Лукашэнка накіраваўся з візітам у Іран. Што будзе там абмяркоўваць


Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з візітам у Іран. Будзе абмяркоўваць гандлёва-эканамічную супрацу, паведамляе БелТА. Тым часам у дзвюх краінаў ёсць супольныя інтарэсы на рынку зброі ды боепрыпасаў і ў гандлі падсанкцыйнымі калійнымі ўгнаеннямі.

Самалёт Лукашэнкі 12 сакавіка накіраваўся з Менску ў Тэгеран.
Фота: БелТА / belta.by

12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пачаў афіцыйны візіт у Іран, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам краіны Эбрагімам Раісі. Паводле афіцыйных крыніцаў, у парадку дня двухдзённага візіту – інтэнсіфікацыя гандлёва-эканамічных стасункаў. У Іране Лукашэнка таксама плануе сустрэцца з першым віцэ-прэзідэнтам Магамадам Махбэрам, старшынём Сходу ісламскага савету Магамадам Багэрам Галібафам і вярхоўным лідарам Ірану Алі Хамэнэі.

«Галоўнай тэмай перагавораў у Тэгеране стане развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносінаў з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Сустрэча прэзідэнтаў пройдзе ў вузкім і пашыраным складах з удзелам чальцоў дэлегацыяў. Бакі абмяркуюць рэалізацыю праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і лагістыкі. Асобная ўвага будзе нададзеная сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце агулам», – паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

Супраца ізгояў у няпростай геапалітычнай сітуацыі

Пасол Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў расказаў БелТА, што да актывізацыі супрацы Беларусі з Іранам падштурхоўвае складаная геапалітычная абстаноўка. Дыпламат лічыць, што Менск гатовы ўмацоўваць з Тэгеранам палітычны дыялог, гандлёва-эканамічныя сувязі і супольныя інвестыцыйныя праекты.

«У складанай геапалітычнай абстаноўцы Беларусі і Ірану ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў у развіцці двухбаковага гандлю і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Гэта пацвярджаюць і статыстычныя даныя. Па выніках 2022 года тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас больш як у тры разы», – расказаў Дзмітрый Кальцоў.

Паведамляецца, што апошняя сустрэча Лукашэнкі і Раісі адбылася 16 верасня 2022 года, на палях саміту ШАС у Самаркандзе, калі яны дамовіліся правесці «рэвізію двухбаковых стасункаў».

Аднак у грашовым выражэнні эканамічная супраца даволі сціплая: Іран у шостым дзясятку гандлёвых партнёраў Беларусі паводле аб’ёмаў, і што экспарт, што імпарт – у аб’ёмах усяго толькі дзясяткаў мільёнаў долараў.

Аналітыка
«Нічога не стрымлівае, каб прыхавана весці справы». Як санкцыі і зброя збліжаюць Беларусь і Іран
2022.11.23 08:35

Пачаўшы дыпламатычныя стасункі ў 1993 годзе, праз трыццаць гадоў дзве краіны маюць на сусветнай палітычнай арэне рэпутацыю ізгояў, да якіх краіны Захаду увесь час стасуюць санкцыі, паступова павялічваючы іх спіс. Рэжым у Тэгеране і рэжым у Менску застаюцца апошнімі саюзнікамі Расеі ў вайне супраць Украіны і сусветнай кааліцыі з больш чым 50 краінаў. Іран пастаўляе Расеі дроны-камікадзэ, якія нішчаць цывільнае насельніцтва і інфраструктуру Украіны.

18 лістапада 2022 года ўкраінская выведка апублікавала звесткі, з якіх вынікае, што Менск прапрацоўвае з Тэгеранам наладжванне на тэрыторыі Беларусі вытворчасці артылерыйскіх і рэактыўных боепрыпасаў сярэдняга і вялікага калібру. Расея сутыкнулася з дэфіцытам боепрыпасаў для гарматаў і сістэмаў залпавага агню калібрам ад 122 да 300 мм, бо актыўна іх расходуе для абстрэлаў Украіны і не паспявае папаўняць запасы.

Менск і Тэгеран таксама завязаныя ў ланцугу паставак беларускіх калійных і азотных угнаенняў, якія з-за міжнародных санкцыяў і вайны Беларусь не можа пастаўляць ранейшымі маршрутамі праз Літву і Украіну. 11 кастрычніка 2022  года стала вядома пра пастаўкі беларускіх угнаенняў з Беларусі праз расейскую Астрахань, Каспійскае мора, тэрыторыю Ірану і далей праз іранскі порт Бандар-Абас у Індыйскі акіян. Тады ж стала вядома і аб прапрацоўванні пытання аб выкарыстанні крыптавалютаў замест долара і еўра для абыходу санкцыяў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў