Колькасць падаткаў для насельніцтва вырасла, але мэтазгоднасць гэтай захады пад пытаннем 


Беларусы сталі масава атрымліваць паведамленні з падатковай. Сёлета  заплаціць падаткі павінны ўладальнікі аўтамабіля і кватэры.  Эксперты ў размове з «Белсатам» крытыкуюць новаўвядзенні. Рэч у тым, што адміністраванне новых падаткаплатнікаў можа стаць надзвычай дарагім для бюджэту, для якога і збіраюцца грошы.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

Сёлета аплата падаткаў для фізічных і юрыдычных асобаў вядзецца паводле абноўленага Падатковага кодэксу. Адметна: згодна з дакументам, колькасць падаткаплатнікаў істотна вырасла. Цяпер шмат хто атрымлівае дакументы з падатковай з напамінам пра неабходнасць заплаціць своечасова грошы ў бюджэт.

Ліст з падатковай пра неабходнасць аплаціць падаткі.
Фота: Белсат

Але насамрэч колькасць падаткаў у Беларусі для фізічных асобаў не павялічылася, звяртае ўвагу Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Бо тое, што адбываецца, – гэта афіцыйна не ўвядзенне новых падаткаў, але адмена ранейшых ільготаў.

«Напрыклад, падатак на нерухомасць быў і раней. Але яго аплочвалі толькі тыя асобы, якія мелі больш за адзін аб’ект нерухомасці, або тыя, хто меў прыватны дом. А вось уласнікі адной кватэры вызваляліся ад аплаты падатку. Фактычна проста прыбралі ільготу. Канечне, нам ад гэтага не лягчэй, але сітуацыя даволі цікавая, бо адносна невялікую суму грошай павінныя будуць заплаціць мільёны асобаў», – кажа эканамістка.

Кацярына Барнукова тлумачыць гэтыя захады ўладаў тым, што ў Беларусі бюджэт – у структурным дэфіцыце: дэфіцыт узнікае з года ў год, нават калі эканоміка расце. У такой сітуацыі неабходна рабіць адно з двух: або зніжаць выдаткі, або павялічваць падаткі.

Парады
Тлумачым, калі эмігранты пачнуць плаціць за камуналку ў Беларусі па поўнай і як гэтага пазбегчы
2022.04.03 09:00

У 2015–2016 гадах была спроба знізіць выдаткі, нагадвае экспертка. Але поспехаў яны не прынеслі, таму пастанавілі адмяніць падатковыя ільготы, увесці новыя схемы падаткаабкладання ІП, прыбраць ільготы на падатак на дададзеную вартасць. Ходзяць чуткі, што ПДВ наагул могуць павялічыць.

«Відавочна, што гэта спроба сабраць нітку да ніткі, бо праблемы з напаўненнем бюджэту абазначыліся нават не сёлета, а яшчэ ў мінулыя гады. Пры гэтым Мінфін увогуле схаваў статыстыку пра напаўненне бюджэту ў гэтым годзе. Адметна, што яны нават выдалілі з сайту публікацыі на гэты конт з пачатку года. Таму афіцыйных звестак няма зусім. Але імкненне сабраць грошы з іншых крыніцаў сведчаць пра наяўнасць праблемаў», – распавядае «Белсату» эксперт з праекту «Кошт урада».

Замест развязання праблемаў чыноўнікі ствараюць новыя

Нават у памкненні развязаць праблемы, чыноўнікі робяць захады, якія могуць толькі ўскладніць сітуацыю. Рэч у тым, што ніхто не лічыць выдаткаў на адміністраванне збору гэтых падаткаў, звяртае ўвагу эксперт праекту «Кошт урада»:

«Мне падаецца, што паўтараецца сітуацыя з так званымі дармаедамі, калі планавалі сабраць грошы, але ў выніку засакрэцілі інфармацыю пра адміністраванне гэтага збору. Бо пошук так званых дармаедаў, унясенне іх у базу, разлікі, колькі яны павінныя заплаціць, а потым і лісты поштаю – гэта проста вялізная праца».

Фота: Belsat.eu

Эксперт удакладняе, што толькі ў адным Менску колькасць падаткаплатнікаў вырасла на 500 тысячаў. Гэта 500 тысячаў новых кліентаў, і кожным трэба заняцца, унесці дадзеныя ў сістэму, надрукаваць дакументы, адаслаць іх. Выдаткі проста вялізныя.  Колькі на гэта будзе выдаткавана сродкаў і сіл – невядома.

«Затое вядома, што збор з гэтых падаткаплатнікаў складзе каля 25 мільёнаў рублёў. Варта адзначыць, што для бюджэту Менску гэта проста мізэрная сума, якая асабліва нічога не вырашыць. Таму да эфектыўнасці гэтага – вельмі вялікія пытанні. Але, на жаль, мы не можам казаць пра канкрэтныя сумы, паколькі ў нас няма звестак, чыноўнікі іх не агучваюць», – адзначае эксперт праекту «Кошт ураду».

Як будуць спаганяць падатак з мігрантаў?

Ёсць і яшчэ адзін момант, які зусім не на карысць чыноўнікам. У сувязі з палітычным тэрорам супраць грамадзянаў, шмат беларусаў выехалі з нашай краіны. Спагнаць з іх грошы будзе даволі складана. Падаткавікі, калі не атрымаюць інфармацыі пра аплату падатку, могуць звярнуцца ў суд. Тады спаганяцца грошы будуць у прымусовым парадку.

«Адбываецца гэта не хутка. У даўжнікоў таксама спісваюцца грошы з рахункаў. Праўда, гэта таксама адбываецца праз суд. У найгоршым выпадку, калі даўгоў будзе вельмі шмат, суд можа вынесці пастанову аб неабходнасці прадаць кватэру, каб пакрыць выдаткі. Але гэтае пытанне развязваецца вельмі павольна і зойме не некалькі месяцаў, а нават некалькі гадоў. Калі мы не кажам пра палітычны пераслед. Бо ў такім выпадку спаганяецца хутчэй, бо такія асобы будуць першыя ў чэргах судоў», – кажа Кацярына Барнукова.

Іначай выглядае сітуацыя з падаткам на аўта. Хоць і тут адміністраванне будзе выглядаць складаным, бо падаткавікам дадаецца ажно 1,8 мільёна новых кліентаў, але ж чыноўнікі спадзяюцца сабраць за аўтамабілі каля 200 мільёнаў рублёў.

Hавiны
Кіраўнік праекту «Кошт ураду»: Грошай няма, таму праблемы перакладаюцца на плечы прадпрымальнікаў
2022.01.05 16:29

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў