Параўноўваем канферэнцыю «Новая Беларусь» і Усебеларускі сход 1917 года


«Што пачуе родная старонка? Ці скажа гэты з’езд важкае слова, тое слова, якога чакае наша родная Беларусь. Да гэтага зʼезду будуць прыслухоўвацца далёка за межамі Беларусі. Чакае нашага рашэння і Нямеччына, і Польшча, і Літва. Чакае нашага рашэння і нашая сястра Украіна». Так пісала адна з газетаў пра распачаты ў снежні 1917 года Першы Усебеларускі з’езд, які адкрыў беларусам шлях да Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння мы маем магчымасць павярнуць беларусаў да таго абранага продкамі шляху.

8–9 жніўня 2022 года ў Вільні адбылася канферэнцыя «Новая Беларусь». Яна падсумавала першыя два гады Беларускай рэвалюцыі. Ужо пасля першага выступу Святланы Ціханоўскай было ясна, што імпрэза завершыцца не толькі прыгожымі словамі, але і дзеяннямі. У выніку паўстаў Аб’яднаны пераходны кабінет. Але ці станецца віленская «Новая Беларусь» тым, чым стаўся Першы Усебеларускі з’езд – лёсавызначальнаю падзеяй для нашага народу? Некалькі думак з гэтай нагоды.

Владимир Корж, Ярослав Бекиш, Алина Ковшик, Антон Родненков, Виктория Федорова, Михаил Рубин, Елена Живоглод, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Удзельнікі другога дня канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». На здымку (злева направа) – Уладзімір Корж, Яраслаў Бекіш, Аліна Коўшык, Антон Раднянкоў, Вікторыя Фёдарава, Міхаіл Рубін, Алена Жываглод. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Не дэклараванне развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, а дзеянні на ўласным прыкладзе

У Дэкларацыі аб мэтах і каштоўнасцях беларускіх дэмакратычных сілаў, падрыхтаванай да канферэнцыі «Новая Беларусь», запісана: «пашырэнне ролі беларускай мовы ў грамадстве і сістэме адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры, захаванне культурна-гістарычнай спадчыны і развіццё нацыянальнай сацыяльна-палітычнай думкі». Гэта вельмі істотна, бо як казаць пра «акупацыю Беларусі», не робячы захадаў для «нутраной дэакупацыі»? Тут гаворка не пра нейкі дэкларатыўны прымус, а пра свядомы выбар. Таму варта аб’ядноўваць не толькі мастакоў, літаратараў, але і палітыкаў – усіх творцаў, якія не толькі разумеюць, але і згодныя з ісцінай, акрэсленай класікам: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Прадстаўнік у пытаннях нацыянальнага адраджэння ў Кабінеце Ціханоўскай трэба ўжо цяпер

Даведка

Першы Усебеларускі з’езд, 1917 год: «Ува ўсіх гэтых прамовах адчуваўся велізарны ўздым, адчувалася цяперашняе гора народу і яго радасць, што нарэшце ж прачнулася родная краіна. Даволі спрэчак і сварак. Трэба неадкладна каваць шчасце свайго народу, сваё шчасце, а то будзе позна».

Неабходна аб’яднаць намаганні беларускіх гісторыкаў, вымушаных пакінуць Беларусь праз палітычны ціск, каб яны маглі працаваць супольна і ствараць даследаванні, якія дапамогуць захаваць нацыянальную памяць нашага народу і зразумець, чаму адбыліся падзеі 2020 года, што ім папярэднічала. Важныя як канцэптуальныя пошукі (напрыклад, што яднае 1918, 1991, 2020 гады), так і папулярныя тэмы: гісторыя нацыянальных сімвалаў, Беларускі супраціў, станаўленне беларускай нацыі ды іншыя. Рэжым Лукашэнкі абвесціў 2022-і Годам гістарычнай памяці, дык дамо яму добры адказ Годам нацыянальнай памяці! Тым больш нагодаў у 2023-м будзе дастаткова. І добраю навіною тут сталася паведамленне пра здабыты архіў КДБ з інфармацыяй пра рэпрэсаваных за савецкім часам беларусаў. Такія рэчы максімальна хутка трэба пускаць у людзі і далучаць да працы гісторыкаў, каб паказаць увесь маштаб трагедыі нашага народу. У тым ліку дэманструючы тое, колькі рэпрэсаваных продкаў было сярод тых, хто сёння падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які сам разгарнуў шырокую хвалю рэпрэсіяў.

Александр Азаров, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Аляксандр Азараў (справа), прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Выбар прамоўцаў і геапалітыка

Істотным выглядае і выбар удзельнікаў дыскусійных пляцовак, пры гэтым варта запытацца меркавання сапраўдных экспертаў. Некаторыя моманты эканамічным і прававым блокам выглядалі не больш за галаслоўныя заявы. Напрыклад, пра разрыў усіх сувязяў з Расеяй. Але што наўзамен? Ужо цяпер варта ставіць такія пытанні і абмяркоўваць розныя варыянты – як Балта-Чарнаморскі саюз дзяржаваў. Пры гэтым варта больш увагі надаваць раскрыццю зместу «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі»: дзеля чаго стваралася і ў што ператварылася.

Дыяспара

Даведка

Першы Усебеларускі з’езд, 1917 год: «Беларус зразумеў гэта і здзейсніць вялікую справу. Спрэчкі скончыліся. Паставілі на галасаванне – быць або не быць. Некалькі, вельмі няшмат узнялі дрыготкія рукі супраць. О, якія дакор і погляды кінулі ім тыя, каму дарагая родная Беларусь! Вырашана прыступіць да вялікай справы».

Ва ўмовах разгорнутых рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі ды ягонай залежнасці ад Расеі па выніках «Новай Беларусі» робіцца ясна, што найважнейшы рэсурс створанага Кабінету Ціханоўскай і афіляваных з ім структураў – беларуская дыяспара, шэрагі якой за апошнія два гады значна папоўніліся асобамі з актыўнаю жыццёваю пазіцыяй. Варта ствараць умовы для падмацавання іх энергіяй. Трэба паказаць беларусам у Беларусі паспяховы праект у замежжы, які гартуе і дапамагае беларусам у свеце. У адказ можна было б абвесціць збор своеасаблівага падатку (напрыклад, 10 долараў з дарослага) на падтрыманне беларускага войска.

Сілавы варыянт і кампрамісы

На канферэнцыі было шмат сказана пра сілавы варыянт дзеля перамогі Беларускай рэвалюцыі. Пры гэтым падкрэслівалася, што пагроза сілы не значыць яе ўжыванне. Але ў гісторыі так не працуе, пагатоў калі загадзя гаворыш пра блеф.

У той жа час на канферэнцыі «Новая Беларусь» неаднаразова гучалі словы пра Украіну і беларускіх добраахвотнікаў. Але ці былі прадстаўнікі палка Каліноўскага на самой канферэнцыі? У чым хаваецца праблема? Можа, прыйшоў час, напрыклад, самой Святлане Ціханоўскай наведаць беларускую дыяспару ва Украіне, палкі «Пагоня» і імя Кастуся Каліноўскага?

Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Сёння як ніколі маюць значэнне першыя крокі, бо чым канчаюцца непаразуменні ў нашай гісторыі, ужо вядома. Прыклад таму – беларускія дзеячы 1920-х гадоў, калі ўзаеміны перашкодзілі супрацы на карысць народу. Трэба ад гэтага адыходзіць. Бо можна быць вельмі разумным і сапраўды прадказваць будучыню, але пры гэтым нічога не рабіць дзеля яе надыходу. Так і вызначаецца лідар. Бо лідар – гэта той, хто гатовы прыціснуць сваю ганаровасць дзеля вышэйшага паклікання, дзеля лепшай будучыні свайго народу. Лідар – гэта той, хто яднае вакол сябе, а не раз’ядноўвае.

Скончылася канферэнцыя «Новая Беларусь» – як і 105 гадоў таму Першы Усебеларускі з’езд: беларусы зноў намагаюцца выйсці «з-пад нацыянальнага і эканамічнага прыгнёту і няволі, каб назаўсёды знік цень нашага змрочнага гістарычнага мінулага, каб жыла Вольная Беларусь».

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў