«Мы – пакаленне свабоды і жадання змяніць свет да лепшага». Зняволеныя па «справе студэнтаў» выступілі з апошнім словам


У новым будынку суда Савецкага і Першамайскага раёнаў 12 ліпеня прайшло апошняе паседжанне па «справе студэнтаў». У другой палове дня абвінавачаныя выступілі з апошнімі словамі. Толькі адзін чалавек адмовіўся ад яго – Ягор Канецкі, студэнт біялагічнага факультэту БДУ.

На акцыю салідарнасці выйшлі студэнты і выкладчыкі БНТУ. 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat

Першым з апошнім словам выступіў Ілля Трахтэнберг. Ён сказаў, што лічыць абвінавачванне абсурдным, а суд павінен сур’ёзна падыходзіць да разгляду фактаў, таму што нават ускосных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было.

«Вы павінны даказаць, што я вінаваты, а не я апраўдвацца», – кажа Ілля Трахтэнберг.

«Бок абвінавачвання просіць пазбавіць мяне волі на 2,5 года. Самае відавочнае тлумачэнне такога абвінавачвання – задушыць пратэстны рух ва ўніверсітэтах. Высокі суд, у мяне ёсць свае перакананні, пра вернасць якіх я разважаць не буду. Я застануся вольным чалавекам, таму што я здольны самастойна думаць і прымаць рашэнні.

Палітзняволены Ілля Трахтэнберг.
Фота: prisoners.spring96.org

Гэта крымінальная справа выключна палітычна матываваная. Я адкрыта выказваў сваё меркаванне, я хацеў пераменаў у сваёй краіне. Калі вы бачыце злачынства ў гэтым, то я гатовы назваць сябе злачынцам», – казаў Ілля Трахтэнберг.

Па словах абвінавачанага, на мехмаце не былі сарваныя заняткі, а на тэрыторыі БДУ ніколі не было міліцыі.

«Я не саромеюся сваіх учынкаў, лічу іх законнымі. Я ўдзячны сваім родным і блізкім, Усім, хто падтрымліваў мяне. Я ні аб чым не шкадую», – пракаментаваў абвінавачаны.

Наступным выступіў Глеб Фіцнер.

Па яго словах, ён цалкам прызнаў віну і раскайваецца ў сваіх дзеяннях. Папрасіў мяккі прысуд.

Палітзняволены Глеб Фіцнер.
Фота: prisoners.spring96.org

Далей выступіла былая выкладчыца БДУІРа Вольга Філатчэнкава, якая адразу гаварыла на беларускай мове.

Вольга дзякуе ўсім блізкім і сябрам, яна рада, што ёй выпаў гонар выкладаць у адным з лепшых ВНУ краіны.

«Цяперашнія студэнты – гэта будучыня нашай краіны. Разумныя, сумленныя, неабыякавыя маладыя людзі. Вельмі шкада, што сітуацыя ў нашай краіне вымушае людзей з’язджаць, для кагосьці назаўсёды, бо застацца ім небяспечна. Прыйдзе дзень, калі мы ўсе будзем жыць у вольнай і шчаслівай краіне», – распавядае Вольга.

У асабістым звароце да дачкі павіншавала яе з надыходзячым Днём нараджэння, сказала, што калі-небудзь абавязкова вернецца да яе.

Наступнай выступіла Анастасія Булыбенка.

Палітзняволеная Анастасія Булыбенка.
Фота: prisoners.spring96.org

«Я – беларуска, і я маю права на свабоду меркаванняў, грунтуючыся на гэтым і імкнучыся зацвердзіць правы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, я правяла за гэта 8 месяцаў у СІЗА. Гэта падзяліла маё жыццё на «да» і «пасля».

Мне 19 гадоў і я далёкая ад палітыкі, я выйшла не супраць улады, я выйшла супраць гвалту, знявагі, беззаконня і хлусні. Я студэнтка, і ў маім разуменні мэта вышэйшай навучальнай установы – магчымасць раскрыць сябе, праявіць ініцыятыву».

«Мы – будучыня, мы – пакаленне талерантнасці, свабоды і жадання змяніць свет да лепшага. Гэта мы», – сказала Наста.

Далей дзяўчына звярнулася да сваёй маці:

«Матуля, ты заўсёды вучыла мяне быць добрай, і я ведаю, што я ўсё зрабіла правільна.

Мне ўсё яшчэ балюча, але мне ўжо не страшна. Я не веру людзям, але я ніколі не перастану верыць у людзей. Я ў зняволенні, але мая свабода ўнутры», – горда сказала Анастасія.

Людзі ў зале былі вельмі кранутыя, многія заплакалі.

Hавiны
«Маіх сяброў забраў КДБ»: гісторыя студэнткі, якая змагла збегчы ад пераследу па «справе студэнтаў»
2021.06.15 07:50

Далей з апошнімі словам павінен быў выступіць Ягор Канецкі, але ён адмовіўся ад такога.

Пасля Ягора з апошнім словам выступіла Таццяна Якельчык.

Таццяна расказвае, што сваімі дзеяннямі ніколі не парушала законы Рэспублікі Беларусь.

«На лаве падсудных цяпер сядзяць таленавітыя і разумныя маладыя людзі, я прашу суд не пазбаўляць нас свабоды. Прашу вынесці адзіны верны прысуд: апраўдальны», – кажа Таццяна.

Наступнай выступіла Кася Будзько.

Дзяўчына ўзгадала, што сёння роўна 8 месяцаў, як яна і яе «змоўшчыкі» знаходзяцца пад вартай і пажадала ўсім фізічных і псіхалагічных сіл і свабоды.

Кася Будзько. Фота з сацыяльных сетак

«За ўвесь гэты час праз мяне прайшло столькі лёсаў і гісторый людзей, што часам нават страшна. Але я люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі, нават праз 8 месяцаў у СІЗА», – адказала дзяўчына.

Кася перадала словы падтрымкі і падзякі сваёй сям’і і сябрам.

Далей з апошнімі словам выступіла Марыя Каленік.

Дзяўчына гаварыла вельмі ціха, але ўпэўнена.

«Для мяне краіна – гэта перш за ўсё людзі. З узростам мы знаходзім свой погляд на пазіцыю. Я ўдзячная сваёй сямʼі, бабулі. Я вельмі люблю сваю Акадэмію мастацтва. Я ўдзячная людзям, якія пішуць і дапамагаюць, пакуль ты знаходзішся ў СІЗА. Салідарнасць людзей, яна ў словах, у лістах. Я зʼяўляюся часткай беларускага грамадства» – пракаментавала Марыя.

Таксама яна выказала словы падзякі ўсім, хто прыйшоў на суд.

Наступнай на судзе выступіла Яна Арабейка.

«Высокі суд, паважаныя «змоўшчыкі» і госці ў зале, сёння спаўняецца роўна 8 месяцаў з дня майго затрымання», – так пачынае Яна сваю прамову.

Дзяўчына кажа, што ў СІЗА пазнаёмілася з вялікай колькасцю выдатных людзей, якім яна вельмі ўдзячная.

«Знаёмым і тым, з кім мы не ведалі адзін аднаго да таго самага лета».

«Хтосьці распавядаў пра спадарожнікі, хтосьці навучыў мяне рабіць маскі з падручных сродкаў, а хтосьці падарыў мне лепшую паштоўку на дзень нараджэння. Я сустрэла шмат людзей, і кожны з іх – гэта надзея на лепшае».

«Маім апошнім словам будзе «Свабода», – скончвае Яна.

Далей выступіла Алана Гебрэмарыям.

Дзяўчына заяўляе, што дагэтуль не разумее, у чым канкрэтна яе абвінавачваюць. Яна ніколі не давала нікому ўказанняў, не размяркоўвала ролі. Ніякім чынам не была звязана з дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Алана Гебрэмарыям.
Фота: spring96.org

«Я не заклікала да парушэння грамадскага парадку. Я сумленна распавяла, як усё было. Перапісвалася з асабістага акаўнту, не хавалася. Я з дзяцінства хацела дапамагаць людзям, паступіла на лекара. Відавочна, я не магу і не павінна адказваць за іншыя ўчынкі, я мірны чалавек. Для мяне важна заставацца чалавекам, я супраць гвалту», – распавядае дзяўчына.

Алана пазнаёмілася з астатнімі абвінавачанымі па справе студэнтаў, акрамя Ксеніі Сырамалот, у СІЗА падчас следства. Характарызуе астатніх выключна як разумных, добрых і таленавітых людзей.

«Яны і я – не злачынцы. Прашу вынесці апраўдальны прысуд за недастатковасцю доказаў. Я ганаруся тым, што я беларуска, і што такіх людзей большасць», – заканчвае Алана.

На пачатку прамовы былая студэнтка БДУ Ксенія Сырамалот падзякавала сваім бацькам:

«Бацькі выхоўвалі мяне не хлусіць і дапамагаць сябрам у бядзе. Яны вучылі мяне, што трэба старанна вучыцца і працаваць, каб стаць добрым чалавекам. Яны выхавалі мяне творчай, спагаднай і добрай сяброўкай – гэта можа даказаць любы. Аднак не знойдзецца доказаў маёй віны па гэтай справе».

Далей Ксенія распавяла пра некалькі прыкладаў недаказанасці яе віны па справе, у тым ліку пра ўдзел у запісу відэа са спасылкамі на Канстытуцыю Беларусі і кодэксы ўніверсітэту.

«Калі вы, Высокі суд, у прыватнасці і Рэспубліка Беларусь, ад імя якой выносіцца прысуд у цэлым, лічыце, што злачынна прытрымлівацца Канстытуцыі, злачынна ня хлусіць, злачынна старанна вучыцца, злачынна дапамагаць людзям, злачынна тварыць, злачынна быць чалавекам – я прыму любы абвінаваўчы прысуд. Я зразумею, што восем месяцаў знаходзілася ў СІЗА і буду паўтара года знаходзіцца ў калоніі за ўсё вышэйназванае».

«Гэта справа паказальна ва ўсім, але я спынюся толькі на адным з аспектаў. Калі ў шпіталі не знойдзецца лекараў, здольных аказаць належную дапамогу. Калі апынецца, што ў школе засталіся толькі тыя настаўнікі, якія бяздумна пераказваюць падручнік. Калі ўсё таленавітыя працаўнікі сферы ІТ будуць выбіраць замежныя кампаніі, а не беларускія. Калі не стане здольных аналітыкаў, архітэктараў, навукоўцаў – ніхто не павінен пытацца, чаму так адбылося. Адказ перад вамі. Ён ва ўсім, што звязана з гэтай справай. Ён у кайданах, ён у запыце абвінавачвання, ён у супярэчлівых паказаннях сведкаў. Ён у тым, што мы наогул знаходзімся тут, хоць павінны вучыцца, развівацца і будаваць лепшую будучыню».

Апошняй выступае Вікторыя Гранкоўская. Дзяўчына падзякавала усім прысутным і родным за падтрымку.

«Падзеі жніўня востра адбіліся на ўсіх нас і бачачы такі гвалт я вельмі баялася за сваё жыццё і жыццё іншых. І я маю на ўвазе не толькі сяброў і знаёмых, але і ўсіх жыхароў Рэспублікі Беларусь. Згодна з артыкулам 33 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў і перакананняў і іх свабоднае выказванне. Але ў мінулым годзе, як і цяпер, у нас вырашылі забраць гэта права.

Палітзняволеная Вікторыя Гранкоўская.
Фота: prisoners.spring96.org

Дадзеная крымінальная справа таму прыклад. Я не была і не буду мерыцца з гвалтам у дачыненні да мірных грамадзян. Закрываць вочы і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку. Мая бабуля, якая знаходзіцца ў зале, заўсёды казала, што нельга цярпець гвалт. Беларусь для мяне – гэта дом, а людзі ў ёй – вялікая сям’я. 2020-ы год паказаў наколькі мы дружны народ».

Далей былая студэнтка распавяла пра сваё затрыманне 1 верасня, калі яе цягнулі двое людзей у чорным, а адміністрацыя ўніверсітэту на просьбу аб дапамозе толькі адказала: мы нічога не можам зрабіць.

«Я ніколі не думала, што буду баяцца людзей у форме, у мяне брат афіцэр. І цяпер калі я бачу іх – мне страшна. І гэта не нармальна».

Дзяўчына звярнула ўвагі суддзі аб недаказанасці віны студэнтаў і заклікала вынесці гуманнае рашэнне ў гэтым працэсе.

Прысуд 12 абвінавачаным павінны абвесціць 16 ліпеня а 11:30.

Нагадаем, што дзяржабвінаваўца запрасіла 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму для ўсіх зняволеных па «справе студэнтаў». Толькі Глебу Фіцнэру, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, запрасілі 2 гады.

Аналітыка
14 траўня ў Менску стартуе суд у «справе студэнтаў». Што важна ведаць пра фігурантаў і працэс
2021.05.13 10:00

АК, АД, belsat.eu

Стужка навінаў