Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 12 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 12 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Перон станцыі метро «Герояў Працы» . У ваенны час яна, як і іншыя станцыі метрапалітэна, служыць бамбасховішчам для мірных жыхароў. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Брытанская выведка паведаміла, што Расея выводзіць свае падраздзяленні з Харкаўскай вобласці, паколькі прыярытэтнасць аперацыяў Расеі на Данбасе зрабіла іх уразлівымі для мабільных і вельмі матываваных украінскіх контратакоўчых сілаў. Паводле спецслужбаў Вялікай Брытаніі, выведзеныя з Харкаўскай вобласці сілы пасля ўзмацнення, імаверна, будуць разгорнутыя на ўсходнім беразе ракі Северскі Данец, каб прыкрываць заходні фланг аперацыі ў зоне Ізюму.

На самім Данбасе па стане на 12 траўня расейская армія працягвае атакаваць украінскія пазіцыі. Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулыя содні ў Данецкай і Луганскай вобласцях украінскія вайскоўцы адбілі дзевяць варожых атак, знішчылі восем танкаў, шэсць адзінак баявых браняваных машынаў, пяць аўтамабіляў і адну зенітную сістэму ворага. Таксама знішчаныя 4 беспілотнікі тыпу «Орлан-10».

Параненыя абаронцы «Азоўсталі» у Марыупалі, Украіна.
Фота: kztsky / Instagram

Пры гэтым у ЗСУ прызнаюць, што ў раёне Севераданецка і Рубежнай (Луганшчына) расейскія вайскоўцы дабіліся «частковага поспеху». Застаецца складанай і сітуацыя ў аточаным Марыупалі. Віцэ-прем’ерка Украіны Ірына Вэрэшчук паведаміла, што разблакаваць «Азоўсталь» ваенным шляхам пакуль немагчыма, а абаронцы не жадаюць здавацца. З гэтай прычыны ў якасці першага кроку расейцам быў прапанаваны план абмену цяжка параненых вайскоўцаў на палонных расейцаў. Але дамоўленасці бакі пакуль не дасягнулі.

Тым часам украінскія СМІ паведамляюць, што ўночы 12 траўня Расея страціла яшчэ адзін карабель, які ішоў у напрамку вострава Змяіны. Сцвярджаецца, што на судне ўспыхнуў пажар, пасля чаго экіпаж эвакуявалі, а напалову абгарэлы карабель, верагодна, змог дайсці да Севастопаля. Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра карабель тылавога забеспячэння праекту 23120, якіх у Расеі ўсяго два.

Мультфільм пра затанулы карабель з сімвалам Z «Скарбы затанулых караблёў». Скрыншот: Мультики студии Союзмультфильм / YouTube

Разам з тым страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 26650 чалавек, а за апошнія содні вораг панёс найвялікшыя страты на Курахіўскім напрамку.

Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс заявіў, што неўзабаве Украіна павінна перайсці ў контрнаступленне. На ягоную думку, украінскім вайскоўцам удасца да канца лета адкінуць Расею да межаў, якія яна займала да 24 лютага.

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што ў РФ пачаліся грандыёзныя чысткі ў ваенным кіраўніцтве. Расейскі генерал Валерый Герасімаў быў адхілены ад кіравання Генштабам Узброеных Сіл РФ. У самім войску пачаліся масавыя перастаноўкі і звальненні на ўзроўні кіраўнікоў. Таксама вядома, што быў адхілены ад пасады камандуючы Першай танкавай арміяй, якая ваявала на поўначы Украіны і пад Ізюмам на Харкаўшчыне.

Hавiны
Ён не службовы сабака. Мы даведаліся, хто такі Патрон, якога ўзнагародзіў Уладзімір Зяленскі
2022.05.11 21:46

У Дзяржаўнай службе Украіны па надзвычайных сітуацыях заявілі, што на размініраванне тэрыторыі краіны можа спатрэбіцца 5 – 10 гадоў. Паводле ДСНС, штодня піратэхнікі канфіскоўваюць ад 2 да 5 тысяч выбухованебяспечных прадметаў.

ВК belsat.eu

 

Стужка навінаў