Палітычныя ўцекачы могуць разглядаць свае справы ў судах універсальнай юрысдыкцыі


Суды ўніверсальнай юрысдыкцыі могуць дапамагчы беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, змяніць свой статус з падазраваных ці абвінавачаных у крымінальных злачынствах на пацярпелых, пра гэта ў эфіры «Белсату» распавёў палітуцякач Віталь Алейнік.

Жыхар Маладзечна Віталь Алейнік пасля выбараў 2020 года быў вымушаны стаць палітуцякачом і пераехаць у Вільню.

«Я не толькі веру, але і ведаю, што мы даможамся таго, каб тыя, хто датычныя да злачынстваў у Беларусі будуць пакараныя», – заявіў у эфіры «Белсату» Віталь Алейнік.

У межах універсальнай юрысдыкцыі следчыя ў Літве ці Польшчы цалкам вывучаюць матэрыялы крымінальнай справы, гэта даволі доўгі працэс, кажа Алейнік. Але разам з гэтым, у Беларусі ў гэтыя справы ўцягнутыя даволі шмат асобаў, якія парушаюць заканадаўства.

«У прыватнасці па маёй справе фігуруюць больш за 50 службовых асобаў, якія з цягам часу будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Як толькі гэтыя асобы патрапяць у спісы Інтэрполу, гэта будзе над імі вісець не год і не два, а да тога часу, пакуль іх не зловяць і не аддадуць правасуддзю, а злавіць іх могуць у тым ліку і ў Расеі», – кажа Віталь Алейнік.

Каб распачаць справу ўніверсальнай юрысдыкцыі дастаткова звярнуцца ў праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць у Літве ці Польшчы і прадставіць матэрыялы крымінальнай справы, фота і відэа доказы.

Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў Марша герояў на праспекце Пераможцаў у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Крымінальная справа ў Літве

У Літве паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі пачалі крымінальную справу па катаваннях з боку беларускіх сілавікоў. Пацярпелым па справе праходзіць маладзечанец Віталь Алейнік, які раней працаваў у Менску. Менавіта ў сталіцы яго затрымалі 23 верасня – у дзень, калі адбылася таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, што выклікала масавыя акцыі пратэсту, піша Еўрарадыё.

Мужчыну затрымалі на вуліцы Леніна каля кавярні «Дранікі» невядомыя людзі ў аліўкавай форме. Яму заламалі рукі, начапілі сцяжкі і пасадзілі ў машыну. 25 верасня яму прысудзілі 15 сутак.

Арышт ён адбываў у жодзінскай турме, дзе яго збілі дубінкай. Пасля выхаду на волю Алейнік зняў пабоі ў адным з медцэнтраў.

Маладзечанец абскарджваў свой прысуд у Беларусі, дайшоў да Вярхоўнага суда і заявіў яму адвод.

Hавiны
Больш за 1100 беларусаў летась папрасілі статус уцекача ў краінах Еўразвязу
2021.04.12 19:34

АА belsat.eu

Стужка навінаў