Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 12 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Разбураны будынак ГУМУС у Харкаве пасля наўпроставага трапляння расейскай ракеты. У выніку абстрэлу пацярпеў фасад будынку і цалкам знішчаны дах. Харкаў, Украіна.
Фота: Белсат

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 32 150 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на данецкім і луганскім кірунках асноўныя наступальныя дзеянні расейцаў праходзілі на славянскім, бахмуцкім і севераданецкім кірунках. Па-ранейшаму самая складаная сітуацыя цяпер у Севераданецку, дзе працягваюцца вулічныя баі. Паведамляецца, што ўкраінскія сілы кантралююць больш як траціну гораду – прамысловую частку і прылеглыя кварталы.

Кіраўнік вайскова-цывільнай адміністрацыі Севераданецку Аляксандр Струк заявіў пра амаль бесперапынныя абстрэлы расейцамі заводу «Азот», на якім сярод іншага вырабляюць аміяк. Паводле яго, станам на 11 чэрвеня на заводзе было 560 мірных жыхароў – працаўнікі «Азоту», іхныя сем’і ды іншыя насельнікі Севераданецку. Эвакуяваць іх усіх з прычыны пастаянных абстрэлаў і баёў у горадзе немагчыма. Таксама немагчымая дастаўка ежы і медыкаментаў. Агулам у горадзе застаюцца каля 10 тыс. чалавек з больш як 100 тыс. даваеннага насельніцтва.

Наступствы расейскага авіяўдару па хімзаводзе. Севераданецк, Украіна.
Фота: luhanskaVTSA / Telegram

На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе войскі РФ не вялі наступальных дзеянняў, але актыўна ўжывалі артылерыю і сістэмы залпавага агню.

За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы ў асноўным умацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю сярод асабовага складу. Адзначаецца, што на паўднёвабужскім і харкаўскім кірунках расейцы трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў. Пры гэтым расейцы працягвалі абстрэлы артылерыяй і авіяцыяй украінскіх сілаў па ўсёй лініі сутыкнення.

Разам з тым вайсковы эксперт Алег Жданаў выказаў думку, што ў вышэйшым вайсковым кіраўніцтве РФ назіраецца раскол, цэлы пул вайскоўцаў хоча выйсці з вайны, каб захаваць хаця б частку баяздольнай арміі Расеі для развязання іншых аператыўных задачаў.

Нямецкі танк «Leopard 2 А5». Крыніца: oruzhie.info

Нямеччына не дазволіла Іспаніі перадаць Збройным сілам Украіны 40 танкаў «Leopard 2 А4» нямецкай вытворчасці. Раней Іспанія ўжо адправіла ва Украіну лёгкае ўзбраенне і боепрыпасы.

Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што кіраўнік кампаніі «SpaceX» Ілан Маск перадаў тэрміналы глабальнай спадарожнікавай сістэмы «Starlink» украінскай выведцы.

Паводле ААН, 3,2 млн украінскіх уцекачоў атрымалі ў краінах Еўразвязу статус часовай абароны, які дазваляе жыць і працаваць у ЕЗ. Усяго ж з моманту расейскага ўварвання Аб’яднаная Еўропа толькі паводле афіцыйных звестак прыняла амаль 5 млн украінскіх уцекачоў.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Тэлеграм-канал «Baza» паведаміў, што ў Бранскай вобласці РФ невядомыя ўсталявалі тры выбуховыя прылады, з дапамогай якіх паспрабавалі падарваць нафтаправод «Дружба». Адзін з выбухаў пашкодзіў трансфарматарную падстанцыю з энергаблокам засаўкі нафтаправоду. Яшчэ адзін выбух адбыўся ў месцы, дзе пракладзены кабель, а трэці пашкодзіў супрацьпадкопную трубу. Адзначаецца, што сам трубаправод «Дружба» не пацярпеў, аднак былі пашкоджаныя супрацьпадкопная труба і падстанцыя.

Віцька Кавалак belsat.eu

 

 

Стужка навінаў