Не атрымліваецца ў расейцаў абараняць сваю зямлю

Раніца 12 сакавіка выдалася насычанай на падзеі. Толькі ў гэты раз навінавыя загалоўкі мільгаюць назвамі расейскіх гарадоў і аб’ектаў. Дзесяць рэгіёнаў Расеі спазналі атакі ўкраінскіх беспілотнікаў. І не безвынікова.

Камунальныя службы прыбіраюць асколкі ля будынку гарадской адміністрацыі ў Белгарадзе пасля нападу ўкраінскага беспілотніка. Белгарад, Расея. 12 сакавіка 2024 года.
Фота: Emil Leegunov / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Пад Ніжнім Ноўгарадам у Кстова пачаўся пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе «Лукойла» – гэта найбуйнейшае прадпрыемства галіны. Спынілася вытворчасць, якая дае 10% ад агульнага абʼёму паліва на ўнутраны рынак. А на носе пасяўная кампанія. І на фронт для машын і танкаў паліва таксама расейцам вельмі патрэбна.

Адразу ўслед за гэтым пажар ахапіў нафтабазу ў Арле, а яшчэ крыху пазней у Пецярбургу загарэўся двухпавярховы склад, які знаходзіцца праз дарогу ад Паўднёвай ТЭЦ. Міністэрства абароны Расеі заявіла аб тым, што ў некаторых вобласцях украінскія дроны былі збітыя СПА. Гэта адбылося і ў Белгарадскай, і Варонежскай, і ў Тульскай, і ў Ленінградскай вобласцях. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў аб беспілотніку, збітым на падлёце да Масквы.

Як бачым, геаграфія ўдараў беспілотнікаў па расейскіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах і сховішчах пашыраецца.

Да гэтага ўдары былі нанесены па шасці такіх абʼектах. Сёння ўкраінскія ўлады афіцыйна датычнасць да ўдараў па расейскіх паліўных прадпрыемствах пакуль не пацвярджалі, але і не аспрэчвалі.

Невядома, ці выпадкова атака дронаў супала з уварваннем на тэрыторыю Курскай і Белгарадскай абласцей дыверсійных груп, якія складаюцца з расейскіх грамадзян. Сярод іх легіён «Свабода Расеі» і «Сібірскі легіён, пра які пакуль нам нічога не вядома.

Байцы гэтых атрадаў размясцілі ў сетцы ролікі баёў, спалучаных з уварваннем. Каля вёскі Цёткіна ў Курскай вобласці ішоў сапраўдны бой, гучалі аўтаматныя чэргі. Быў нават падбіты БТР. На роліку дыверсанты патлумачылі, што іх галоўная мэта – вызваленне Расеі ад кіруючых вярхоў. Яны запэўнілі сваіх суграмадзян, што будуць змагацца за іх свабоду такім спосабам, калі няма іншай магчымасці зрынуць дыктатарскі рэжым. У склад гэтых груп уваходзяць грамадзяне Расейскай Федэрацыі.

Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны пракаментавала даволі коратка гэтую падзею «24 каналу»: пералічаныя фармаванні «дзейнічаюць як самастойныя падраздзяленні, паколькі складаюцца з грамадзян Расеі. Верагодна, зараз адбываецца сумесная аперацыя дадзеных падраздзяленняў».

Hавiны
Атака беспілотнікаў на Белгарад: ёсць «прылёт» у гарадскую мэрыю
2024.03.12 17:11

Фармаванні «Свабода Расеі» і РДК ваююць на баку Украіны і яны не раз заяўлялі аб дыверсійных вылазках. Расейскія ўлады гэта не адмаўлялі.

Вось і сёння губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт у кароценькім відэа заявіў, што ноч «выдалася неспакойная», сказаўшы пра атаку дронамі. І толькі потым дадаў, што «з раніцы ідзе абстрэл населенага пункта Цёткіна». Сказаў, што была спроба з боку ДРГ прарвацца, але нібы ніякага прарыву не было.

У тое, што спроба не ўдалася, цяжка паверыць. Дастаткова ўспомніць, што і да гэтага атрады з расейцаў не раз прарываліся на тэрыторыю, а ўжо пра сумна вядомы Марш пад кіраўніцтвам кухара Пуціна Прыгожына, ведаюць нават дзеці. Вось там быў і праўда прарыў са збітымі верталётамі, стральбой, тэхнікай… І, дарэчы, таксама суайчыннікаў. За час вайны менавіта насельніцтва Белгарадскай, Варонежскай і Курскай абласцей адчулі на сабе водгаласы знешняй палітыкі пуцінскага кіраўніцтва.

Легіён «Свабода Расеі» заявіў аб поўным кантролі над сялом Цёткіна. У паведамленні гаворыцца, што «армія імкліва пакідае пасёлак, пакідае ззаду пазіцыі і кідае цяжкую тэхніку».

Сёння перастрэлка ішла пад Грайваранам Белгародскай вобласці. Ды і па самім будынку адміністрацыі Белгараду ўдарыў беспілотнік. У будынку выбіты вокны. Чалавечых ахвяр няма. Пра гэта, заікаючыся, паведаміў губернатар Вячаслаў Гладкоў. Ён таксама паінфармаваў, што пад абстрэл патрапіў і горад Шабекіна. Там ёсць пацярпелая жанчына. У яе асколачнае раненне твару.

У Шабекіне пашкоджаны шэсць прыватных домаўладанняў, будынкі магазіна, цэнтральнага раённага шпіталю, дзіцячага сада і тэхнікуму. А ля чыгуначнага вакзалу беспілотнік упаў на дах гандлёвага цэнтра. Абышлося без ахвяр. У сяле Кубіна ў адным доме шкло разбіта і крыху разбураны хлеў. У Барысаўцы ў адным доме таксама разбіты вокны і пашкоджана дарожка школьнага стадыёна. Ці ёсць сэнс параўноўваць такія «страты» з тымі, якія адбываюцца на тэрыторыі Украіны, калі ідуць атакі расейскіх беспілотнікаў?

У той жа час Міністэрства абароны Расеі заявіла, што раніцай у аўторак сілы СПА збілі над Белгарадскай вобласцю ўкраінскую ракету комплексу «Кропка У2» і восем рэактыўных снарадаў рэактыўнай сістэмы залпавага агню RM-70 Vampire.

ФСБ у сваю чаргу паведаміла, што ўсе атакі дыверсантаў адбітыя і знішчаны чатыры адзінкі іх тэхнікі. Падумаць толькі: на трэцім годзе вайны дыверсантыз боку Украіны ездзяць сабе праз мяжу на танках і хоць бы што.

Чарговы раз засведчана, што расейскія вайскоўцы зусім не здольныя абараніць сваю тэрыторыю на мяжы з Украінай.

Самае галоўнае пытанне сённяшніх падзей, якія разгарнуліся на тэрыторыі Расеі: што даюць такія масіраваныя напады беспілотнікаў? Хутчэй за ўсё іх галоўная задача ня толькі дасягнуць тых мэтаў, якія яны сёння дасягнулі, а, як мага хутчй выбудаваць карту размяшчэння СПА Расеі.

Мы ўжо пераканаліся, што межы «матухны Расеі» ахоўваюцца так сабе. Сітуацыя ў небе сведчыць, што і там справы ідуць не вельмі. Беспілотнікі пранікаюць туды, куды накіраваны, і ўсё ж далятаюць да мэтаў.

А, калі гэта будуць не пераробленыя самаробкі, а найноўшыя беспілотныя сістэмы з элементамі штучнага інтэлекту? А, калі іх яшчэ можна будзе выкарыстоўваць цэлымі «раямі»?

Масіраваны налёт на некалькі абласцей дазволіць перазагрузіць сістэмы СПА і такім чынам дасягнуць хаця б аднаго стратэгічна важнага трапляння. Як вось з гэтым Кстоўскім НПЗ. А калі такія налёты будуць кожны дзень? Не так ужо і шмат трэба – крыху больш за 36 тысяч ударных дронаў у год. А тут яшчэ і Вялікабрытанія заявіла пра пастаўкі найноўшых беспілотных сістэм. Ну павінна ж неяк усё наладзіцца. Сённяшняя раніца ўзняла настрой людзям, таму што намецілася светлая перспектыва. Добра было б, каб апраўдаліся надзеі на хуткі мір.

Hавiны
Расейскія добраахвотнікі заявілі пра захоп паселішча ў Курскай вобласці
2024.03.12 15:54

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў