У Светлагорску затрыманыя восем працаўнікоў тэлеканалу «Ранак»


У Светлагорску затрыманыя восем працаўнікоў тэлеканалу «Ранак», паведамляе Telegram-канал «Гомельская вясна». За што дакладна іх схапілі – пакуль не вядома.

Медыякампанія «Ранак». Скрыншот з відэа: RanakMe / Youtube

Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК. Таксама ёсць інфармацыя, што працаўнікоў тэлеканалу будуць судзіць паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»).

Сярод затрыманых Андрэй Ліпскі, Павел Рабко, Марына Бычкоўская, Крысціна (прозвішча невядомае) і яшчэ адна дзяўчына, імя якой не вядомае, – яе адпусцілі, бо яна цяжарная. Кіраўніка тэлеканалу выклікалі ў райвыканкам.

Паводле крыніцы, працаўнікоў медыя затрымалі за падпіскі на суполку «Светлік. Светлагорск» у сацсетцы «Одноклассники», аднак яна не занесеная ў спіс «экстрэмісцкіх».

Сапраўднай прычынай затрымання мог стаць сюжэт пра нядаўні выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінулі тры чалавекі.

Невялікая медыякампанія «Ранак» са Светлагорску ў 1993 годзе была звычайным кабельным тэлеканалам. Цяпер гэта той жа кабельны тэлеканал, FM-радыёстанцыя «Радио «Ранак» і гарадскі інтэрнэт-часопіс ranak.me. З 2014 года яны маюць канал на YouTube, на які падпісаныя 31,8 тысяч чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў