У Берасці распачаўся суд над фігурантам «справы Аўтуховіча» інвалідам Уладзімірам Гундарам


У судзе Маскоўскага раёну Берасця распачаўся разгляд справы над баранавіцкім актывістам, фігурантам так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовым Уладзімірам Гундарам. Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, піша Радыё «Свабода».

У Берасці судзяць баранавіцкага актывіста, інваліда 2-й групы Уладзіміра Гундара. Яго вінавацяць у «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Уладзімір Гундар.
Фота: Радыё “Свабода”

Уладзіміра Гундара затрымалі паводле арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). Але судзяць паводле арт. 366 КК («Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак»). Гэты артыкул былому афганцу інкрымінавалі пасля ператрусу ў ягоным доме. Нібыта актывіст перашкаджаў сілавікам і пагражаў ім.

Судовы працэс над актывістам Уладзімірам Гундарам адбываецца ў закрытым рэжыме. На працэс не пусцілі нават родных актывіста.

«Сілавікі не дазволілі прайсці да залі паседжання са словамі: «Закрытае паседжанне – значыцца закрытае. І няма чаго вам стаяць пад дзвярыма! Чакайце ў фае, калі хочаце. Прыязджалі сведкі, якія былі ў нас падчас ператрусу (30 снежня ператрус у хаце Гундара ладзілі супрацоўнікі КДБ з Менску). Падышлі да мяне, загаварылі, спыталі, як мы жывем?», – кажа Алена Гундар, жонка Уладзіміра.

Паводле адвакаткі актывіста, Уладзімір выглядае нармалёва. Ад учора яму не давалі лекаў, пра што ён напісаў заяву.

Заўтра па справе Уладзіміра Гундара адбудзецца другое паседжанне.

«Справа Аўтуховіча»

Пра затрыманне групы Аўтуховіча сілавікі распавялі 8 снежня. Гарадзенскага прадпрымальніка і актывіста Мікалая Аўтуховіча і ягоных памочнікаў падазраюць у падпале дому міліцыянта ў Валкавыску і падрыве аўтамабіля сілавіка ў Горадні.

Старшыня КДБ Іван Церцель на Усебеларускі народным сходзе заявіў, што масавых ахвяраў здолелі пазбегчы толькі дзякуючы таму, што дзейнасць групаў спынілі на пачатковым этапе. Крымінальную справу распачалі паводле ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму»).

У афіцыйным спісе «тэрарыстаў», які агучылі ў КДБ – 12 асобаў. Іх лічаць паплечнікамі Аўтуховіча. Сярод іх ёсць двое інвалідаў 2-й групы: Галіна Дзербыш і Уладзімір Гундар (у былога «афганца» Гундара ампутаваная нага). Усім гэтым людзям выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу – «акт тэрарызму».

Што зрабілі гэтыя 12 чалавек? Дзяржаўныя СМІ тлумачаць віну некаторых з іх:

Вольга Маёрава адміністравала сацсеткі Аўтуховіча;

Галіна Дзербыш «сачыла за аб’ектам» – імаверна, маецца на ўвазе амапавец Алег Седач;

Віктар Снегур праводзіў Аўтуховіча праз беларуска-украінскую мяжу.

Найбольш парадаксальна выглядае тое, што КДБ абвесціў тэрарыстамі сям’ю Рэзановічаў (у спіс уключаны Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы). Любоў Разановіч – былая прадпрымальніца, яе муж Сяргей – настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне. У доме гэтай сям’і Аўтуховіч жыў некаторы час. Аднак нават у фільме «Тратыл пратэсту» адзначаецца, што «не ўсе з іх ведалі і здагадваліся, што адбываецца», бо Аўтуховіч іх «выкарыстоўваў уцёмную».

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў