Менчукам прыходзяць камунальныя рахункі з міфамі пра нацыянальны сцяг і пра 66,5 % даверу Лукашэнку


Жыхарам Менску прыйшлі дзіўныя рахункі за сакавік. На іх апублікаваныя агітацыйныя матэрыялы пра бел-чырвона-белы сцяг і пра вынікі рэспубліканскага апытання, якое дэманструе высокі ўзровень даверу да Аляксандра Лукашэнкі.

Дзіўную інфармацыю менчукі пабачылі як на папяровых рахунках, гэтак і на электронных плацежках. Напрыклад, на рахунках змешчаныя «міфы пра БЧБ-сцяг». Сярод іншага, абвяргаецца гераічная гісторыя нацыянальнага сцяга, заяўляецца, што «здраднікі з БЧБ-нашыўкамі палілі Хатынь, Азарычы, Олу і яшчэ тысячы беларускіх вёсак», а зрабіць бел-чырвона-белы сцяг дзяржаўным у 1991 годзе прымусілі «дэпутаты-нацыяналісты».

Такія жыроўкі атрымоўваюць беларусы.
Фота: чытачы belsat.eu

Таксама на жыроўках прыводзяцца вынікі апытання грамадскай думкі «Сацыяльнае мысленне».

Аб’ектыў
Хто лічыць рэйтынг Лукашэнкі?
2021.02.11 22:19

Гэтак, адзначаецца, што Аляксандра Лукашэнку падтрымліваюць 66,5 % беларусаў, 72,4 % – не падтрымліваюць пратэстаў, а 57,8 % падтрымліваюць дзеянні дзяржавы для іх здушэння.

У якасці арганізацыі, якая налічвае аплату за жыллёва-камунальныя паслугі, паказаны Адзіны разлікова-даведкавы цэнтр Менску Цэнтру інфармацыйных тэхналогіяў Менгарвыканкаму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў