Ўу-Хань на каранціне і падземны шпіталь у Сірыі. У Менску пакажуць дакументальнае кіно з оскараўскай гонкі


Цэлую праграму дакументальных фільмаў з сёлетніх прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар» пакажуць у Менску. У падборку «Oscars.doc. Намінанты і фіналісты» ўвайшлі два намінанты на ўзнагароду і тры карціны з лонг-ліста. Паказы будуць праходзіць з 14 да 18 красавіка ў кінатэатры «Silver Screen Galileo», а пасля сеансаў стужкі можна абмеркаваць з кінаэкспертамі.

Праект тым больш каштоўны, што і без таго рэдкае на нашым вялікім экране дакументальнае кіно апошнім часам стала імкліва губляць свае традыцыйныя пляцоўкі. Гэтак здарылася з Менскім міжнародным кінафестывалем «Лістапад», летась адмененым на рашэнне Міністэрства культуры. Арганізатары «Лістапада», кампанія «Арт Карпарэйшн», уласна і ёсць аўтарамі «Oscars.doc».

З намінантаў на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, а іх усяго пяць, у праграме пакажуць румынскі палітычны трылер «Калектыў» Александэра Нанаў (Alexander Nanau). Гэта захапляльная гісторыя аб тым, як журналісцкае расследаванне пасля пажару ў бухарэсцкім клубе і дзіўных смерцяў пацярпелых выкрывае карупцыйныя схемы ў сферы аховы здароўя. А пасля з’яўляецца новы міністр, які шчыра намагаецца выправіць сітуацыю, а наўзамен атрымлівае абвінавачванні ў недастатковым патрыятызме.

Яшчэ адзін намінант – карціна «Агент крот» у рэдкім для дакументалістыкі жанры камедыі. У ёй прыватны дэтэктыў Ромула атрымлівае задачу разведаць, у якіх умовах жыве маці заказчыцы ў доме састарэлых. Ромула просіць 83-гадовага недэтэктыва Сэрхіё ўкараніцца ў аб’ект, а той, у сваю чаргу, укараняецца так, што пачынае цікавіцца не толькі ўмовамі жыцця.

З фіналістаў у серыю ўвайшоў унікальны дакумент часу на ўсюдыісную цяпер тэму каронавіруса «76 дзён» – тры аўтары здымалі яго ў шпіталі і на вуліцах кітайскага Ўу-Ханю падчас локдаўну ў студзені мінулага года, калі локдаўны яшчэ не былі мэйнстрымам.

Нашумелы і цяжкі для прагляду фільм «Пячора» пакажа дзіцячы шпіталь пад зямлёй з танэлямі і цэлай сеткай падземных камунікацый у сірыйскай Усходняй Гуце, асаджанай войскамі Асада. Рэжысёр карціны Фэрас Фаяд (Feras Fayyad) у свой час больш за год адседзеў за кратамі за ўдзел ў паўстанні супраць ураду Башара аль-Асада, а ў 2017-м зняты ім у суаўтарстве фільм «Апошнія людзі ў Алепа» быў намінаваны на прэмію «Оскар». У «пячоры» пераважна працуюць жанчыны, і яны маюць справу з безупыннаю плынню параненых.

Нарвежская карціна «Мастак і злодзей» раскажа дэтэктыўную гісторыю пра тое, як злодзей крадзе працы мастачкі з Прагі Барбары Кісілкавай. Яго знаходзяць, Барбара прапаноўвае зрабіць ягоны партрэт, яны збліжаюцца, і гэтыя стасункі пераварочваюць іхныя жыцці.

Пасля прагляду – кіно можна будзе абмеркаваць з праграмным дырэктарам «Лістапада» Ірынай Дзям’янавай ды даследніцай у сферы кіно і аўтаркай кнігі «Дзіцячы сеанс» Марыяй Касцюковіч.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў