Нявызначанасць з вонкавым гандлем стварае нявызначанасць на валютным рынку


У беларускіх банках долар ЗША перакрочыў рысу 2,9 беларускага рубля на куплю і набліжаецца да 3 рублёў на продаж. Адначасова з гэтым беларускі рубель умацоўваецца да расейскай валюты, таму агулам кошык валютаў змяніўся нязначна. Старэйшая навуковая работніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» кажа, што надалей асноўны ціск на беларускі рубель аказвае расейская валюта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: skorchanov / pixabay.com

З пачатку года курс беларускага рубля да долара ЗША знізіўся амаль на 8 %. Цяпер у абменніках долар можна здаць за 2,9 рубля, пры гэтым банкі прадаюць амерыканскую валюту амаль за 3 рублі. Курс расейскага рубля да беларускага з пачатку года знізіўся на 4,56 %.

Даведка

Кошык валютаў – гэта пэўны набор валютаў, у адносінах да якога вызначаецца сярэднеўзважаны курс адной валюты. Выкарыстоўваецца для мінімізацыі рызыкі ад вагання валютных курсаў.

З улікам таго, што ў кошыку валютаў амаль 60 % займае менавіта расейскі рубель, кошык валютаў знізіўся з пачатку года ўсяго на 0,58 %. І гэтыя змены адбыліся ў асноўным коштам ваганняў акурат на расейскім валютным рынку, тэндэнцыі на якім уплываюць на беларускі рынак, кажа ў размове з «Белсатам» старэйшая навуковая работніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Змена кошыку валютаў.
Фота: banki24.by

Тэндэнцыі на расейскім валютным рынку

Экспертка звяртае ўвагу, што цяпер мы назіраем аслабленне расейскай валюты да долара ЗША. Але апошнім часам тэмпы аслаблення запаволіліся. Галоўным чынам на курс расейскага рубля ўплывае стан вонкавага гандлю. А тут сітуацыя ў параўнанні з першым кварталам мінулага года пагоршылася, бо пачаў расці імпарт і знізіліся нафтагазавыя прыбыткі, тлумачыць Настасся Лузгіна.

Пакуль сальда вонкавага гандлю ў Расеі застаецца дадатным, але відаць зніжэнне гэтага паказніку. Адпаведна, на ўнутраным расейскім рынку экспарцёры меней прадаюць валюты, пры гэтым імпарт аднаўляецца. У выніку вырас ціск на курс расейскага рубля. Да таго ж частка замежных інвестараў прадавала свае актывы ў Расеі і выводзіла валюту з краіны. І гэта таксама паўплывала на валютны курс расейскага рубля.

Каментар
Эксперт: Курс рубля зніжаецца, але абвалу на валютным рынку не будзе
2022.12.22 16:24

Што будзе далей з беларускім і расейскім рублём?

Настасся Лузгіна кажа, што і надалей сітуацыя на расейскім валютным рынку будзе ўплываць на курс беларускага рубля. У РФ рынак цяпер у стане нявызначанасці. Складана прагназаваць, якім чынам будуць фармавацца экспартныя і імпартныя плыні ў Расеі. З аднаго боку, цэны на нафту выраслі. Краіны АПЭК+ дамовіліся пра скарачэнне здабычы нафты, што падштурхнула да росту цэнаў на сыравіну. Эксперты кажуць, што ў другім квартале можна чакаць выроўнівання экспарту і імпарту ў Расеі. І гэта будзе станоўча ўплываць на расейскі рубель, ён можа ўмацоўвацца да долара. Адпаведна, беларускі рубель таксама можа ўмацавацца да амерыканскай валюты. Але гэтыя тэндэнцыі пакуль невідавочныя. Як спрацуе вонкавы гандаль Расеі – складана сказаць. Але ў РФ цяпер хутчэй аптымістычныя чаканні, чым песімістычныя.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Жанчына мяняе валюту ў абменным пункце «Тэхнабанку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Унутраныя фактары ўплыву на беларускі валютны рынак

У РФ яшчэ летась гучала, што моцны рубель – гэта даволі кепска для экспарту. Аптымальны ўзровень, на думку расейскіх эканамістаў, у межах 70–80 рублёў за долар ЗША. У Беларусі адным з унутраных фактараў, які ўплывае на курс нацыянальнай валюты, таксама ёсць стан вонкавага гандлю, кажа Настасся Лузгіна. Цяпер, як і ў Расеі, бачна, што сітуацыя пагаршаецца. Сальда вонкавага гандлю надалей застаецца дадатным, прынамсі паводле афіцыйнай статыстыкі за першыя два месяцы 2023 года. Але сальда цяпер нашмат ніжэйшае, чым за аналагічны перыяд летась. Скарачэнне адбываецца коштам таго, што на экспарт паступае ўсё меней паслугаў. Таксама аднаўляецца і імпарт.

«Урад заклаў рост ВУП больш за 3 % у тым ліку за кошт стымулявання інвестыцыяў. Але гэтыя інвестыцыі закладзеныя ў шматлікіх пазіцыях, сярод якіх і інвестыцыйны імпарт. І калі будзе расці сёлета інвестыцыйны імпарт, то паказнікі вонкавага гандлю могуць пагоршыцца. Таксама бачым скарачэнне ІТ-сектару. Што таксама ёсць фактарам рызыкі на валютным рынку Беларусі», – кажа экспертка.

Таксама відаць, што золатавалютныя рэзервы ў нашай краіне не зніжаюцца, у сакавіку таксама не адбылося нейкага пагаршэння. Наадварот, рэзервы павялічыліся. Але як будзе выглядаць сітуацыя ў будучыні – сказаць складана.

Hавiны
ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі можа знізіцца да 4 %. Пры адсутнасці шокаў
2023.03.20 09:55

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў