На саміце NATO ў Вільні кіраўнікі суседніх з Беларуссю краінаў сыходзяцца ў думцы, што сучасная Беларусь страчвае суверэнітэт і стала часткай Расеі, ад якой ідзе пагроза.
У пачатку другога дня саміту NATO ў Вільні журналісты «Белсату» звярнуліся да кіраўнікоў Польшчы, Латвіі і Эстоніі з пытаннем наконт Беларусі, ці аддзяляюць сёння палітыкі рэжым і грамадзянаў краіны.
Прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас распавяла, што пакуль Лукашэнка будзе кіраваць краінай – Беларусь будзе лічыцца суагрэсарам у вайне, бо яны дзеюць разам з Расеяй. «Так мы гэта разумеем», – заявіла кіраўніца Эстоніі.
Прэмʼер Латвіі Артурс Крыш’яныс Карыньш таксама выказаўся на гэты конт.
«Мы сёння бачым Беларусь як працяг Расеі. Беларусь страціла суверэнітэт. Калі паглядзець на сітуацыю мілітарыстычную, на сітуацыю з санкцыямі, то мы бачым, што Беларусь – гэта частка Расеі», – адзначыў латвійскі палітык.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда распавёў, што падчас сустрэчы ў Вільні закраналі пытанне Беларусі.
«Не было нейкай вялікай дыскусіі ў гэтай справе ўчора. У гэтым кантэксце ўсходняга флангу NATO, будучыні Украіны, пагрозаў для Украіны памятаем, што адной з гіпатэтычных пагрозаў ёсць таксама і патэнцыйная прысутнасць наймітаў з ПВК Вагнэра ў Беларусі. Яны, хто ведае, магчыма будуць служыць таму, каб ствараць чарговыя пагрозы менавіта для Украіны з поўначы», – заявіў кіраўнік Польшчы.
Беларусь мусіць спыніць дапамогу Расеі ў вайне і спыніць варожыя дзеі ў адносінах суседніх краінаў. Заклік да такіх крокаў змешчаны ў выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў – чальцоў NATO. Агулам Беларусь згадваецца ў дакуменце сем разоў.
Алена Аляксандрава belsat.eu