харкаўскай і Данецкай вобласцях. 11 верасня галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны заявіў, што ўкраінская армія з пачатку верасня вярнула больш за тры тысячы квадратных кіламетраў тэрыторыі пад кантроль Украіны. На ацэнку амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), гэта больш, чымся расейскае войска акупавала з красавіка.

Hавiны
Што вядома пра наступленне ЗСУ на Харкаўшчыне. Галоўнае за 11 верасня
2022.09.11 18:23

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў