МУС пракаментавала законапраект аб абмежаванні на выезд за мяжу


Начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» пракаментаваў праект закону, які прадугледжвае абмежаванні на выезд за мяжу пэўным групам грамадзянаў. Прадстаўнік МУС запэўніў, што гаворка не «пра масавае абмежаванне нейкіх правоў беларусаў».

«Уводзяцца дадатковыя падставы і абмежаванні права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на выезд за мяжу. Гэта ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі. Але гэта часовыя абмежаванні, яны будуць дзеяць цягам 6 месяцаў», – паведаміў Аляксей Бягун.

Чыноўнік патлумачыў, што права грамадзяніна можа быць абмежаванае, калі ён прыцягнуты за адміністратыўнае парушэнне ў галіне парадку кіравання і «каб забяспечыць спагнанне штрафу».

У дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гаворыцца, што Савет Міністраў прапаноўвае змяніць артыкулы Закону аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і заезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Паводле законапраекту, выехаць за мяжу будзе немагчыма асобам, якім выставілі пазовы ў парадку грамадзянскага судаводства або судаводства паводле эканамічных справаў, службовым асобам прадпрыемстваў-даўжнікоў паводле выканаўчага вядзення, а таксама асобам, выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

Вызначаць гэтую «нацыянальную бяспеку» будуць супрацоўнікі КДБ. Пад абмежаванні трапяць і тыя, у дачыненні каго вядзецца адміністратыўны працэс. Абмежаванні закрануць таксама ўсіх сілавікоў і ратавальнікаў.

Эксперты адзначаюць, што дакумент не адпавядае дзейнаму заканадаўству і парушае асноўны закон краіны.

Аналітыка
Барацьба з іншадумствам і спроба зрабіць жалезную заслону. Навошта ўлады хочуць увесці абмежаванні на выезд за мяжу
2022.07.11 21:22

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў