Сталы прадстаўнік Расеі пры ААН не падтрымаў прапановы зрабіць дэмілітарызаваную зону вакол ЗАЭС


На Радзе Бяспекі ААН прадстаўнік краіны-агрэсара Васілій Нябензя заявіў пра магчымыя «правакацыі» з боку Украіны, а таксама тое, што расейскія войскі нібыта абараняюць Запарожскую АЭС, у прыватнасці, ад тэрарыстаў, паведамляе «Интерфакс».

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

«Дэмілітарызацыя станцыі можа зрабіць яе ўразлівай для тых, хто захоча яе наведаць. Якімі будуць іхныя мэты і задачы, ніхто не ведае. Мы не можам выключаць нейкіх правакацыяў, тэрарыстычных нападаў на станцыю, якую мы мусім абараніць», – выказаўся Нябензя.

Раней генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заклікаў «адвесці ўсіх вайскоўцаў і вайсковую тэхніку ад станцыі і пазбягаць любых іншых размяшчэнняў вайсковых сілаў або вайсковага абсталявання на гэтай тэрыторыі».

Украінская атамная кампанія «Енергоатом» паведаміла, што расейскія вайскоўцы днём 11 жніўня зноў абстралялі Запарожскую АЭС і тэрыторыі паблізу ядравага аб’екту.

«Зафіксавана пяць «прылётаў» у зоне камендатуры станцыі – побач з участкам зваркі і сховішчам крыніцаў выпраменьвання. На невялікім участку загарэлася трава, але, на шчасце, ніхто не пацярпеў», – паведамілі ў «Енергоатоме».

Напачатку жніўня гендырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гросі ўказваў на небяспеку ядравай катастрофы праз баявыя дзеянні вакол станцыі.

«Я вельмі занепакоены ўчорашнім абстрэлам найбуйнейшай у Еўропе АЭС, што падкрэслівае рэальную рызыку ядравай катастрофы, якая можа пагражаць здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю ва Украіне і за яе межамі», – заявіў Гросі.

Hавiны
Кіраўнік МАгАтЭ прыме ўдзел у пасяджэнні СБ ААН наконт Запарожскай АЭС, якое склікае Расея
2022.08.10 17:39

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў